Знайсці
17.02.2019 / 15:036РусŁacБел

«Хачу добра размаўляць па-беларуску». Новая чэмпіёнка свету па фрыстайле расказвае пра бацькоў, амбіцыі і ўкулеле

На Алімпіядзе-2018 Аляксандру Раманоўскую прадстаўлялі як самую маладую фрыстайлістку зборнай — на той момант ёй было 22 гады. Аднак у яе ўжо хапала перамог: напрыклад, дзяўчына двойчы брала залаты медаль на чэмпіянатах свету сярод юніёраў.

Аляксандра Раманоўская.

На Алімпіяду, вядома, Саша таксама ехала па перамогу, але ў той дзень няўдала прызямлілася. Расказвае, што пасля доўга адчувала эмацыйную спустошанасць, аднак ужо летам цалкам змагла забыць няўдачу, перастроіцца і трэніравацца для дасягнення новых вынікаў.

Падзенне Аляксандры тады напужала многіх, але яна паднялася і, як заўсёды, працягвала пасміхацца.

Вынікам стала золата чэмпіянату свету ў лыжнай акрабатыцы: перамогу ў амерыканскім Дзір-Вэлі Саша прысвяціла любімаму тату, які святкаваў 7 лютага дзень народзінаў.

Мы звязаліся з Сашай, пакуль яна знаходзіцца на чарговых спаборніцтвах у Маскве (на этапе Кубка свету FIS ёй выступаць 16 лютага).

Пра бацькоў

Мой тата — з заходняй часткі Украіны, маці — з Мінска. Пазнаёміліся яны ў адным з паходаў у Карпаты. Матуля ў маладосці актыўна займалася альпінізмам, пастаянна вандравала. Менавіта яна, зацятая аматарка лыж, упершыню паставіла мяне на іх у дзяцінстве.

Аляксандра вельмі падобная да бацькі.

Пра любоў да вандровак

Я люблю вандраваць, і гэта перадалося мне як і ад маці, так і ад бацькі: ён быў мараком гандлёвага флоту. Пакуль у мяне не пачаліся пастаянныя трэніроўкі, мы адпраўляліся ў паходы ўсёй сям’ёй.

Саша ў дзяцінстве.

Пра навучанне

Да школы алімпійскага рэзерву я хадзіла ў 1-ю гімназію імя Францыска Скарыны. Пасля, асэнсоўваючы сама, што ў сучасным свеце лепш мець вышэйшую адукацыю, паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт. Пасля я змагу быць настаўніцай фізкультуры ці менеджаркай па турызме. Спадзяюся, што вясной нарэшце разбяруся з усімі пазыкамі і змагу скончыць пяты курс. Спорт — справа нявечная, таму заўсёды трэба мець нешта ў якасці страхоўкі на будучыню.

Пра нацыянальную сімволіку і беларускую мову

Мне вельмі падабаюцца беларуская мова і культура. Наша родная мова вельмі прыгожая. Калі ёсць вольны час, стараюся чытаць кнігі на беларускай мове: і сучасныя (напрыклад, «Marginalis» Кірыла Стаселькі) і класікаў (Уладзіміра Караткевіча). Мару аднойчы вывучыць беларускую мову так, каб можна было размаўляць на ёй свабодна, бо, пакуль што, шчыра кажучы, баюся рабіць памылкі, за якія мне будзе сорамна. Дазваляю сабе пісаць па-беларуску толькі нейкія кароткія допісы ў сацсетках.

На чэмпіянаце свету я выступала са стужкай з арнаментам у валасах. Я часам заходжу ў краму Symbal.by, мне падабаюцца рэчы з беларускай тэматыкай. У мяне ёсць пару маек з надпісамі на беларускай мове (у адной з ёй я цяпер у Маскве), павязка пад шлем з сінім арнаментам.

Як пацвярджэнне сваіх слоў Саша даслала нам свежы здымак з Масквы.

Пра ўкулеле

Навучыцца граць на ўкулеле я вырашыла вясной: сама развучвала акорды па відэўроках. Я слухаю розную музыку, але мне бліжэйшы рок. Люблю згадаць тое, што слухала яшчэ падлеткам і падабраць на гітары што-небудзь з Blink-182 ці Green Day. Я брала інструмент, калі мы з’язджалі ў Амерыку на месяц, і ён вельмі дапамагаў адцягнуцца ад дрэнных думак.

Пра мары

Пасля такога сур’ёзнага старту вельмі цяжка сабрацца. Я вельмі хачу добра выступіць на зімовай Універсіядзе, бо раней не ўдзельнічала ў такіх спаборніцтвах. Хачу шмат трэніравацца і атрымліваць ад гэтага задавальненне.

З бытавога — мару аднойчы жыць самастойна, натуральна. Мы толькі два гады таму з маці і бацькам пераехалі ў асобную кватэру (да гэтага жылі разам з бабуляй і дзядзькам).

Бацькі Сашы з сябрам сям'і сабакам Тофі.

Пра трэнера зборнай па фрыстайле

Тое, што нашы фрыстайлісты дэманструюць добрыя вынікі, — заслуга нашага трэнера Мікалая Казекі. Я думаю, ён ведае сакрэты, якіх не ведае больш ніхто. Часам незразумела, з якіх імпульсаў ён прымае нейкія рашэнні, мы супраціўляемся, а потым аказваецца, што яны былі самымі слушнымі.

Пяць фактаў пра геніяльнага трэнера фрыстайлістаў Мікалая Казеку

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з асабістых архіваў гераіні

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031