Знайсці
06.02.2019 / 17:073РусŁacБел

Расейцы спрабавалі гаварыць па-беларуску, беларусы — па-руску. Рэпартаж + ФОТЫ з адкрыцця Кніжнага кірмаша

У выставачнай зале «Белэкспа» адкрылася штогадовая Мінская кніжная выстава. Ганаровым госцем мерапрыемства сёлета з’яўляецца Расія.

Усім раздавалі такія стужачкі з арнаментам.

І так заўжды багатыя расійскія стэнды сёлета яшчэ больш шыкоўныя. Там жа вісіць партрэт адзінай беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Сустрэча з ёй адбудзецца ў суботу. І праходзіць яна будзе ўсё ж у актавай зале, а не на вялікім расійскім стэндзе.

Плакат Святланы Алексіевіч на расійскім стэндзе.

Выйшла кніжка Алексіевіч «У вайны не жаночы твар» і па-беларуску — у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў перакладзе Валянціна Акудовіча. Праўда, зусім жа нядаўна школьныя бібліятэкі адмаўляліся задарма браць да сябе беларускамоўныя кнігі Алексіевіч, якія выйшлі ў «Логвінава». А што цяпер будуць рабіць з гэтым выданнем?

Дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч і Швыдкой адкрываюць выставу.

Дарэчы, стэнда выдавецтва «Логвінаў» на Кніжнай выставе няма другі год запар. Некаторыя кнігі выдавецтва можна знайсці на польскім стэндзе. Напрыклад, мінскую трылогію Сяргея Пясэцкага. Трэці том выйшаў літаральна днямі.

Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч.

Прыемна ўражвае стэнд выдавецтва «Янушкевіч». Шмат і беларускай, і перакладной літаратуры. Гэта і «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігура, і «Стамбул. Горад успамінаў» Архана Памука, і «Мае дзевяностыя» Альгерда Бахарэвіча, і «Калі прыгледзецца — Марс сіні» Змітра Вішнёва.

Стэнд выдавецтва «Янушкевіч».

На торт можна толькі глядзець, але не каштаваць.

Іншыя незалежныя выдаўцы знаходзяцца на перыферыі. Ясна, за цэнтральныя месцы трэба плаціць большыя грошы. «Архэ» і «Галіяфы» размясціліся проста ля піражкоў з курыцай і глінтвейнам. А яшчэ на тым стэндзе вялізны торт у выглядзе лагатыпа кірмашу.

На выставе можна разжыцца свежым нумарам «Нашай гісторыі».

Само адкрыццё было пафасным. І крыху банальным. Дзяўчаты ў нацыянальных строях спявалі «Спадчыну» на словы Янкі Купалы. А потым хлопчык расказаў на памяць «Дзе мой край» Уладзіміра Караткевіча.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, ён адказвае за ідэалогію.

На гэтым усё: хутка выступоўцы з беларускай мовы пераскочылі на рускую. Вітанне ад прэзідэнта зачытваў новы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Уладзімір Жаўняк. Менавіта ён цяпер адказвае за ідэалогію. «Ён у Хойніках нарадзіўся, у яго бацька быў намеснікам начальніка міліцыі. А пасля Чарнобыля ўжо раз’ехаліся», — расказвае пра Жаўняка нехта ў апошніх шэрагах.

Дзмітрый Жук, рэдактар «СБ».

Ігар Бузоўскі, намеснік міністра інфармацыі.

Летась Адміністрацыю прадстаўляў Максім Рыжанкоў, цяпер у яго ўжо новыя абавязкі.

Дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Грыгорый Рапота напярэдадні адзначыў 75-годдзе.

Прыйшла на выставу і былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч толькі павітаўся і развітаўся па-беларуску. У сярэдзіне прамовы ён вырашыў гаварыць па-расейску. Затое прадстаўнік Пуціна па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой паспрабаваў павітацца па-беларуску. «Мне дзюжа прыемна», — сказаў ён. Праўда, потым выбачыўся і перайшоў на рускую.

Расійскі стэнд выглядае па-багатаму.

Ужо два гады ніякай экстрэмісцкай літаратуры пра Матаролу ці «ДНР» на Мінскай выставе не прадаецца.

Кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха, якога мы сустрэлі ля шведскага стэнда, кажа: «Цікава, на рускім стэндзе нешта спрабуюць па-беларуску сказаць, а на беларускім нешта ўсё пра Расію».

Сярод гасцей быў «сенатар» Генадзь Давыдзька.

Сапраўды, як і штогод, Мінская кніжная выстава выклікае шмат супярэчівых адчуванняў.

Зміцер Панкавец, фоты Сяргея Гудзіліна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера