Знайсці
15.02.2019 / 22:4376РусŁacБел

Алег Трусаў: Моцныя і слабыя месцы «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці»

Выйшлі ў свет першыя тамы акадэмічнага гістарычнага выдання, якое ўпершыню атрымала назву «История белорусской государственности». Назва першага тома «Белорусская государственность от истоков до конца ХVІІІ в.». Шкада, што нашы гісторыкі аддалі перавагу не роднай, а рускай мове. Але будзем спадзявацца, што ў 29 аўтараў, якія працавалі над напісаннем першага тома, хопіць сіл зрабіць беларускую і асабліва англійскую версію гэтага ўнікальнага выдання. 

Ужо ў пачатку кнігі сцвярджаецца, што першабытныя людзі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі не 100, а 250 тысяч гадоў таму на тэрыторыі Іванаўскага раёна, дзе знойдзены адпаведныя археалагічныя знаходкі.

Шкада толькі, што тэкст, у якім ідзе гаворка пра каменны, бронзавы і жалезны век Беларусі, напісаны вельмі сухой, акадэмічнай мовай, якую цяжка зразумець простаму чытачу. Ці варта было «загружаць» яго назвамі соцень археалагічных культур, не распавёўшы пры гэтым, што гэта такое.

У аповедзе пра нашых далёкіх продкаў — індаеўрапейцаў — не сказана, адкуль яны прыйшлі на тэрыторыю Беларусі і якія этнасы ўзніклі тут з іх прыходам. Аўтары паведамляюць, што ў бронзавым веку посуд становіцца пласкадонным, але не тлумачаць, што гэта здарылася таму, што ў жылых пабудовах нашых продкаў з’явіўся стол, на які і ставілі гліняны гаршчок ці міску.

Не растлумачана, чаму ў гэтыя часы з’явіліся першыя курганы і новы пахавальны абрад — крэмацыя. Таксама варта было б растлумачыць, хто такія балты, якія ў жалезным веку былі асноўнымі жыхарамі Беларусі.

Сітуацыя з развіццём эканомікі на нашых землях значна палепшала ў першыя стагоддзі нашай эры, калі нашы продкі авалодалі поўным цыклам металургічнай вытворчасці і навучыліся вырабляць жалеза ў спецыяльных печах-домніцах. Гэта выклікала з’яўленне інтэнсіўнага падсечна-ляднага земляробства і асваення новых тэрыторый.

Значныя змены адбыліся ў Еўропе ў сярэдзіне першага тысячагоддзя нашай эры. Адбыліся змены ў клімаце, панізілася тэмпература, павысілася вільготнасць, узровень сусветнага акіяна падняўся на некалькі метраў. Беларускія археолагі даказалі, што першыя славяне (пражская культура) з’явіліся на поўдні Беларусі ўжо ў ІV—V стст. н.э. Гэта тэрыторыя ад Брэста да Мазыра. Іншыя славяне (крывічы) з’яўляюцца ў VI—VII стст. на поўначы Беларусі на тэрыторыі Расонскага і Гарадоцкага раёнаў.

Ужо ў VIII—ІХ ст. узнікае княства палачан, аднаго з крывіцкіх плямёнаў паміж рэчкамі Улай і Обалью, якія ўпадаюць у Дзвіну.

У VIII ст. крывічы з’яўляюцца на тэрыторыі Смаленшчыны, дзе ўзнікае іх цэнтр — Гнёздава. Частку Цэнтральнай і Паўднёвай Беларусі займаюць дрыгавічы, якія да Х ст. ствараюць сваё княства.

Аўтары адзначаюць, што аднаўленне ў Полацку ўлады асобнай дынастыі Рагвалодавічаў на мяжы Х—ХІ стст., прывяло да таго, што Полацкае княства канчаткова стала на шлях самастойнага развіцця і стала самастойнай дзяржавай (зямлёю).

У пачатку ХІІІ ст. на палітычнай сцэне побач з крыжакамі, Ордэнам мечаносцаў і Полацкай дзяржавай з’яўляецца летапісная «літва». На жаль, аўтары ніяк не тлумачаць гэты тэрмін. Што гэта? Асобнае балцкае племя, якое жыло на тэрыторыі сучаснай Беларусі, саюз балцкіх плямёнаў, тэрыторыя, дзе яны жылі, а можа асобны народ, як лічаць сучасныя літоўскія гісторыкі? Яны пішуць, што ў ХІІІ ст. літва — гэта і ёсць сённяшнія літоўцы, а беларусаў і ўкраінцаў тады яшчэ не было.

Калі літва — асобны этнас, то чаму маўчаць беларускія археолагі? Дзе помнікі матэрыяльнай культуры, пахавальны абрад, упрыгожванні, чым літва адрозніваецца ад яцвягаў і г.д.

На старонцы 208 з’яўляецца «Літоўскае княства як складаны кангламерат з насельніцтвам уласна літоўскіх плямён і суседніх тэрыторый». Калі аўтары рэзка замянілі тэрмін «балцкія плямёны» на «літоўскія плямёны», то чаму не даць назвы гэтых плямёнаў, не паказаць іх матэрыяльную культуру і тэрыторыю іх рассялення? Упершыню тэрыторыю летапіснай літвы паспрабаваў акрэсліць Мікола Ермаловіч, потым Мікалай Улашчык і Алесь Краўцэвіч.

Чамусьці знікла са старонак кнігі Гродзенскае княства са сваёй самабытнай культурай, якая мае непасрэднае дачыненне да стварэння беларускага этнаса і асабліва Навагрудка і навагрудскай зямлі.

У ХІІ — пачатку ХІІІ ст. Навагрудак быў адным з самых багатых і заможных гарадоў, пра што сведчаць шматгадовыя археалагічныя раскопкі і ўнікальныя артэфакты, знойдзеныя пры раскопах горада. Аднак, на старонцы 209 «як Піліп з канапель» з’яўляюцца ў 1238 г. кіраўнік навагрудскай зямлі Ізяслаў Наваградскі і «Літва Міндоўга».

Праўда, пазней на старонках 226—229 друкуецца маленькі раздзельчык пад назвай «Беларускае Панямонне», дзе ёсць невялікая інфармацыя пра Наваградак, але пра сталіцу княства, Гродна, амаль нічога няма. Тое ж можна сказаць і пра Ваўкавыск і Слонім.

Значную частку кнігі займае падраздзел 4, у якім ідзе гаворка пра ВКЛ і беларускую дзяржаўнасць у сярэдзіне ХІІІ — сярэдзіне ХVI ст. Цікава, што хоць датаванне падраздзела павінна пачацца з сярэдзіны ХІІІ ст., пачынаецца яна з раздзела «Гістарычная Літва», у якім першая дата гэта 1009 г. і далей ідзе гаворка пра падзеі першай паловы ХІІІ ст. Тут мы знаходзім адказ на тое пытанне пра тэрмін «літва», якое мы ставілі раней, але калі сённяшнія літоўцы сталі народам, а не племем, адказу няма і тут. Адсюль ўзнікаюць наступныя пытанні. Калі не існавала старажытнаруская народнасць, то калі сфарміраваліся асноўныя ўсходнеславянскія этнасы?

На старонцы 243 мы чытаем, што ¾ жыхароў складалі тую частку насельніцтва, якая ўжо ў ВКЛ паступова трансфармавалася ў беларускую, украінскую і рускую народнасці. Такім чынам, мы зноў становімся на старыя сталінскія граблі, што гэтыя народнасці ўзніклі толькі ў ХV—ХVІ стст.

Раней на гэта пытанне спрабавалі адказаць русскія гісторыкі ў ХІХ — пач. ХХ ст. Яны сцвярджалі, што рускія (вялікарусы) узніклі ў ХІІ ст., а вось беларусы з украінцамі з’явіліся невядома калі, не раней ХVІІ ст., як іх малодшыя браты.

На маю думку, і беларускі этнас як народ пачаў таксама фарміравацца ў ХІІ ст, калі ў першай палове ХІІ ст. з летапісаў зніклі згадкі пра крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў. У першую чаргу гэта былі нашчадкі крывічоў, што жылі на тэрыторыі Полацкай зямлі. Насельніцтва гэтай дзяржавы мела супольную пісьмовую мову, бо існаваў Полацкі летапіс, сваё манументальнае дойлідства, супольны эканамічны рынак, выхад у Балтыйскае мора і вялікае войска, здольнае ваяваць з кіеўскімі князямі. Таму ў ВКЛ спачатку ўвайшлі беларусы, а потым і ўкраінцы, якіх разам пачалі называць як Русь (праваслаўнае насельніцтва ВКЛ) — ці русінамі, альбо рускімі. Велікарусы ў ХІІІ ст. трапілі ў Залатую Арду і сталі маскавітамі, масквой альбо ардынцамі да канца ХV ст. Цікава, што на наступнай старонцы (244) літоўцы як асобная народнасць прысутнічаюць. А на стар. 248 мы можам прачытаць наступны сказ. «ВКЛ з’яўлялася поліэтнічнай дзяржавай, у складзе якой беларускі этнас аформіў і ажыццяўляў сваю дзяржаўнасць у ХІІІ — ХVIII ст.» З гэтага сказу вынікае, што беларускі народ, які ўжо склаўся на тэрыторыі Полацкай і суседніх земляў у гэты час існаваў на сваёй першапачатковай стадыі. Што датычыцца літоўскага этнасу, то ён пачаў складвацца толькі ў канцы ХІV і першай палове ХV ст., калі Ягайла ахрысціў мясцовыя балцкія плямёны, а пазней Вітаўт далучыў да ВКЛ Жмудзь. Дарэчы, Статут ВКЛ 1566 г. пісаў, што дзяржава складаецца з літвы, русі і жамойтаў. Жамойты і ў ХVІ ст. заставаліся асобным этнасам. Не расказалі аўтары і пра трагічны лёс яцвягаў, якія таксама існавалі як асобны этнас на тэрыторыі ВКЛ у ХІІІ—ХІV стст.

Варта адзначыць, што аўтары ўпершыню ў сучаснай гістарыяграфіі далі адказ на пытанне, чыёй дзяржавай з’яўлялася ВКЛ, на аснове грунтоўнага аналізу тэкстаў асноўнага закону краіны — трох Статутаў ВКЛ. Раздзел, прысвечаны ВКЛ, напісаны на грунтоўным аналізе розных пісьмовых археалагічных крыніцаў, публікацыяў папярэднікаў, пачынаючы ад Вацлава Ластоўскага і Міколы Ермаловіча да сучасных беларускіх даследчыкаў В. Насевіча і А. Краўцэвіча і літоўскага гісторыка Р. Пятраўскаса.

Вельмі грунтоўна і прафесійна напісаны параграф, прысвечаны войску і арганізацыі ВКЛ, бо толькі дзякуючы моцнай сістэме абароны дзяржавы, хоць мы і згубілі вялікую тэрыторыю на ўсходзе ў канцы ХV — пачатку ХVІ ст., але здолелі надоўга спыніць наступ маскоўскіх войскаў і захаваць сваю незалежнасць. Варта адзначыць, што сістэма ўлады і нават назвы кіруючых элітаў у ВКЛ была запазычана ў ўсходнеславянскіх дзяржаў. Гэта лідар дзяржавы — вялікі князь, падначаленыя яму ўдзельныя князі і баяры. Ніякіх балцкіх традыцый ў кіраванні ВКЛ ніколі не было, пачынаючы з Міндоўга, які адзіны некалькі гадоў пабыў каралём па заходнееўрапейскім ўзоры.

Да падпісання Крэўскай уніі ВКЛ было адной з самых вялікіх і незалежных краін у Еўропе, з якім усе лічыліся. Унія пазбаўляла ВКЛ незалежнасці і далучала яго да польскага каралеўства. Аднак на палітычную сцэну выйшаў Вітаўт, які аднавіў сувернітэт сваёй дзяржавы і ледзь не стаў самастойным каралём. З 1447 г. узнікла асабістая (персанальная) унія паміж ВКЛ і Польшчай, калі адзін чалавек адначасова кіраваў абедзвюма дзяржавамі. Незалежнасць ВКЛ ад Польшчы была замацавана 29 верасня 1529 г. прыняццем Статута ВКЛ, які дзейнічаў толькі на тэрыторыі ВКЛ.

У апошняй пятай главе кнігі гаворка ідзе пра ролю Рэчы Паспалітай у гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

1 ліпеня 1569 г. у час Лівонскай вайны, было створана новае дзяржаўнае ўтварэнне — грамадзян Польскай кароны і грамадзян (шляхты) ВКЛ. Пры гэтым Беласточчына і Украіна былі ўключаны ў склад Польшчы. Польскія эліты марылі аб тым, каб паступова землі ВКЛ былі ўключаны цалкам у склад Польшчы. Аднак эліты ВКЛ дамагліся значнай суверэннасці у складзе РП і мелі сваё войска, структуру дзяржаўнага апарата і нават асобныя дыпламатычныя зносіны з суседзямі, асабліва ў часы адсутнасці адзінага караля і вялікага князя. Даследчыкі адзначаюць, што ў сярэдзіне ХVІІ ст. на тэрыторыі РП жылі розныя народы: палякі, беларусы, украінцы, літоўцы, жамойты і інфляндскія немцы. Пры гэтым палякі складалі толькі 40 % ад агульнай колькасці жыхароў РП.

Значную аўтаномію ВКЛ у складзе РП замацавалі ІІІ Статут ВКЛ і трыбунал ВКЛ, створаны ў 1581 г. Варта адзначыць, што ў ХVІ ст. беларускія магнаты і шляхта, каб спыніць паланізацыю, уключылі ў Статут 1566 і 1588 гг. артыкулы, якія замацоўвалі статус старабеларускай мовы як афіцыйнай мовы ВКЛ. Можна пагадзіцца з аўтарамі кнігі ў тым, што «асобная афіцыйная мова справаводства (да 1697 г.) і свая дзяржаўная сімволіка (герб «Пагоня»), безумоўна, таксама з’яўляліся сімвалічнымі рысамі дзяржаўнасці ВКЛ».

Аўтары кнігі лічаць, што на падставе аналізу пісьмовых і археалагічных крыніц тэрыторыяй, дзе склалася беларуская народнасць, былі землі, дзе рассяліліся крывічы, дрыгавічы і радзімічы. Не забываюцца яны і пра ролю балцкага субстрату. Можна таксама пагадзіцца з тым, што пачатак фармавання беларускай народнасці пачаўся тады, «калі мясцовае насельніцтва перастала атаясмліваць сябе толькі з крывічамі, дрыгавічамі і радзімічамі. Але далей ідзе тэзіс аб тым, што «асноўныя рысы беларускай народнасці праявіліся ўжо ў ХІV—ХVІ стст».

З такой даціроўкай, запазычанай са старых савецкіх падручнікаў, аўтар артыкула не можа пагадзіцца. Я лічу, што пачатак узнікнення асобнай беларускай народнасці не ХІV, а ХІІ ст. Менавіта ў гэты час канчаткова сфармавалася незалежная Полацкая дзяржава (зямля) і зніклі ў першай палове ХІІ ст. згадкі пра крывічоў, дрыгавічоў і радзмічаў у пісьмовых крыніцах. У гэты ж час канчаткова распалася на незалежныя краіны (землі) былая Кіеўская Русь. Акрамя Полацкай зямлі, на нашых землях існавалі Смаленская, Турава-Пінская землі, а таксама Гродзенскае княства і Новагародская зямля. Менавіта старабеларуская мова і культура сталі ў ХІІІ ст. асновай новага дзяржаўнага ўтварэння ВКЛ. Праваслаўныя жыхары беларускіх земляў у складзе ВКЛ сталі называцца русінамі, а іх землі Руссю, што было засведчана пры Гедыміне ў назве новай дзяржавы. Пасля вызвалення ў часы Альгерда ад Залатой Арды часткі Украіны да беларускага насельніцтва далучыліся пад назвай русіны і Русь і ўкраінцы.

Толькі пасля Люблінскай уніі, калі ўкраінскія землі адышлі да Польшчы, беларускі і ўкраінскі этнасы канчаткова размежаваліся як асобныя народы, прычым назва Русь замацавалася за ўкраінскай тэрыторыяй.

Аўтары кнігі слушна адзначаюць, што ў канцы ХVІІ ст. старабеларуская мова канчаткова знікла з афіцыйных дакументаў ВКЛ і толькі ўніяцкая царква ў пэўнай ступені працягвала карыстацца беларускай мовай.

У гэты час беларуская шляхта пачала атаясамліваць сябе з сармацкай ідэялогіяй і культурай. У сувязі з гэтым яе паланізацыя ўзмацнілася, і асноўнымі носьбітамі беларускай мовы і культуры засталіся сяляне, а таксама праваслаўныя і ўніяцкія святары. Тым не менш, першым беларусам назваў сябе ў канцы ХVІ — пачатку ХVІІ ст. вядомы паэт і навуковец Саламон Рысінскі, які выдзяляў беларусаў як самастойны этнас.

Добра напісаны раздзел, прысвечаны Канстытуцыі 3 мая 1791 г. Цяпер гэты дакумент цалкам прыватызаваны Польшчай. Але беларусы і літоўцы таксама маюць да яе дачыненнне. Падчас прыняцця гэтага дакумента паслы і сенатары ВКЛ мусілі бараніць сваё права і дабіліся пэўных саступак ад караля і яго прыхільнікаў. У маі 1791 г. быў прыняты закон, які пацвердзіў правядзенне кожнага трэцяга сойма РП на тэрыторыі ВКЛ. 20 кастрычніка 1791 г. сойм РП прыняў дакумент аб «Узаемнай гарантыі двух народаў», у якім была канчаткова пацверджана самайстойнасць ВКЛ і фактычна прызнаваліся роўнасць ВКЛ і Кароны польскай у межах Рэчы Паспалітай. Пасля гэтага магнаты і шляхта ВКЛ на сейміках 1792 г. падтрымалі Канстытуцыю 3 мая 1791 г., якая мела прагрэсіўны характар. Дарэчы, на тэрыторыі Беларусі захаваліся помнікі, пастаўленыя ў яе гонар. Напрыклад, калона ў в. Лявонпаль Верхнядзвінскага раёна.

Цікава адзначыць, што аўтары кнігі звярнулі ўвагу на тое, што падчас ІІ раздзела Рэчы Паспалітай гетман Шымон Касакоўскі ды інфляндскі епіскап Юзаф і прапанавалі Кацярыне ІІ далучэнне ВКЛ да Расійскай імперыі ў якасці ўдзельнага княства. Спроба захаваць ВКЛ была зроблена ў 1794 г., калі войскі ВКЛ здолелі вызваліць Вільню ад расійскага гарнізона.

24 красавіка 1794 г. у Вільні быў абвешчаны «Акт паўстання народа ВКЛ», які падпісалі 2328 удзельнікаў паўстання. Камендантам узброеных сіл ВКЛ стаў палкоўнік (потым генерал-лейтэнант) Якуб Ясінскі.

З агульнай колькасці паўстанцаў 150 тыс. чалавек жыхары ВКЛ складалі ад 30 да 40 тысяч. Дарэчы, Віленскі акт не згадваў імя Т. Касцюшкі, а ўладай у ВКЛ абвесціў Найвышэйшую Літоўскую Раду, у склад якой павінны былі ўвайсці прадстаўнікі ваяводстваў, паветаў і гарадоў ВКЛ. Такая аўтаномія не спадабалася Тадэвушу Касцюшку і ў чэрвені 1794 г. ён распусціў гэты орган. Да паўстанцаў далучылася шмат сялян, якія складалі ад 30 да 50 % удзельнікаў паўстання. Войскі ВКЛ спрабавалі перанесці паўстанне на тэрыторыі ВКЛ, захопленыя Расіяй у выніку першага і другога падзелаў Рэчы Паспалітай. Гэтымі рэйдамі кіравалі Міхаіл Агінскі і Стэфан Грабоўскі. Да іх далучыліся мясцовыя сяляне і шляхта. Пасля падаўлення паўстання ў лістападзе 1795 г. ВКЛ назаўжды знікла з карты Еўропы.

Варта сказаць, што важным фактарам наяўнасці дзяржаўнасці з’яўляецца манументальнае дойлідства. Таму, на маю думку, можна было згадаць пра Полацкую, Віцебскую і Гродзенскую архітэктурныя школы ХІІ ст., а таксама пра існаванне беларускай готыкі ў ХІІІ — ХVІ ст. Гэта яшчэ адзін доказ існавання беларускага народа ў ХІІ—ХVІ стст.

У цэлым жа аўтары першага тома (дарэчы, ужо выйшаў і другі том) паказалі, што беларуская акадэмічная гістарычная навука зрабіла значны крок у сваім развіцці.

Алег Трусаў; фота Zviazda.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031