Качанава абурылася: Пабывала ў шасці-сямі такіх гарадах, як Орша, але нідзе такой сітуацыі не бачыла
У Оршы сёння адбылося выязное пасяджэнне Віцебскага аблвыканкама па пытаннях развіцця Аршанскага раёна. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава жорстка ацаніла работу мясцовых органаў улады, паведамляе БелТА.
«Часу на разварушванне ў вас няма, час угаворванняў прайшоў. Мы павінны бачыць вынік і эфектыўнасць рашэнняў, якія ўжо падпісаныя кіраўніком дзяржавы. Практычна ні адзін ключавы паказчык эфектыўнасці работы за мінулы год не выкананы», — падкрэсліла Наталля Качанава.
На яе думку, гэта перш за ўсё звязана з хібамі у працы кадраў.
«Іншай прычыны для невыканання пастаўленай задачы проста няма. Якія б рашэнні і прэферэнцыі па Аршанскім рэгіёне ні прымаліся на рэспубліканскім узроўні, пакуль тут не пачнуць працаваць кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, мясцовых органаў улады, нічога не атрымаецца», — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
Яна адзначыла, што пабывала ў шасці-сямі гарадах, аналагічных Оршы, але нідзе такой сітуацыі не бачыла.
«Калі вы хочаце дасягнуць выніку, ён у вас будзе. Але гэта залежыць толькі ад вас. Неадкладна пачынайце працаваць. Справа гонару для ўсіх нас — перавярнуць і зрушыць сітуацыю па Аршанскім рэгіёне з мёртвага пункта», — сказала Наталля Качанава.
Яна нагадала, што роўна паўгода прайшло з моманту правядзення ў Оршы нарады з удзелам Лукашэнкі.
«Па-мойму, ніхто высновы не зрабіў. І перш за ўсё — мясцовыя органы ўлады», — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.