Знайсці
16.02.2019 / 22:231РусŁacБел

Паліна Рэспубліка распавяла, як на «Х-фактары» яе спрабавалі вывесці на эмоцыі

Гераіняй новага выпуску «Току» з Адар'яй Гуштын стала спявачка Паліна Рэспубліка, якая ў 2018-м паўдзельнічала ў рэйтынгавым украінскім шоу «Х-фактар».

Скрыншот з выступу Паліны на «Х-фактары».

— Раскажы, якая ўвогуле кухня у шоу. Ёсць тое, што бачаць гледачы, але наколькі гэтая карцінка адпавядае рэальнасці?

— Што тычыцца пачатковых кастынгаў — я была вельмі моцна ўражаная. Тое, што адбываецца там, — гэта тое, што паказваюць па тэлевізары. Мне здавалася, што ўсе гэтыя людзі — акцёры. Што такіх фрыкаў не можа быць, што не можа быць такога хвалявання. Але калі ты знаходзішся там — там насамрэч тая атмасфера, якую ты пасля бачыш у кадры.

Напрыклад, чаму ў гэтым годзе Х-фактар моцна змяняе фармат? Калі ў мінулым годзе ўсё пачыналася з 12 прамых эфіраў, то зараз 10 эфіраў было з кастынгамі, а ўсё астатняе — прамыя эфіры, рэчы з атрыбутыкай шоу. Там вельмі шмат жывых крутых чалавечых эмоцый. Калі я там сядзела, да свайго выступу равела пэўна разоў пяць. Мне было ўсіх так шкада, усе былі такія мілыя, харошыя, вельмі кранальныя.

— Якая там атмасфера? Ці ёсць там сяброўства, альбо нельга давяраць, бо ўсе канкурэнты? Трэба трыста разоў падумаць, перш чым штосьці сказаць. Наўрад ці гэта можна параўноўваць з «Фабрыкай зорак», але артысты, якія прайшлі «Фабрыку», кажуць, што гэта іх вельмі моцна траўмавала. Многія нават праходзілі псіхатэрапію, таму што ты жывеш па нейкім сцэнары. Наколькі на Х-фактары ты жывеш, як сабе хочаш, альбо ты жывеш, як табе кажуць? Трэба прытрымлівацца нейкіх правілаў?

— Безумоўна, на псіхіку гэта моцна ўздзейнічае. У той перыяд, калі былі эфіры, мне было цяжка. Большая частка людзей была з Кіева, да іх мелі магчымасць прыязджаць сваякі, хаця б на тыя ж самыя эфіры, а ў мяне з гэтым было складана. За 20 дзён, што я там была, мы толькі два разы з’ездзілі ў краму… Мы такія хадзілі — о! Курыца мяне вельмі моцна ўражвала. Філе. Я пабачыла, што прадаецца. Падумала: гэта ж можна прыйсці ў краму, набыць філе і прынесці яго дадому, смажыць. І ёсць людзі, у якіх ёсць спецыі… Пачынаецца нейкая такая гульня. Таму гэта было цяжка.

У нас насамрэч быў там пэўны сцэнар. Калі мы толькі прыехалі, у нас было некалькі дзён, калі рыхтаваўся выступ, калі ты праганяў сваю песню. І напачатку нам сказалі, што там будуць людзі, аператары, яны будуць казаць, што рабіць. У маім выпадку ў мяне не было ніводнага выступу, калі б мне казалі, што рабіць. Мне казалі: «Будзь у сваёй арганіцы». І працуй так, як ты адчуваеш. Таму, каб ламалі цябе неяк…

Ну было такое: «А што? Якія там у цябе праблемы? Выключыце камеру!» І ціха так: «Здымай, здымай… І ты так думаеш? І што? Ага…» Альбо яны правакавалі. Напрыклад, мы мусілі напісаць адно пра аднаго нейкія рэчы. Пасля ты гэта зачытваеш. І там былі людзі, якія пісалі непрыемныя рэчы. Ім патрэбныя былі эмоцыі. Аднак калі ты разумееш, што гэта, то так, весела.

— Наколькі там камерцыялізавана ўсё? Калі кажуць, што немагчыма без грошай туды патрапіць, немагчыма без грошай прайсці пэўныя этапы, немагчыма без грошай прайсці ў фінал. А Украіна вядома не толькі сваімі талентамі, але і карупцыяй. Наколькі грошы вырашаюць?

— Што тычыцца ўсіх удзельнікаў, што там былі, то гэта не грошы. Дакладна. Магчыма, гэта… Я дакладна не ведаю, але ў мяне было такое ўражанне, што яны ўсё роўна, калі робяць сезон, разумеюць, хто ім патрэбны. Там ёсць чалавечы фактар. Ёсць людзі, якія пад пытаннем патрапілі ў шоу. Я думаю, былі класныя выканаўцы, якія не падыходзілі на ролю таго ці іншага героя гэтага шоу. Я была касмічная. Мне патрэбна было гэтаму адпавядаць. Што тычыцца вакалістаў, якія былі на кастынгу, там было вельмі шмат крутых. Альбо проста камунікатыўных. Былі блогеры нейкія, як Лера Яскевіч, напрыклад. У яе вельмі шмат праглядаў зараз, але яна не прайшла далей. Таму што па нейкіх параметрах не падыходзіла.

Гэта шоу наогул не пра музыку. Гэта шоу і пра адносіны, і пра гісторыі чалавечыя. Неяк так.

— Чаму ты сказала, што гэта больш караоке-шоу?

— Мне быў незразумелы падбор матэрыялу. Нават не з актуальнай музыкі… Напрыклад, «Голас краіны» — гэта шоу больш музычнае. Яны робяць шоу, аднак яны робяць цікавую музычную апрацоўку. Тут яны рабілі такую ж самую аранжыроўку, як у арыгінале, плюс-мінус вырашалі з танальнасцю. Галоўнае было зрабіць нумар, які б быў прыгожы па святле… Карцінка. І гэта насамрэч там працуе. Там былі такія рэчы, якія і ў зале, і на экране вельмі ўражвалі. Аднак тое, што ты спяваеш, як, навошта… Там былі песні, і трэба было запісваць дэма. Запісваеш такія трэкі, якія ў 2005 выйшлі і былі папулярныя. Блін, нічога няма другога ва Украіне? Складана сказаць.

Глядзець выпуск цалкам:

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера