Знайсці
07.02.2019 / 12:1517РусŁacБел

15-гадовая більярдыстка Саша Карней: «Я люблю Беларусь, але жыць планую ў Амерыцы»

У 12 гадоў яна ўжо стала майстрам спорту Беларусі па більярдным спорце. Сёння Саша Карней — пастаянная ўдзельніца міжнародных турніраў. Апошнім часам більярд дазваляе ёй зарабляць грошы.

Аднойчы, калі Сашы было дзевяць гадоў, яна з мамай выпадкова зазірнула ў більярдны клуб побач з домам. Там убачыла, як трэніруюцца дзеці, і вырашыла, што трэба паспрабаваць.

«Пасля нават на танцы хадзіць перастала, бо зразумела, што калі ты хочаш дасягнуць вяршынь, то трэба ўсе сілы накіраваць у адну галіну», — кажа дзяўчына.

Більярд паміж сабой спартсмены называюць шахматамі ў руху.

«Сапраўды, більярд — гэта ідэальнае спалучэнне фізічнай і разумовай нагрузкі. За адну толькі партыю я праходжу ля стала 2—3 кіламетры, — працягвае Саша, — І канечне, трэба трымаць мозг у тонусе. Кожны ўдар у більярдзе трэба прадумваць на пяць крокаў наперад».

Гуляе Аляксандра ў пул.

«Хаця з дзяцінства я з дзядулем глядзела па «Еўраспорце» толькі снукер. Пасля раз паспрабавала пагуляць у рускі більярд — мне не спадабалася. А пул — гульня дынамічная, разнастайная. Таму цяпер ад кожнай трэніроўкі, ад кожнага спарынгу і ад кожных спаборніцтваў я атрымоўваю кайф і асалоду», — прызнаецца дзяўчына.

На здымку Сашы Карней 12 гадоў. І яна стала майстрам спорту Беларусі.

«Мужчыны ў більярдзе больш эмацыйныя. Разламаць кій аб стол — гэта пра іх»

Саша расказвае, што загадзя ніколі не ведаеш, хто трапіцца ў сапернікі: «На рэспубліканскіх турнірах жанчыны і мужчыны гуляюць асобна, але выбіраць, з кім гуляць, не даводзіцца».

І прызнаецца, што гуляць ёй больш падабаецца з мужчынамі.

«Мужчыны больш эмацыйныя, экспрэсіўныя. Яны злуюцца і, бывае, ламаюць аб стол кіі. А гэта ўжо папярэджанне ад суддзі. Праўда, здараецца гэта вельмі рэдка, бо більярдысты разумеюць, што кій — іх галоўны, далёка не танны, інструмент. З мужчынамі гуляць больш цікава, бо яны мацнейшыя за дзяўчат, і досведу ў іх больш, і гуляюць яны больш складна. Ад дзяўчат звычайна не чакаю такой складанай гульні», — расказвае спартсменка.

Сёння ў асабістай скарбонцы Аляксандры Карней 14 медалёў:

«У асноўным гэта аматарскія і рэспубліканскія спаборніцтвы. Я прывозіла медалі з Расіі, ездзіла ў Польшчу, Нідэрланды. Гэта цікавы досвед. Першыя разы было нязвыкла, што на цябе глядзяць заўзятары ў зале, што шмат людзей паўсюль. А пасля я навучылася думаць толькі пра гульню. Нават на сапернікаў не звяртаю ўвагі».

«75 рублёў — гэта пакуль столь майго заробку як більярдысткі»

Більярд, нават калі займацца ім прафесійна, лічыць Саша, не той від спорту, дзе можна зарабіць шмат грошай.

«Магчыма, нейкія тытулаваныя спартсмены і застаюцца ў плюсе, але ты ж траціш грошы на пералёты, пражыванне, плаціш уступныя ўнёскі, таму трэба вельмі пастарацца, каб увайсці ў лік прызёраў і хаця б адбіць свае грошы», — тлумачыць яна.

Прычым прызавы фонд існуе толькі на аматарскіх або міжнародных турнірах.

«На рэспубліканскіх чэмпіянатах, прызы — гэта граматы і медалі. Максімум, што я зарабіла за другое месца ў адным з турніраў — гэта 75 рублёў, — прызнаецца Саша. — Ды я не асабліва на гэта звяртаю ўвагу. У мяне мэта — стаць знакамітай і выбітнай спартсменкай з Беларусі, перамагаць наймацнейшых більярдыстаў. Вось гэтага я хачу».

Аляксандра расказвае, што раўняецца на Маргарыту Фефелаву, беларускую більярдыстку, якая займае трэці радок у еўрапейскім рэйтынгу. Таксама захапляецца моцнымі беларускімі дзяўчатамі Янай Шут і Палінай Чэрнік, яны шматразовыя прызёркі розных турніраў.

Знешні выгляд більярыстак таксама мае вялікае значэнне.

«Форма строга рэгламентаваная. Калі, напрыклад, колер тваіх шкарпэтак не будзе пасаваць пад колер штаноў — атрымаеш папярэджанне. Калі расплеценыя валасы ўпадуць на шар — гэта штраф. На штанах павінен быць абавязкова рэмень, каб штаны, калі ты нахіляешся над сталом, не спаўзалі», — смяецца Саша.

На спаборніцтвы, нават за мяжу, дзяўчына ездзіць заўсёды адна:

«Мяне бянтэжыць, калі родныя назіраюць за гульнёй у зале, гэта адцягвае ўвагу. Таму я люблю ездзіць адна. Вядома, я магу сама пра сябе паклапаціцца. І падрыхтавацца да турніру, і купіць сабе сняданак у незнаёмай краіне».

Тата хваліцца маімі поспехамі, а сапраўдны фанат — дзядуля

Аляксандра — трэцяя дачка ў сям’і. У яе ёсць старэйшыя сёстры Паліна, якой 26 гадоў, Ганна, ёй 22, і малодшая, Ева, якой сем год.

Злева направа: Паліна, Ганна, Саша і Ева.

«Мае старэйшыя сёстры, як і я, вучыліся ў ліцэі імя Якуба Коласа. Паліна — мастачка, а Ганна пасля ліцэя з’ехала ў ЗША. І мне не вельмі хочацца заставацца ў Беларусі, хаця я вельмі люблю Беларусь, беларускую мову, але перспектывы я тут не бачу. Я, як і сястра, таксама гляджу ў бок Нью-Ёрка. Мы з Ганнай дамовіліся, што, калі яна на лета прыедзе дадому, мы з ёй паглядзім, у якіх універсітэтах Нью-Ёрка выкладаюць більярд».

Сашынымі поспехамі ў сацыяльных сетках заўсёды дзеліцца яе тата — журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней.

«Так, але ён дзеліцца маімі поспехамі ўжо пасля турніру, а вось самы галоўны фанат — мой дзядуля. Яму я заўсёды тэлефаную першаму», — расказвае дзяўчына.

Саша расказае, што ў яе з бацькамі добрыя адносіны:

«Я сама сабе шмат чаго не дазваляю, таму ніякага прымусу, ціску з боку бацькоў я не адчуваю. Мы заўсёды можам дамовіцца. Аб усім, акрамя хатняй жывёлы. Але калі я папрасіла ў трэці ці чацвёрты раз, і мне адмовілі, я зразумела, што настойваць бессэнсоўна, таму больш гэтае пытанне не ўздымаю. Я не выпрошваю нічога. Усё, што патрэбна, у мяне ўжо ёсць. У мяне ёсць сям’я, дзе мяне любяць і падтрымліваюць, я сама ўжо дамаглася некаторых поспехаў, у мяне ёсць мара, добрыя сябры. Што яшчэ трэба?»

Наталля Тур, фота з архіва гераіні 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930