Даслаць навіну
Знайсці
11.02.2019 / 14:04 2

Віктар Марціновіч: Абсалютны трындзец для аўтара — калі яго пачынаюць хваліць

Павялічыць выяву

Ніколі не чытайце тое, што пішуць пра творы ў Беларусі. Тут дзейнічае правіла «наадварот». Калі тэкст добры — яго будуць бэсціць. Калі тэкст геніяльны — клёкат уздымецца такі, што пазакладае вушы.

Адзін разумны чалавек сказаў, што тут дзейнічае правіла абсалютных і адносных лікаў: колькасць хейтараў у адсоткавым выражэнні заўсёды невялікая, але калі ты робіш нешта гучнае — за кошт павелічэння абсалютнага ліку тых, хто з творам знаёмы, расце і матэматычны паказнік тых, хто брэша. Бо хейтары ж, у адрозненне ад нармальных людзей (якім ё чым заняцца, акром дрысту ў сеціве), не маўчаць. Яны пішуць.

Дык вось, абсалютны трындзец для аўтара тут — калі яго пачынаюць хваліць. Калі раптам замест горычы і енку з усіх ратоў пачынае ліцца мёдзік. Калі крытыкаў раптам скаланае пачуцце «ззяючай прыўкраснаты» таго, што створана. Гэта азначае адно: аўтар скончыўся. Ён спісаўся. Ператварыўся ў помнік са скамянелага гаўна. Аўтар болей не ўспрымаецца полем як канкурэнт і пагроза. Ён болей не спараджае канфліктаў і не закранае за жывое. Цяпер яго можна хваліць. Звычайная траекторыя славы для Беларусі: першы раман усе «хваляць», бо яго напісаў ноўнэйм, на другі пачынаюць шыпець, бо першы «перахвалілі», а далей (калі, канечне, пісьменнік не ператвараецца ў помнік са скамянелага гаўна) — вэлкам у пекла!

У гэтым сэнсе я не падманваўся «крытыкай» «Прэм’еры» Горвата і чакаў свабоднай хвіліны, каб адкрыць саму кнігу. Калі каротка (а цяпер у чытача няма часу не толькі на азнаямленне з літаратурай, але і на засяроджаны прагляд водгукаў на яе) — кніжка атрымалася добрая.

Як на мяне — нават лепшая за «Радзіва». Чаму лепшая? Таму, што «Радзіва» вяртала літаратуру ў рэчышча беларускай вёскі. Хата, глеба, печка, каза. Галеча і сяляне, якіх хочацца пашкадаваць. Да таго ж «Радзіва» было не толькі літаратурным творам. Значная частка ягонага поспеху была завязаная на выхад аўтара з камфорту паўсядзённасці, ягонае паглыбленне ў вясковую хтонь. Пра Горвата гаварылі спачатку тое, што ён з’ехаў у Прудок і жыве там з казой, і толькі потым — што ён пісьменнік.

Некаторыя нават спрабавалі адмаўляць яму ў праве звацца пісьменнікам, бо Андрэй вёў дзённік у ФБ (папулярнасці якога пякуча зайздросцілі іншыя пісьменнікі,чые допісы не выклікалі ніякай увагі). У пэўным сэнсе Горват этапу «Прудка» быў ролевай мадэллю. Увасабленнем мары сярэднестатыстычнага чытача «Сіцідога» «кінуць усё» і рвануць даўншыфціць «па-новаму» — то бок не ў Гоа, не ў Тайланд, а ў беларускую вёску.

Герой «Прэм’еры» збольшага робіць роўна тое ж, чым заняты сярэднестатыстычны чытач «Сіцідога».

Ён вандруе па Еўропе, знаёміцца з прыгожымі жанчынамі і хоча набыць багет, каб хадзіць па Парыжы з багетам. Уся вясковая экзотыка ў «Прэм’еры» рэдукаваная да дэкарацый п’есы, якую ставіць добра знаёмы чытачу «Сіцідога» Купалаўскі тэатр. З фрыка, які запарвае сабе гарбатку ў двары на кастрыку, расказчык ператвараецца ў пісьменніка, які робіць тое самае, што і ўсе астатнія людзі, але пры гэтым пра нешта незвычайнае думае і нешта незвычайнае кажа. Відавочна, такая трансфармацыя ў «сапраўднага пісьменніка», у «Талстога», не магла прайсці беспакаранай. Таму што ўсе месцы «Талстых» размеркаваныя крытыкамі ў строгімсаацвецтвіі з прызавымі месцамі папярэдніх Гедройцаў. То на «Прэм’еру» пачалі брахаць, і гэта было першым званочкам таго, што Горват расце ў правільны бок.

У «Прэм’еры» ёсць усё добрае ад «Радзіва». Ёсць здольнасць пабачыць побытавую сцэнку і абагульніць яе да быційных момантаў. Гэта як з тымі каровамі, якія паламалі кашару і разбегліся па Прудку, а што далей рабіць, не ведалі, бо «ў кароў не было плана».

Што мяне шчыра радуе ў Андрэю — дык гэта здольнасць распавядаць пра сваё жыццё такім чынам, што герой выглядае сапраўдным красунчыкам. Калі я раптам напружуся і паспрабую выдаць нешта пра сваю асабістую скруху, свае пачуцці да каханай і свае адносіны з кошкай — гэта будзе звычайны дзённікавы тэкст, за які мне — калі я яго надрукую — будзе сорамна. Я не ўмею быць маляўніча шчырым.

Я ў гэтым сэнсе звычайны і нудны чалавек, які ў дачыненні з уласным жыццём адчувае звычайныя эмоцыі, якія нікому не цікавыя. Таму, каб выбудаваць сюжэт, цікавы не толькі маёй кошцы, маёй каханай і тым дзівакам, каго цікавіць мая асабістая скруха, мне трэба вынаходзіць персанажа. Змяшчаць яго ў прыдуманыя сітуацыі. Андрэй расказвае пра сваё жыццё, свой шлях да Парыжа і свае прыгоды на горных дарогах Італіі так, што гэта цікава чытаць.

«Прэм’ера» — не працяг «Радзіва». Гэта асобная аповесць, напісаная на іншым узроўні. Нікога не слухайце. Чытайце.

Віктар Марціновіч, budzma.by

0
Танчык / адказаць
11.02.2019 / 15:52
Так, але, калі адзін аўтар шчыра прызнае заслугі іншага аўтара - ад гэтага выйграюць абодва. А хейтары і лісліўцы былі і будуць заўседы.
0
Алёна К. / адказаць
12.02.2019 / 08:01
Сп. Віктар такі каментар даў новаму твору сп. Андрэя, што адразу захацелася ўсё кінуць і чытаць "Прэм’еру" ))) Застаецца адно пытанне, сам сп. Віктар больш любіць коцікаў, ці сабачак, бо ў гэтым артыкуле ён кажа пра свайго ката, а ў нядаўняй "Ночы", так яскрава не любіў катоў, што аж крыўдна)))
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
май чэрвень ліпень
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30