Знайсці
07.02.2019 / 16:1458РусŁacБел

Прэс-сакратар Мінабароны — журналісту: Чаму вы ў войску не служылі? Саромеецеся сваёй сэксуальнай арыентацыі? АЎДЫЯ

Начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч звярнуўся ў прэс-службу Міністэрства абароны па каментар наконт магчымых вучэнняў НАТА на тэрыторыі Беларусі. Што адбылося пасля, патлумачыць складана. Прыводзім стэнаграму размовы і аўдыязапіс без купюр.

***

— Слухаю, Макараў!

— Добры дзень, Уладзімір Мацвеевіч! Вас турбуюць з газеты «Наша Ніва», Арцём Гарбацэвіч. Тут такое пытанне. «Лента.ру» ўчора пісала (учора не дазваніўся), што Беларусь прапаноўвала правесці ў сябе вучэнні з краінамі НАТА. Можа, вы пракаментуеце, ці былі ў нас сапраўды такія спробы, чым скончыліся.

— А хто пісаў?

— «Лента.ру». Я магу вам зараз працытаваць гэты матэрыял, называецца ён «Верны саюзнік», апублікаваны 00 гадзін 4 хвіліны 5 лютага 2019 года: «По некоторым данным, Кравченко предлагал провести в Белоруссии учения НАТО и разместить в стране американских специалистов по исследованию социальных сетей и контролю над интернетом. Опрошенные «Лентой.ру» эксперты назвали эти сведения весьма достоверными». Нас цікавіць пра НАТА: ці былі ў нас сапраўды такія спробы правесці вучэнні?

— Значыць, першае. Я прапаноўваў і прапаноўваю вам, спадар Гарбацэвіч, абавязкова карыстацца афіцыйнымі крыніцамі інфармацыі, якімі з’яўляюцца інтэрнэт-партал прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, газета «СБ. Беларусь сёння», БелТА, Вайсковае інфармацыйнае агенцтва і г.д.

Другое. Канал «Беларуская праўда» апублікаваў цікавы матэрыял: пад нікам «Хромой Бес» працуе «Наша Ніва», я так зразумеў, што гэта непасрэдна спадар Гарбацэвіч. «Пад маскай «Хромого Беса» хаваюцца аматары расследаванняў з «Нашай Нівы», якім галоўны рэдактар не дае публікаваць такія матэрыялы праз боязь атрымаць па руках, на карысць гэтага сведчаць манера падачы матэрыялаў, а таксама проста вар’яцкі рост падпісчыкаў канала, якіх ужо больш за тысячу», адзначае канал «Белпраўда» 06.02.2019.

— І як мне на гэта адрэагаваць?

— Скажыце мне як члену Беларускага саюза журналістаў: чаму вы ў войску не служылі, а?

— Пра што вы ў мяне пытаецеся? Тут я вам задаю пытанні.

— Я як член Беларускага саюза журналістаў пішу чарговы матэрыял. Няўжо вы саромеецеся сваёй сэксуальнай арыентацыі? У нас выконваецца заканадаўства да літары, мы не амерыканцы, у нас няма ніякіх дыскрымінацый. А, спадар Гарбацэвіч?

— Я магу вам задаць сустрэчнае пытанне: вы што, дурак?

— Спадар Гарбацэвіч!

— А што вы мне расказваеце?

— Я задаю як член Беларускага саюза журналістаў, я артыкул пішу, маю права вам таксама задаць пытанне. Чаму ж вы не хочаце адказваць на элементарнае пытанне, распаўсюджваеце правакацыйныя матэрыялы? А з нагоды «Белпраўды»: гэта праўда, пад маскай «Хромого Беса» хаваецеся менавіта вы?

— Вы дашліце мне запыт, я абвяргаю гэту інфармацыю і прашу адказаць на маё пытанне.

— Калі ласка, я таксама прасіў бы вас адказаць на пытанне.

— На якое пытанне?

— Чаму вы не служылі ў войску? Як вы можаце аналізаваць нейкую інфармацыю пра ўзброеныя сілы, не ведаючы элементарнейшых пытанняў вайсковай справы?

— Каб быць міністрам абароны, трэба служыць у войску? [Aдсылка да міністра абароны Расіі Шайгу].

— Трэба разбірацца ў элементарнейшых пытаннях.

— Каб быць міністрам абароны, трэба служыць у войску? 

— Яшчэ раз кажу: трэба разбірацца. А вось вы скажыце: у нас 57-ы артыкул Канстытуцыі, што там напісана?

— Я не ведаю.

— «Не ведаю»… Дык паглядзіце, калі ласка. Я таксама вось зараз рыхтую найцікавейшы матэрыял з гэтай нагоды. Дарэчы, можаце пачытаць 30-га, калі мяне памяць не падманвае (шукае), зараз адкрыю, кастрычніка мінулага года: «Паротнікаў: Палітычны гермафрадытызм у дзеянні» — гэта першае. І другое — з нагоды асобных укідаў правакацыйнай інфармацыі «Незалежны» вайсковы агляд»: досвед інфернальнай журналістыкі», гэта на сайце ўжо. А? На інтэрнэт-партале Міністэрства абароны. Я яшчэ раз кажу: карыстайцеся афіцыйнай інфармацыяй, якая размешчана на інтэрнэт-партале Міністэрства абароны, — і да вас пацягнуцца людзі, спадар Гарбацэвіч. Але вы так і не адказалі на маё пытанне. Чаму ж вы ў войску не служылі, а хочаце, мяркуючы па ўсім, ледзьве не міністрам абароны стаць.

— Я не разумею пытання вашага. У вас ёсць доступ да камісарыяту, спытайце там.

— Канечне, мы можам спытаць, але не маем права публікаваць адпаведную інфармацыю, толькі калі вы нам асабіста скажаце, але калі вы саромеецеся, то калі ласка.

— Я не саромеюся, проста не бачу сэнсу з вамі гаварыць. Можаце там запытаць.

— А як наконт тэлеграма?

— Я ж вам сказаў: я абвяргаю.

— Абвяргаеце? Добра, зразумеў, так і запішам. З нагоды вашага пытання яшчэ раз кажу: чытайце інтэрнэт-партал Міністэрства абароны.

— А што рабіць тым, хто не чытае партал Міністэрства абароны?

— Дык я вам рэкамендую! Там усё напісана.

— Дык а на пытанне вы што адказваеце?

— Пра наша ўзаемадзеянне з брацкімі краінамі, пра нашу кааліцыйную ваенную палітыку, 20-ы артыкул Вайсковай дактрыны.

— Як вы пракаментуеце інфармацыю, якую апублікавала «Лента.ру»?

— Я не буду яе каментаваць, бо, яшчэ раз кажу, я не каментую чуткі.

— Усё, ясна. Да пабачэння!

* * *

Начальнікам упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны працуе 63-гадовы палкоўнік Уладзімір Макараў. Ён нарадзіўся ў расійскім Чалябінску, скончыў Свярдлоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае танкава-артылерыйскае вучылішча, а пасля Гуманітарную акадэмію ўзброеных сіл Расіі. Быў зампалітам у Беларусі і на Кубе.

Задача Макарава тэхнічная — прадастаўляць у СМІ звесткі, датычныя Міністэрства абароны. Аднак часам ён бярэ ініцыятыву на сябе. 

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера