Знайсці
19.02.2019 / 09:181РусŁacБел

Найлепш купляюць кнігі Алексіевіч: якую літаратуру купляюць у букіністычных крамах

Калі звычайныя кнігарні працуюць па формуле «кніга — чалавек», то букіністычныя трымаюцца на прынцыпе «людзі — кнігі — людзі». Карэспандэнт «Звязды» ацаніла фінансавыя, экалагічныя і сацыяльныя перавагі такога падыходу.


Не толькі дзеля грошай

Сярэдзіна месяца, тры гадзіны дня. Шырокі тратуар на праспекце Незалежнасці поўнасцю перакрыты шчыльнай людской чаргой. Пенсіянеры, інтэлігентныя мужчыны, маладыя мамы і нават пара студэнтаў выстраіліся быццам па дэфіцытныя прадукты ў 90-я гады. Вось толькі сённяшні натоўп жадае не ўзяць, а аддаць. І не ежу, а кнігі.

У цеснае службовае памяшканне «Букініста» ўваходзяць па двое. Акурат каля дзвярэй іх сустракаюць дзве пары строгіх вачэй у акулярах.

— Спіс, калі ласка, — працягвае руку адна з прыёмшчыц — Таццяна Місюль.

— Які спіс? Я вам так раскажу, што ў мяне ёсць, — парыруе жанчына ў шэрым паліто.

— Не, так справа не пойдзе. Калі хочаце здаць нам літаратуру — будзьце гатовыя патраціць час. Перш чым выграбаць з палічак непатрэбныя кніжкі і цягнуць іх у краму, складзіце падрабязны спіс з іх апісаннем. Пазначце назву, імя аўтара, выдавецтва і год выдання. 15-га чысла кожнага месяца з «каталогам» трэба падысці ў краму. Выстаяць немаленькую чаргу, бо ахвотных пазбавіцца «духоўных скарбаў» заўжды шмат. Калі што-небудзь з прапанаванага нас зацікавіць, выдадзім талон на наступны месяц. І толькі ў прызначаную дату і час можна будзе прывезці кнігі. Заўважаю: не ўсе адразу, максімум — 24.

— Складана…

— Проста толькі ў пункце прыёму макулатуры: прыйшоў, пакінуў і пайшоў, — падсумоўвае Таццяна Міхайлаўна.

Амаль усе, хто ўваходзіць, сапраўды трымаюць у руках спісы — раздрукаваныя на прынтары ці напісаныя ад рукі. У кагосьці яны вялікія — на некалькі старонак, у кагосьці сціплыя — умяшчаюцца ў некалькі радкоў. Спрабую зазірнуць у іх: мужчына з элегантна павязаным шалікам прапаноўвае замежную літаратуру на мове арыгінала, бабуля ў пуховай хустцы мае скарб у сотню кніг, якія можна аб'яднаць пад назвай «альтэрнатыўная медыцына», зусім юная дзяўчынка спрабуе здаць савецкую класіку, якая была выдадзеная гадоў за дваццаць да яе нараджэння.

Маладая жанчына ў пухавіку працягвае невялічкі спіс. Другая прыёмшчыца — Ірэна Гаўрыльчык — прабягаецца па ім вачыма і канстатуе:

— Па Бенджаміне Споку (амерыканскі педыятр і пісьменнік) зараз дзяцей ніхто не выхоўвае. Навейшага нічога няма?

— А можа, вам казкі прынесці? Браты Грым, Андэрсен.

— Калі выданні 80—90-х, то не трэба.

— Як не трэба? Вы павінны прыняць мае кнігі, — не супыняецца жанчына.

— Іх ніхто не купіць, — спакойна адказвае Ірэна Францаўна. — Калі вы не хочаце выкідаць іх на сметнік і здаваць у макулатуру, то паспрабуйце аддаць у сацыяльныя ўстановы, шпіталі…

Аднак многія тут — пастаянныя здатчыкі крамы. Яны добра ведаюць правілы прыёму і не носяць сюды тое, што не карыстаецца попытам. Хто гэтыя людзі і чаму пазбаўляюцца ад кніг?

— У асноўным гэта інтэлігенцыя, якая жыве ў цэнтры, — інжынеры, прафесары, мастакі. Ёсць жанчына, у якой памёр муж. Ён быў выкладчыкам матэматыкі і паралельна цікавіўся філасофіяй. У свой час набываў усе навінкі, з камандзіровак кнігі чамаданамі вазіў. Цяпер, калі бібліятэка засталася без гаспадара, няма сэнсу трымаць яе ў кватэры. Шмат універсітэцкіх выкладчыкаў, якія сваё адпрацавалі. Зрок сапсаваўся — чытаць немагчыма, — расказвае спадарыня Таццяна.

Ёсць сярод здатчыкаў і так званыя перакупшчыкі. Яны вышукваюць у інтэрнэце і газетах аб'явы «Аддам/Прадам кнігі». Ездзяць па кватэрах і дамах, набываюць менавіта тыя экзэмпляры, якія будуць запатрабаваныя ў букіністычных крамах.

Кі­шэн­ны Ко­лас абы­дзец­ца ўся­го ў 3,5 руб­ля.

— Бяруць, напрыклад, за рубель, а ў нас могуць за гэта атрымаць 5 ці 10. Але ж трэба паездзіць, пашукаць, пасля тут у чэргах пастаяць, — дзеліцца Ірэна Францаўна.

Пастаяннымі тут бываюць не толькі здатчыкі, але і пакупнікі.

— Прыязджае з Віцебска выкладчык і скардзіцца на новыя дапаможнікі. Кажа, што нават сам у іх разабрацца не можа. Што ў такім выпадку ад студэнтаў патрабаваць? Іншая справа — кнігі, напісаныя яснай мовай, без «вады» і вывераныя часам.

Усе супрацоўнікі «Букініста» адзначаюць прыцягальнасць крамы. Кажуць, у параўнанні са звычайнымі яна больш жывая. Кнігі тут ніколі не стаяць на паліцах «мёртвым грузам». Асартымент аднаўляецца штодзень: каля 300 штук прыносяць, 150—200 прадаецца. Калі тры месяцы тавар застаецца незапатрабаваны, яго вяртаюць уладальніку.

— Нечытаючых людзей няма ні сярод здатчыкаў, ні сярод пакупнікоў, — кажа загадчыца кнігарні Вольга Лапцёнак. — Думаеце, кніжкі нясуць толькі дзеля грошай? Гэта не заўсёды выгадна, дарэчы. Ёсць у нас квітанцыі і на 400 рублёў, але ёсць і на шэсць. Камусьці проста шкада выкідваць у макулатуру, камусьці дома сумна. Шмат адзінокіх у нашай чарзе. Яны пакуль пастаяць, перазнаёмяцца і пагавораць пра тое-сёе.

Нясіце беларускае

Разабраўшыся са здатчыкамі, Ірэна Францаўна ўцягвае мяне ўглыб гандлёвай залы — да яе любімых вітрын з антыкварыятам.

Ірэ­на Гаў­рыль­чык пра­цуе з ан­ты­ква­ры­я­там 40 га­доў.

— Я марыла быць побач з кнігамі з самага дзяцінства. У бібліятэцы была запісаная на двух абанементах, пастаянна бегала ў кнігарню, дзе працавала мама маёй сяброўкі. Дома такі запал да чытання падтрымлівалі, але не былі ўзрадаваныя маімі планамі паступаць у тэхнікум на кніжнага таваразнаўца. Хацелі, каб я ва ўніверсітэце вучылася. Дзеля мары прыйшлося падмануць маму і сказаць, што іспыты ў ВНУ я праваліла, — усміхаецца суразмоўніца. — Пасля ўсё роўна скончыла гістфак БДУ, але ўжо сорак гадоў працую ў кніжным гандлі — «Светач», «Мастацтва», «Вянок», «Букініст». Самы цікавы перыяд работы быў у «Вянку» з антыкварнымі выданнямі ХVІІІ — ХІХ стагоддзяў. Цяпер такія экзэмпляры прыносяць рэдка, але паказаць ёсць што…

Жанчына адкрывае шкляныя дзверцы і дастае важкі фаліянт. «Р. Браунсъ. Царство минераловъ» значыцца на вокладцы. Акуратна гартаем пажоўклыя старонкі і заўважаем каляровыя ілюстрацыі — нядрэнна для выдання 1906 года. Праўда, цана кусаецца — 1200 рублёў.

«Як у букіністычным разлічваецца кошт кніг?» — пытанне, якое хвалюе многіх.

— У нас ёсць каталог з цэнамі на момант выдання, ад яго і адштурхоўваемся. Зразумела, улічваем узрост кнігі, стан, курс долара. Нічога звышнатуральнага.

Хаваючы адзін рарытэт, Ірэна Францаўна следам дастае іншы. «Сочинения» Р. П. Данілеўскага 1872 года з аўтографам аўтара. Маюцца тут і «Минские епархиальные ведомости» стогадовай даўніны.

— Разыходзяцца яны хутка — на падарункі. Увогуле, беларускай літаратуры нам не хапае. Сёння, напрыклад, аніводнага спіса з ёй не было. Некаторыя думаюць, што гэта не запатрабавана. Хоць моладзь пастаянна круціцца каля палічак з нашымі аўтарамі. У топе — творы Святланы Алексіевіч. Забіраюць як навейшыя на рускай мове, так і беларускамоўныя выданні 90-х.

За 113 га­доў ца­на на М. В. Го­га­ля з 4 ка­пе­ек вы­рас­ла да 35 руб­лёў.

Беларускі «куток» у літаральным сэнсе такім і з'яўляецца. Вока чапляецца за серыю «Памяць». Тры кнігі — Брэст, Чавускі і Мядзельскі раёны.

— На такія ў нас нават замовы бываюць. Мінчане хочуць мець дома кнігу пра малую радзіму.

Рухаемся далей. На паліцах з дзіцячай літаратурай — адразу па некалькі аднолькавых кніг пра Гары Потэра. «Размятуць, не паспееце маргнуць!» Вялікі аддзел сучаснай фантастыкі і фэнтэзі акупавалі маладыя, да яго не падступіцца. Непадалёку ляжаць некранутыя (нават у плёнцы!) раманы Віктара Пялевіна апошніх гадоў. Толькі каштуюць яны рублёў на 10 танней, чым у звычайнай краме.

Каля класікі — ні душы.

— Але пазбавіцца ад яе мараць многія. Праўда, прымаем мы не ўсё. З задавальненнем бяром кнігі маскоўскіх выдавецтваў 50—70-х гадоў. Якасная папера, бездакорная рэдактура, цікавыя ілюстрацыі і… невялікія тыражы, — распісвае пажаданы тавар Ірэна Францаўна. — Рускую класіку рэгулярна купляюць замежныя студэнты, каб вывучыць мову. Бывае, нават цэлымі групамі да нас прыходзяць і выносяць цэлымі паліцамі. Нашых студэнтаў знойдзеце каля вучэбнай літаратуры. Тэхніка, матэматыка, фізіка, філасофія, гісторыя — вось, што ім трэба. Мы знаходзімся побач з БДУІРам і БНТУ, таму і стараемся складаць асартымент у адпаведнасці з іх пажаданнямі. Той жа новы «Даведнік канструктара-машынабудаўніка» Анур'ева ў трох кнігах каштуе не менш за 300 рублёў, у нас — 10—15. Згадзіцеся, выгадна?

Ганна Курак, Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031