Знайсці
15.02.2019 / 15:33101РусŁacБел

Намеснік кіраўніка Акадэміі навук: Негатыўныя стэрэатыпы пра Сталіна яшчэ не выкараненыя. Каб аднавіць аб'ектыўны вобраз, трэба час

Шэраг неабальшавіцкіх рухаў на чале з Васілём Зелікавым — кіраўніком «Усесаюзнай камуністычнай партыі бальшавікоў» — звярнуўся да ўладаў з просьбай ушанаваць памяць Іосіфа Сталіна. У 2019 годзе актывісты збіраюцца святкаваць 140-годдзе яго нараджэння.

Ім прыйшоў адказ за подпісам намесніка старшыні прэзідыума Акадэміі навук Аляксандра Сукалы. Яго змест выглядае вельмі архаічным і дзіўным, аднак тэкст нібыта быў узгоднены з Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам абароны і Міністэрствам культуры.

Акадэмік Аляксандр Сукала, намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Беларусі.

«Прыведзеныя факты аб вялікім асабістым унёску І. В. Сталіна ў станаўленне і ўмацаванне беларускай савецкай дзяржаўнасці неаспрэчныя і адпавядаюць рэчаіснасці.

Разам з тым варта ўлічваць, што выключна негатыўныя стэрэатыпныя ўяўленні пра Сталіна, створаныя ў масавай свядомасці грамадства ў другой палове 1950-х — пачатку 1960-х гадоў і ў 1990-я, яшчэ цалкам не выкараненыя. Лічым, што для аднаўлення гістарычна аб’ектыўнага вобраза І. В. Сталіна патрабуецца час, узважаны і прадуманы падыход, што дазволіць пазбегнуць штучнага расколу беларускага грамадства.

Зыходзячы з выкладзенага, Акадэмія навук Беларусі падтрымлівае прапанову аб замене на пастаменце галерэі гарадоў-герояў ля манумента Перамогі на плошчы Перамогі надпісу «Валгаград» на надпіс «Сталінград», што цалкам адпавядае гістарычным фактам», — гаворыцца ў адказе камуністам.

 

Тое, што гэты адказ не фэйкавы, «Нашай Ніве» пацвердзілі ў адзеле справаводства Акадэміі навук. 

«Мы звярталіся да Аляксандра Лукашэнкі 21 снежня, у дзень нараджэння Сталіна. Пісалі аб тым, што набліжаецца 140-годдзе яго нараджэння, што ён шмат зрабіў для станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Па ягонай ініцыятыве пабудавалі Мінскі трактарны завод, напрыклад. У нас былі пералічаны ягоныя заслугі. Мы запатрабавалі, каб была заменена дошка «Валгаград» на «Сталінград» на плошчы Перамогі, бо званне героя было прысвоена гораду ў час вайны. Але да Лукашэнкі, відаць, не дайшло, ліст пераслалі ў Саўмін, а той ніжэй. Цяпер мы з гэтым лістом пойдзем у Мінгарвыканкам», — расказаў «Нашай Ніве» пра змест ліста і далейшыя планы сталініст Васіль Зелікаў.

Васіль Зелікаў.

Акадэміку Аляксандру Сукалу 68 гадоў. Сфера яго навуковых даследаванняў — педыятрыя. Звязацца з ім пакуль не ўдалося.

Як яго фармулёўкі ацэньваюць гісторыкі? 

«З напісаным можна пагадзіцца ў адным — што мы сапраўды пра Сталіна мала што ведаем. Вось калі будуць адкрыты архівы КДБ і пайменна надрукаваныя ўсе сталінскія ахвяры з ліку беларусаў, тады мы і даведаемся самую аб'ектыўную інфармацыю, у лічбах. Беларусам трэба яго разглядаць гэтаксама, як і Гітлера. Той таксама планаваў тут потым нейкую вытворчасць арганізоўваць і беларускія школы дазваляў. Дык што, нам яму цяпер помнікі ставіць? У гонар Кубэ вуліцы называць? Сталін без суду і следства загубіў мільёны жыццяў, гэта найвялікшы тыран. Пра што тут гаварыць, мне незразумела, са Сталіным усё ясна», — пракаментаваў «Нашай Ніве» адказ Акадэміі навук кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031