Знайсці
16.02.2019 / 10:433РусŁacБел

Варшава гатова арганізаваць візіт у Мінск кіраўнікоў МЗС Польшчы, Чэхіі, Венгрыі і «Усходняга партнёрства»

Мясніковіч — злева, Дуда — справа

Польшча гатова арганізаваць візіт у Мінск кіраўнікоў МЗС краін Вышаградскай групы (Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя) і ініцыятывы Еўрапейскага саюза «Усходняе партнёрства».

Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «СБ. Беларусь сегодня» расказаў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч па выніках афіцыйнага візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Польшчу.

Парламенцкая дэлегацыя сустрэлася з кіраўніцтвам Польшчы. На перамовах бакі абмеркавалі, як падняць беларуска-польскія адносіны на больш высокі ўзровень.

«Будуць актывізаваныя кантакты на высокім узроўні, бізнэс-супольнасці дадзены пазітыўныя сігналы. Польшча падтрымлівае працэс паляпшэння стасункаў Беларусі з ЕС і зацікаўлена ў як мага больш хуткім падпісанні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, высока ацэньвае ўклад кіраўніцтва Беларусі ў мінскія пагаднення, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч. — Польскі бок гатовы арганізаваць візіты ў Мінск міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы і ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», актыўна выступае за запрашэнне Беларусі на міжнародныя саміты, у тым ліку на мерапрыемствы, звязаныя з дзесяцігоддзем «Усходняга партнёрства».

Спікер дадаў, што польскі бок з задавальненнем прыняў запрашэнні на II Еўрапейскія гульні, святкаванне 1000-годдзя Брэста і іншыя мерапрыемствы.

Узровень развіцця палітычных кантактаў паміж Беларуссю і Польшчай не адпавядае існуючаму патэнцыялу і магчымасцяў, канстатаваў старшыня Савета Рэспублікі.

«Не сакрэт, што беларуска-польскія адносіны складваліся няпроста. Ёсць добрыя прыклады і не вельмі. Але ў беларусаў заўсёды пераважала добрае стаўленне да палякаў. Мяркую, што двухбаковае партнёрства можа быць больш дынамічным і сістэмным», - сказаў ён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера