Знайсці
06.02.2019 / 16:194РусŁacБел

Хлопчык, якога «забыліся» ля ўкраінскай мяжы, пісаў паведамленні: «Мама, выратуй!»

Пра тое, што здарылася ў ноч на 31 студзеня побач з пагранпунктам «Даманава», у сям'і 12-гадовага Грышы стараюцца не размаўляць. «Усё яшчэ жывое і вельмі баліць», — апісвае пачуцці мама хлопчыка Марына (па просьбе сям'і імя зменена). Цяпер родныя ведаюць дакладна: сын у іх вялікі малайчына. Грыша — той самы хлопчык, які не разгубіўся, калі падчас прыпынку ля пагранпункта «Даманава» дарослыя «забыліся» яго ў лесе. Журналісты TUT.BY звязаліся з сям'ёй Грышы. 

Інцыдэнт адбыўся на міжнароднай трасе Брэст — Ковель паблізу пагранічнага пункта пропуску «Даманава». Грамадзяне Беларусі, якія заехалі ва Украіну на двух аўто, падчас прыпынку ў лесе «згубілі» 12-гадовага хлопчыка. У кожнай з машын былі ўпэўненыя, што дзіця едзе ў суседняй. Хлопчыка хапіліся праз 130 кіламетраў.

Мама Грышы Марына доўга не адважваецца на інтэрв'ю. Вельмі крыўдна, кажа, чытаць усе тыя негатыўныя каментары, якія пакідаюць пад іх гісторыяй людзі. Яна не раз паўтарае: усё напісанае няпраўда, у іх вельмі дружная шматдзетная сям'я, Грыша — трэцяе, самае малодшае, дзіця. У падарожжа на машыне сям'я ездзіць ужо гадоў 20. Вось і тыдзень таму сабраліся ў дарогу, каб у выхадныя пакатацца на лыжах. Ехалі з сябрамі на двух аўто.

— Зрабілі ў лесе санітарны прыпынак. Грыша папрасіў дазволу падсесці ў машыну да сябра, — успамінае Марына. — Мы бачылі, як ён падышоў да аўтамабіля, і былі ўпэўненыя, што ён сядзе туды. У той жа машыне думалі, што сын з намі.

Прыкладна праз 130 кіламетраў сем'і вырашылі зноў зрабіць санітарны прыпынак. Вось тады дарослыя і зразумелі: Грышы з імі няма.

— Ноч, мароз, снег ідзе… Дзіця ў лесе адно, — з дрыжаннем у голасе ўспамінае Марына. — Мне складана апісаць, што мы ўсе перажылі ў гэты момант… Добра, у сына з сабой быў тэлефон. Мы разумелі, дзіця знаходзіцца непадалёку ад беларускай мяжы, наш аператар там павінен цягнуць.

У дарослых жа тэлефоны не працавалі: ні роўмінгу, ні інтэрнэту не было.

— Мы хутка паехалі да найбліжэйшай запраўкі, — распавядае маці. — Пачалi тэлефанаваць у паліцыю. Прасілі: «Патэлефануйце дзіцяці, у яго ёсць тэлефон», але яны чамусьці адразу гэтага не зрабілі. Тады запраўшчыца паклала грошы сабе на мабільны і дала нам патэлефанаваць.

Грышу тэлефанаваў тата. Пытанне ў яго быў адзно: «Сынок, ты дзе?» Аказалася, хлопчык да таго часу ўжо вярнуўся да памежнага пераходу «Даманава». «Я ў краме, — адказаў ён. — Прыйшоў назад».Сям'я адразу ж выехала на месца. З таго моманту, як яны рассталіся з хлопчыкам, прайшло гадзіны дзве. Яшчэ столькі ж заняла дарога да яго.

— Калі даехалі да крамы, сын выйшаў да нас. Мы доўга абдымаліся і плакалі, — вяртаецца да тых падзей Марына. — На месцы ўжо была паліцыя. Прапаноўвалі паехаць у пастарунак, напісаць заяву, мы ад усяго адмовіліся.

Грыша кажа, што і сам не ведае, як так здарылася, што машыны з'ехалі без яго. Усвядоміўшы гэта, ён адразу пабег за імі. Калі зразумеў, што дарослых яму не дагнаць, вырашыў вяртацца да пункту пропуску. Недалёка ад мяжы стаяла крама. Дарога да яе ішла наўпрост. Хлопчык быў упэўнены: як толькі родныя ўбачаць, што яго няма, адразу ж вернуцца.

— Ішоў ён дзесьці тры-чатыры кіламетры… Ён вельмі спалохаўся, — кажа маці. — Пісаў мне ў фэйсбук: «Мама, выратуй», але інтэрнэту не было і паведамленні не даходзілі… Мне складана сказаць, як ён зарыентаваўся, што трэба вяртацца. Ён у нас вялікі малайчына. Наш тата паляўнічы, бярэ яго з сабой на рыбалку… Можа, гэта неяк дапамагло не разгубіцца.

У краме Грышу напаілі чаем і пасадзілі ў кутку адпачыць.

Пасля сустрэчы з бацькамі Грыша сам захацеў працягнуць падарожжа і ўсё-ткі адправіцца ў горы.

— Гэта дапамагло трохі ад усяго адысці, — распавядае маці. — Потым, ужо катаючыся на лыжах, ён прызнаўся: «Мне страшна, што я зноў згублюся», але мы нікуды ад яго не адыходзім.

Марына распавядае, што ў іх з сынам вельмі блізкія адносіны. Пасля гэтай гісторыі яны шмат размаўлялі. Грыша, кажа мама, вельмі адказнае дзіця. Займаецца ў музычнай школе, вучыць англійскую.

— У сям'і ён у нас малодшы, таму да яго заўсёды асаблівая ўвага, — з хваляваннем кажа пра хлопчыка мама. — Я разумею, што гэтая гісторыя — наша памылка. Для нас яна стала ўрокам. Зараз для сябе я вырашыла: калі вязеш некуды дзіця, заўсёды трэба быць з ім побач. Як бы і чаго б ён ні прасіў. На шчасце, усё гэта добра скончылася, але лепш бы нічога гэтага не здарылася.

Кацярына Панцялеева, TUT.BY

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930