Знайсці
02.02.2019 / 13:4232РусŁacБел

З нянавісцю да пралетарыяту: рэцэнзія на новую кнігу Альгерда Бахарэвіча

Хто чакае ад кнігі гісторыі і 90-х — не дачакаецца. Альгерд Бахарэвіч напісаў твор пра сваё ўласнае юнацтва. Пра якое кожнаму і сорамна, і соладка ўзгадваць. Панкаўская маладосць, Бум-бам-літ, бессэнсоўны педуніверсітэт і МТЗ, які ён успамінае з гідлівасцю…

Аўтар сумленна папярэджвае — кніга называецца «Мае дзевяностыя». Тут сапраўды не стаіць задачы асэнсаваць час, ёсць толькі спроба прэпарыраваць уласнае дарасленне, прычым зверху, вачыма дарослага сфарміраванага чалавека. Такі сабе лабараторны дослед.

Каму кніга дакладна спадабаецца? Прыхільнікам асобы Альгерда Бахарэвіча. Тут ён гранічна рэзкі, бескампрамісны, якім, відаць, і мае быць сапраўдны літаратар. Любіць адно і адных, ненавідзіць іншае і іншых.

Успамінае з удзячнасцю свайго рэдактара Сяргея Шупу, калегу па ўніверы Паўлюка Быкоўскага, які прыдумаў Алегу Бахарэвічу псеўданім, галоўную рэдактарку газеты Трактарнага завода Феліцыю Францаўну — адкрытую, смелую і чалавечную.

А ненавідзіць, падаецца, большасць тых, хто яго акружае. З гідлівасцю ўспамінае рабочых МТЗ: «Пралетарыят… Мець дачыненне да такога свету я б не пагадзіўся нізавошта на свеце. Іх каштоўнасці былі разнастайныя і цалкам супадалі з патрэбамі: сытая ежа, добры заробак, чыстае спецадзенне, дарагі тэлевізар, танныя забавы, мірнае неба і пуцёўка ў санаторый… І яны пайшлі б на вуліцы і зруйнавалі б усё на сваім шляху — калі б дзяржава плюнула на іхныя пералічаныя вышэй патрэбы. Але дзяржава давала ім іхныя цацкі, жратву і расейскую тэлевізію — і за гэта яны гатовы былі плаціць. Пакораю, рабствам, маўчаннем, падхалімствам і цярплівасцю».

Бахарэвіч піша, што баяўся закахацца ў шумную, безгустоўна апранутую завадчанку і стаць такім жа.

Бадай, гэты этап жыцця апісаны ў кнізе з найбольшай жарсцю.

Бахарэвіч стварыў сваю класіфікацыю супрацоўнікаў МТЗ. Пролы — няшчасныя, забітыя, хамаватыя і хітраватыя. Начальнікі — хамы, што ганарацца сваёй недалёкасцю (хоць зрэдзьчасу сустракаліся і іншыя, тонкія інтрыганы са сталёвымі вачыма). Моладзь — канфармісты з прымітыўнымі жыццёвымі мэтамі і пустымі вачыма. І ветэраны — яшчэ горшыя за моладзь, «падобныя да маленькіх гітлераў», бо ў любой размове пачынаюць лямантаваць і пырскацца слінай.

Вельмі смешна (і сумна) Бахарэвіч расказвае, як мусіў пісаць рэпартаж з мерапрыемства: ветэраны сабраліся на Пуліхава на раённае свята, але ў маразме сваім ні з поля ні з бору сталі тут жа прымаць дзяцей у піянеры. І ніхто не рашаўся іх спыніць — відаць, з павагі да старасці.

І сапраўды: чаму нас вучаць павазе да старасці, але ніхто не кажа пра павагу да маладосці? І хіба ўзрост — апраўданне, каб рабіць бздуру і несці лухту?

Што праўда, і моладзь Бахарэвіч не шкадуе. Хоць вінаватымі ў тым, што дзеці вырастаюць баязлівымі, хлуслівымі, інэртнымі дарослымі, лічыць школу, для яго гэта пачвара з тысячамі шчупальцаў.

Пра сваю шабаноўскую школу мае ўспаміны не з прыемных. Пра выкладчыцкі досвед — таксама. За выключэннем апошняй школы на Розачцы, дзе выкладаў мастацкую культуру. Дый там дзеці падвялі, «здрадзілі мне са сваёй маладосцю». Усё выяснілася на выпускным: яны былі шчаслівыя, бесклапотныя юныя драпежнікі, «яны не хацелі верыць, што жыццё — гэта абсурд, боль і вечнае змаганне за свабоду».

У кнізе няма ні звычнай складанай, вязкай Бахарэвічавай мовы, за якую моцна любяць або моцна не любяць яго прозу. Няма і нечаканых вобразаў. Мілыя маркеры 90-х: жоўтыя трамваі, шапікі і тэлефонныя будкі, смелыя мітынгі і пачатак інтэлектуальнай свабоды — усё гэта пункцірам.

Часам бывае адчуванне, што чытач тут лішні — так аўтар засяроджаны на сваіх успамінах.

А ў той жа час, здаецца, быццам нешта недагаворана. Нейкія важныя рэчы. Пісьменніку ці то страшна, ці цяжка было зазірнуць у мінулае да самага дна. Нібы баяўся выйсці з вобразу на вокладцы. Або з таго душэўнага камфорту, да якога праз 90-я і 2000-я нарэшце прыйшоў.

Таму пісьменнік з трэскам захлопвае вечка 90-х і выдыхае з палёгкай.

* * *

Кнігу выдала выдавецтва «Янушкевіч», яе можна набыць у інтэрнэт-кнігарні januskevic.by за 19,90 руб. Тут жа можна прачытаць фрагмент.

Паўліна Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930