Знайсці
11.02.2019 / 21:5034РусŁacБел

Арцыбіскуп Кандрусевіч пра забойствы ў Стоўбцах: Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напісаў зварот з нагоды трагедыі, якая 11 лютага адбылася ў Стоўбцах.

У стаўбцоўскай школе №2 здарылася трагедыя — навучэнец 10 класа нажом забіў настаўніцу і аднаго вучня і моцна параніў яшчэ дваіх школьнікаў.

Мы пытаемся ў сябе: як такое магло здарыцца ў спакойнай і памяркоўнай Беларусі? Як хлопец, якога характарызуюць як неканфліктнага, мог здзейсніць такое жудаснае злачынства? Хто ў гэтым вінаваты?

Спадзяемся, што з часам следчыя органы выявяць матывы трагедыі. Сёння, аднак, такая складаная сітуацыя змушае нас засяродзіцца над духоўнымі прычынамі таго, што здарылася ў Стоўбцах.

Яшчэ зусім нядаўна мы дзівіліся таму, што ў амерыканскіх школах, супермаркетах і вуліцах страляюць, забіваюць і калечаць людзей, у тым ліку і дзяцей. Але падобная практыка становіцца рэальнасцю жыцця мірнай Беларусі. Сродкі масавай інфармацыі ўсё часцей паведамляюць аб рознага роду злачынствах, здзейсненых у нашым грамадстве: маці выкідвае на сметнік немаўлятка, сын забівае бацькоў, малады чалавек з бензапілой нападае на жанчыну ў гандлёвым цэнтры. Цяпер трагедыя ў стаўбцоўскай школе…

Шукаючы прычыны гэтых і падобных трагедый, недастаткова засяроджвацца толькі на сацыяльных прычынах ці сямейных абставінах, у тым ліку на сямейным гвалце, супраць якога Касцёл быў і застаецца. На наш погляд, прычына больш глыбокая.

Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця — Евангелля і вучэння Касцёла.

За апошнія тры дзесяцігоддзі сітуацыя змянілася, але не настолькі, каб максімальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэнню.

На якіх асноватворных прынцыпах выхоўваецца сёння моладзь, на выхаванне якой найбольшы ўплыў маюць не сям’я і школа, а інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі? Што там бачаць дзеці? Найчасцей гвалт, забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця і г.д.

Сёння мы молімся аб Божай міласэрнасці для нявінна загінулых і выздараўленні для параненых, а таксама спачуваем іх блізкім і знаёмым.

Разам з тым, калі мы шукаем прычыны гэтай жудаснай трагедыі, то перадусім павінны звярнуць увагу на праблему духоўнага выхавання маладога чалавека. Гэта той падмурак, на якім павінна будавацца будучыня моладзі, як будучыня нашай Бацькаўшчыны.

Без падмурку нельга збудаваць дома. Такая будова падобна да дома, збудаванага на пяску, які змыюць патокі вады і разбураць вятры, як кажа Хрыстус. Без духоўнага падмурку няма будучыні.

У такой складанай сітуацыі мы павінны задацца пытаннем: «Quo vadis, Belarus? — Куды ідзеш, Беларусь?»

catholic.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930