Знайсці
01.02.2019 / 15:403РусŁacБел

У Беларусі будзе адзін від магістратуры

Такую заяву па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы зрабіў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка, піша Звязда

«Дамовіліся, што ў нас будзе адзіная магістратура. Да нядаўняга дня ў нас працавала два віды магістратуры — навукова-арыентаваная і практыка-арыентаваная. Зараз будзе адзін від магістратуры, які будзе накіраваны на падрыхтоўку навукова-арыентаваных спецыялістаў пад інавацыйныя канструктарскія распрацоўкі, а таксама пад педагагічную дзейнасць. Пэўная праца ў гэтым кірунку ўжо пачата, мы стварылі мадэль такой магістарскай падрыхтоўкі. Зараз працуем над навучальнымі планамі і праграмамі», — заявіў міністр.

Напрыклад, узбуйнены навукова-арыентаваныя, інавацыйныя, педагагічныя спецыяльнасці магістратуры, падпісаны загад па наборы на іх. «Магістратура павінна рыхтаваць кадры, якія ў перспектыве будуць уплываць на інавацыйнае развіццё нашай эканомікі, на навуковую сферу і на педагагічную дзейнасць», — дадаў Ігар Карпенка.

Паводле яго слоў, Прэзідэнт цікавіўся ходам выканання рашэнняў Рэспубліканскага педагагічнага савета, тым, як выконваюцца яго асабістыя даручэнні. Увага была ўдзелена пытанням якасці агульнай сярэдняй адукацыі, зместу вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Сапраўды, праграмы былі абноўленыя. Па новых праграмах сёння займаюцца вучні ад 1-ага да 8-ага класаў, пастаянна маніторыцца працэс іх ўкаранення.

«Праграмы могуць удасканальвацца, могуць папраўляцца тыя ж падручнікі, але ёсць праблемы, звязаныя з тым, як разгортваецца гэтая праграма непасрэдна ў адукацыйным працэсе, — заявіў міністр адукацыі. — Як настаўнік выкарыстоўвае той матэрыял, якія хатнія заданні ён задае, у якіх аб'ёмах, як вылучае нейкія галоўныя пазіцыі, як падае школьнікам. Гэта значыць, пытанне стаіць у фарміраванні метадычнай культуры настаўніка».

У гэтай сувязі маецца дамоўленасць аб тым, што будуць павышаць кваліфікацыю настаўнікаў праз спецыяльныя курсы, правядзенне метадычных секцый па прадметах. Ігар Карпенка прызнаў, што пакуль міністэрства не паспявае выдаваць за новымі падручнікамі метадычныя дапаможнікі.

«Акрамя гэтага, мы дамовіліся, што яшчэ раз вернемся да структуры вучэбнага плана і паглядзім на тую абавязковую колькасць вучэбных гадзін у тыдзень, якая выкарыстоўваецца для тых ці іншых класаў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі», — распавёў ён. Вядома ж, гэтыя рашэнні будуць прымацца з улікам меркавання педагагічнай грамадскасці, спецыялістаў.

На нарадзе закранулі і пытанні выніковай атэстацыі ў сістэме школьнай адукацыі. У тым плане, што іспыты ў школе праходзяць у адной форме, а ўступная кампанія ў ВНУ — зусім у іншай. Вядома, гэта стварае пэўныя праблемы з пункту гледжання падрыхтоўкі вучня. Усё будзе аб'яўляцца загадзя, каб была магчымасць адаптацыі, праінфармаваў міністр.

Што тычыцца зместу адукацыі ВНУ, Ігар Карпенка звярнуў увагу, што сур'ёзна скарацілі наборы студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы. У першую чаргу, набор ажыццяўляецца пад патрэбнасці эканомікі і канкрэтных заказчыкаў. Калі ў 2011 годзе ў нас навучалася 430 тысяч студэнтаў, то на сённяшні дзень у нас іх 283 тысячы.

Разам з тым, павялічыліся наборы на шэраг спецыяльнасцяў, якія запатрабаваны эканомікай — напрыклад, ІТ-спецыяльнасці.

Паводле слоў міністра адукацыі, сур'ёзна вывучаецца структура навучальных планаў і праграм для тых ці іншых спецыяльнасцяў ВНУ. Дарэчы, усяго ў нашай сістэме вышэйшай адукацыі 380 спецыяльнасцяў. «Мы прыходзім да высновы, што ёсць некаторыя паўторы, — сказаў ён. — Таму неабходная пэўная карэкціроўка».

Зараз вядзецца ўдасканаленне сацыяльна-гуманітарнага блока праграм ВНУ, маецца рабочая група. «Я думаю, да канца года мы правядзем нараду загадчыкаў кафедраў грамадскіх навук сістэмы вышэйшай навучальнай адукацыі, дзе прымем адпаведныя рашэнні па змяненні падыходаў выкладання сацыяльна-гуманітарнага блока дысцыплін», — дадаў міністр адукацыі.

На нарадзе звярталася ўвага на практыка-арыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў, узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў. «Мы падзяляем гэтыя пазіцыі кіраўніка дзяржавы, многае ўжо зроблена ў гэтым кірунку, але трэба будзе яшчэ некаторыя пытанні дакарэктаваць і ўкараніць у практыку адукацыйнага працэсу», — адзначыў ён.

Ігар Карпенка падкрэсліў, што сістэме адукацыі ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага — у тым ліку непасрэдна з боку кіраўніка дзяржавы, урада. Несумненна, гэта сфера, якая хвалюе не толькі вучняў і студэнтаў, але і іх бацькоў, іншых сваякоў. Такім чынам, грамадства зацікаўленае ў тым, каб гэтая сістэма развівалася якасна і паступальна, дасягала сур'ёзных вынікаў, лічыць міністр.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера