Знайсці
18.02.2019 / 20:4411РусŁacБел

Што адбылося ў Ружанах, дзе бярвенне насмерць прыціснула бабулю і немаўля

Вуліцу Косаўскую ў гарадскім пасёлку Ружаны мясцовыя называюць «бядовай». Кавалак гарадской дарогі — частка трасы Р44 Гродна-Івацэвічы. Круглы год па асфальтаванай дарозе туды-сюды ганяюць фуры, лесавозы возяць бярвенне на Івацэвічы, а ў сезон караванамі ходзіць буйнагабарытная сельскагаспадарчая тэхніка. Трафік вялікі, а тратуараў няма, як і пешаходных пераходаў, паведамляе Tut.by.

17 лютага на вуліцы Косаўскай бярвенне з прычэпа насмерць прыціснула 44-гадовую жанчыну і яе 6-месячную ўнучку.

Хата, каля якой адбылася аварыя.

ДТЗ адбылося за 2 хвіліны хады ад галоўнай славутасці Ружан, Палаца Сапегаў. Паблізу яго учора праехаў кіроўца МАЗа, які вёз лес у бок Івацэвічаў. На скрыжаванні ён працягнуў рух па галоўнай вуліцы Косаўскай, але праехаў літаральна некалькі метраў — і прычэп перакуліўся. Бярвенне звалілася на пешаходаў, якія ішлі, як паведамляла ДАІ, па краі дарогі яму насустрач. Пад заваламі загінула 44-гадовая жыхарка Ружан Лідзія і яе 6-месячная ўнучка Ева. 25-гадовая мама малой Вікторыя атрымала цяжкія траўмы, але выжыла. Яна апрытомнела, але ўсё яшчэ пад наглядам медыкаў раённай бальніцы.

Першымі на дапамогу пацярпелым кінуліся жыхары суседніх дамоў.

Вуліца Косаўская без тратуараў.

Да кучы бярвення падбеглі мясцовыя — паспрабавалі выцягнуць пацярпелых з-пад завалаў.

— Там недалёка жыве хірург, ён падбег. Мужыкі ўзялі бензапілы і сталі рэзаць бярвенне, каб дастаць людзей. Дасталі малога, паклалі — дзіця было ўжо мёртвае. Потым дасталі астатніх.

Аляксандр — адзін з тых, хто дапамагаў ратаваць сям'ю. Ягоны дом знаходзіцца за некалькі метраў ад скрыжавання.

— Я пачуў грукат, паглядзеў у акно, убачыў, што прычэп МАЗа лёг на бок, — распавядае мужчына. — Потым выбег кіроўца да бярвення, крычаў: «Там людзі». Бярвенне вялікае — не падняць. Мы з мужыкамі паспрабавалі — ніяк. Я ўзяў бензапілу, прыбег, пачалі распілоўваць. Дачку (жанчыны, што загінула — Рэд.) ударам адкінула. Яе хутка дасталі, яна была прытомнай. Кіроўца крычаў, што там яшчэ ёсць людзі і калыска. Пад бярвенне зазірнуў — убачыў руку. Жанчыну прыціснула бярвеннем да плота. Спілавалі плот, дрэвы, якія побач стаялі — і толькі тады дасталі і яе, і дзіця. Яны разам былі. З намі як раз быў хірург. Ён паглядзеў — загінулі.

Пацярпелую 25-гадовую Вікторыю забралі ў хуткую. Яна не разумела, што адбылося. Відавочцы звязаліся з яе бацькам і распавялі пра здарэнне.

— Ён прыбег. Кіроўца МАЗа сядзеў у кабіне, я яго да сябе забраў — бацька загінулай крычаў: «Я яго заб'ю, дайце яго сюды». Адвёў кіроўцу да міліцыі, папрасіў забраць на ўсялякі выпадак. Мужык у шоку быў. Сядзеў, плакаў… Кажуць, перавышэння ў яго не было: прыязджалі яго начальнікі і па навігацыі праверылі. Што там адбылося, невядома. Можа быць, перагруз, і на павароце прычэп перакуліла, — мяркуе Аляксандр.

Паводле яго слоў, сям'я ішла па краі дарогі, а каля скрыжавання жанчыны сышлі на абочыну.

Вялікагрузы возяць лес па вуліцы Косаўскай ў напрамку Івацэвічаў.

Па словах мясцовых жыхароў, бабуля з дачкой і ўнучкай ішлі насустрач лесавозу, гэта значыць па вуліцы Косаўскай да цэнтра Ружан. Дарога з'яўляецца часткай рэспубліканскай трасы Р44. Гарадскі ўчастак вуліцы тратуарамі не абсталяваны. Людзі вымушаныя хадзіць па вузкай абочыне. Больш за тое, перад скрыжаваннем з вуліцай Урбановіча, дзе і адбылося ДТЗ, дарога віхляе і ідзе ўверх.

— Гэта скрыжаванне вельмі небяспечнае. Колькі разоў паднімалі пытанне з ім. Тут жа і дзеці ходзяць у школу. І нічога няма. Знак паставілі «40» і ўсё, — патлумачыла Надзея.

Старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Манчык на пасадзе з сакавіка мінулага года. Паводле яе слоў, за гэты час зваротаў ад мясцовых жыхароў наконт Косаўскай вуліцы да іх не паступала:

— У нас у рамках падрыхтоўкі і правядзення «Дажынак-2019» прадугледжана ўладкаванне велапешаходнай дарожкі як раз на гэтым участку, дзе адбылося ДТЗ. Там, ад вёскі Паўлава, тратуар ёсць, але рэзка абрываецца каля Косаўскай вуліцы.

Па словах чыноўніцы, пасля аварыі ў Ружаны прыязджалі прадстаўнікі «Івацэвічдрэва», куды везлі бярвенне. Яны сустрэліся з сям'ёй загінулых і з гаспадыняй дома, у якой знесла частку плота.

— Прыехалі абмеркаваць пытанне з кампенсацыяй выдаткаў на пахаванне і плот.

Аксана Уладзіміраўна кажа, што для пасёлка здарэнне стала шокам. Сям'я пацярпелых на добрым рахунку. Загінулая 44-гадовая Лідзія займалася прадпрымальніцтвам, валодала крамай. Яе муж працуе ў сферы грузаперавозак. 6-месячная Ева ў 25-гадовай Вікторыі была адзіным дзіцём.

55-гадовы кіроўца МАЗа характарызуецца як вопытны спецыяліст — да лесавоза вадзіў фуры. Цяпер яго затрымалі. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Вядома, што ў момант ДТЗ ён быў цвярозы.

У Пружанскім райвыканкаме таксама не змаглі ўспомніць, ці паступалі да іх звароты ад жыхароў Ружанаў наконт вуліцы Косаўскай.

Ці былі пісьмовыя звароты да мясцовых улад наконт вуліцы ад жыхароў, Tut.by так і не змог высветліць.

У сваю чаргу «Радыё Свабода» паведамляе, што зварот да Пружанскага райвыканкама з просьбай пабудаваць тратуары і пешаходны пераход на вуліцы Косаўскай быў накіраваны яшчэ ў 2015 годзе.

Тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Кудравец адказаў, што «ўладкаваць пешаходную дарожку не ўяўляецца магчымым», бо «не будуць забяспечаны патрабаванні бачнасці паверхні праезнай часткі і бакавой бачнасці».

Пытанне адносна ўладкавання пешаходнага пераходу ўлады абяцалі «дэталёва прапрацаваць у жніўні 2015 году з прадстаўнікамі ДАІ Берасцейскага УУС».

У жніўні 2015 году прыйшоў чарговы ліст за подпісам Мікалая Кудраўца. У ім гаварылася, што пытанне наконт пераходу знаходзіцца «на кантролі ў райвыканкаме». Пасля быў яшчэ адзін адказ, у якім гаварылася, што «згодна з праектам арганізацыі дарожнага руху на аўтадарозе Р-44 уладкаванне пешаходнага пераходу на дадзеным участку не прадугледжваецца».

Святлана жыве на той самай вуліцы Косаўскай, дзе здарылася страшнае ДТП. Пад бярвёнамі, якія зваліліся з «МАЗа», загінулі яе суседка Лідзія са сваёй унучкай Евай.

«Мы разам займаліся гэтымі пытаннямі, і па іроніі лёсу менавіта яна загінула на гэтай дарозе. Я была там учора, калі яны ўжо ляжалі. А дачку яе Віку забралі ў раённую бальніцу. Выпішацца Віка — яна ўсё раскажа, бо была ў прытомнасці», — кажа Святлана.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031