Даслаць навіну
Знайсці
31.01.2019 / 12:31 2

Як распісваюць маладых у самым прыгожым ЗАГСе Беларусі

Адзін з самых прыгожых беларускіх аддзелаў загс знаходзіцца ў Пінску. Шыкоўны палац ХVІІІ стагоддзя ў стылі барока і класіцызму калісьці належаў вядомаму палітычнаму дзеячу Мацею Бутрымовічу і цудоўна захаваўся да нашых дзён. На рэгістрацыю шлюбаў сюды прыязджаюць не толькі пінчане, але і жыхары суседніх раёнаў. Таму і планка ў супрацоўнікаў тут высокая.

Павялічыць выяву

Фота Сяргея Гудзіліна

— Абавязковыя патрабаванні — вышэйшая юрыдычная адукацыя, артыстызм, адкрытасць, шырокі кругагляд, здольнасць да імправізацыі, — расказвае начальнік аддзела Алена Амельянюк. — Зразумела, у нас ёсць канкрэтныя супрацоўнікі, за якімі замацавана рэгістрацыя шлюбаў, але ў любы момант кожны з нас можа выйсці на падмену.

Ірына Рагозіна працуе ў Пінскім загсе з 1992 года. Падлічыць, колькі пар ёй давялося распісаць, нерэальна.

— Не здзіўляйцеся, але парадак рэгістрацыі шлюбаў за гэты час амаль не змяніўся. Марш Мендэльсона, роспіс, пярсцёнкі, пацалункі, першы танец, — дзеліцца жанчына. — Усяго цырымонія займае 20—25 хвілін (разам з віншаваннямі гасцей у асобнай зале). Хтосьці думае, што мы працуем, быццам на канвееры. Гэта не так. Кожная пара — асобны сусвет, які трэба імгненна разгадаць, каб цырымонія прайшла ўдала. Да адных уваходзіш — усе ўсміхаюцца і з нецярпеннем чакаюць тваіх слоў. У іншых — атмасфера напружаная, маладыя паспелі «пацапацца» па дарозе. І тут ужо ад цябе залежыць, якім ім запомніцца момант роспісу.

У кожнага супрацоўніка загса былі моманты ў жыцці, калі здаралася нешта не самае прыемнае, а па плане — рэгістрацыя шлюбаў.

— Ты ўсміхаешся, жадаеш людзям шчасця, а ўнутры плакаць хочацца. Кожны з нас — артыст у некаторым сэнсе слова. Гэта не азначае, што мы кажам няшчыра. Калі бачыш, што жаніх і нявеста ўважліва слухаюць, то хочацца сказаць больш. Цёпла і ад усяго сэрца. Але ёсць і такія пары, якім «да лямпачкі» — дзяўчыны ўсю цырымонію прыхарошваюцца, хлопцы перашэптваюцца з гасцямі, фатографамі, — дзеліцца Ірына Уладзіміраўна. — Форсмажорныя выпадкі таксама здараюцца пастаянна. Нярэдкасць у нас жаніхі-гумарысты — перад тым, як сказаць «Я згодны», маўчаць некалькі секундаў і гэтым самым прымушаюць нявесту панервавацца. Аднойчы ў залу ўвайшла пара. Жаніх шапнуў нешта нявесце, развярнуўся і… сышоў. Я і госці — у шоку. Праз некалькі хвілін падышла яго мама і растлумачыла, што ехалі маладыя доўга, хлопец перахваляваўся і яму трэба супакоіцца.

Сёння большасць пар выбіраюць традыцыйныя ўборы — белая сукенка з вэлюмам і цёмны касцюм. Але бываюць і выключэнні.

— Неяк прыехалі маладыя і госці на матацыклах, апранутыя ў скураныя курткі з заклёпкамі і ланцужкамі. Запомнілася ўсім і нявеста ў ярка-чырвонай сукенцы. Адна з апошніх незвычайных пар была ў традыцыйных народных строях: жаніх у чырвоных ботах, з шырокім поясам, нявеста з вяночкам на галаве, сукенка вышытая, пацеркі бліскучыя.

Што датычыцца самых папулярных вясельных дат, на першым месцы — выхадныя пасля Вялікадня, якія выпадаюць на красавік.

— У такую суботу быў мой першы дзень на рэгістрацыі шлюбаў. Мы распісалі 36 пар. Пасля такога «марафону» два тыдні не размаўляла — зусім асіпла, — прыгадвае сваё «працоўнае хрышчэнне» начальнік аддзела. — А самы насычаны месяц — верасень. Позняй восенню, узімку — ідуць у асноўным пары, якія ў хуткім часе прыйдуць да нас рэгістраваць нараджэнне дзіцяці. Урачыстыя цырымоніі — рэдкасць падчас пастоў і ў маі. Наш народ баіцца і Бога ўгнявіць, і ў забабоны верыць: «У маі жэнішся — век маяцца будзеш».

Цікава, што сама Алена Яўгеньеўна выйшла замуж акурат 9 мая і сваім прыкладам паказвае: прымаўка падманвае. Каб канчаткова разбурыць стэрэатып наконт майскіх шлюбаў, жанчына нават правяла даследаванне. Прааналізавала ўсе майскія шлюбы, пачынаючы з 1940 года, якія заключаліся ў Пінску, і параўнала іх з вераснёўскімі. Аказалася, што другія распадаюцца часцей. Вось і вер пасля такога ў прыкметы.

Па словах Ірыны Уладзіміраўны, меркаваць аб тым, як складзецца сямейнае жыццё пары, можна ўжо ў дзень падачы заявы: «Хлопец усеўся, а нявеста стаіць побач і не ведае, куды прыткнуцца».

— Але не ўсё так адназначна, — лічыць Алена Яўгеньеўна. — Аднойчы мне давялося распісваць неверагодна прыгожую пару. Пяшчота, вочы, поўныя слёз ад радасці, падтрымка і закаханасць у кожным жэсце, позірку і слове. Такія сустракаюцца рэдка. Здавалася, наперадзе іх чакае доўгае сямейнае жыццё ў згодзе і павазе. Аднак усяго праз год яны завіталі да нас зноў — пісаць заяву на развод.

У Пінскім загсе захоўваецца незвычайная кніга з фотаздымкамі закаханых пар. Толькі на фота — не маладыя асобы, а людзі, якія перажылі разам многае. Гэтыя сем'і дачакаліся сярэбраных, залатых і нават жалезных вяселляў.

— Дзеці часта робяць падарунак сваім бацькам — замаўляюць цырымонію святкавання ў нас. Але сустракаюцца рамантыкі, якія праз дзясяткі гадоў сумеснага жыцця робяць сюрпрыз сваёй палавінцы, — употайкі арганізоўваюць свята.

Аднойчы на прамую лінію начальніку аддзела ЗАГС патэлефанаваў мужчына:

— У мяне 31 снежня — 50 гадоў сумеснага жыцця з жонкай, залатое вяселле. Хачу даведацца, як склаўся лёс пар, якія пабраліся шлюбам у той дзень разам з намі. Тады, у далёкім 1963 годзе, мы былі першымі ў Пінску, каго зарэгістравалі ва ўрачыстай абстаноўцы. Дагэтуль моладзь проста распісвалася, а нам пашанцавала — музыка, віншаванні ганаровых гасцей, кіраўнікоў партыі, гарвыканкама.

Пасля званка Алена Яўгеньеўна пачала пошукі астатніх пар па сваёй базе, праз міліцыю. З дзевяці сем'яў да залатога юбілею дажылі тры. Дзве распаліся, адна з'ехала, і лёс яе невядомы, дзве жанчыны пахавалі сваіх мужоў, яшчэ адна пара памерла.

— Юбіляраў мы, вядома, запрасілі ў загс і зладзілі для іх свята. Ніхто не чакаў, што праз столькі гадоў ім давядзецца сустрэцца зноў, няхай і не ў поўным складзе. Яны расказвалі пра жыццё, поўнае падзей і выпрабаванняў, успаміналі той самы дзень, калі сталі сем'ямі. Кожны раз распісваючы маладых, хочацца, каб і яны аднойчы вось так маглі зноў прыйсці да нас святкаваць залатое, а лепш брыльянтавае вяселле.

Атрымаць запаветны штамп у пашпарце можна не толькі ў загсе, але і ў сельвыканкаме. Мясцовыя ўлады гатовыя ўлічыць усе пажаданні маладых і зрабіць сапраўды незвычайную цырымонію.

Галіна Лаўранчук займалася рэгістрацыяй шлюбаў з 1986 да 1993 года, калі была сакратаром сельвыканкама ў вёсцы Лунін (Лунінецкі раён). Цікава, што дзеля гэтай пасады жанчыне прыйшлося адмовіцца ад кар'еры навукоўца.

— Лёс непрадказальны. Я працавала малодшым навуковым супрацоўнікам Палескай вопытнай меліяратыўнай станцыі, збіралася паступаць у аспірантуру, пісаць кандыдацкую дысертацыю, — успамінае Галіна. — Неўзабаве да нашага дырэктара звярнуўся старшыня мясцовага сельскага савета ў пошуках новага сакратара. Патрабаванні да кандыдата наступныя: жанчына сярэдняга ўзросту з бездакорнай біяграфіяй, каб была замужам і мела дзяцей, прыемнай знешнасці, адказная і выхаваная. Але галоўная ўмова — вышэйшая адукацыя. Таму старшыня і шукаў сабе памочніка на станцыі: у нас было шмат спецыялістаў з дыпломам ВНУ. Але я аказалася адзінай у калектыве, хто падыходзіў па ўсіх пунктах. Кідаць навуку не хацелася, муж быў супраць. Доўгія сумненні, развагі — і вось я ўжо афармляю першыя ў сваім жыцці даведкі, рыхтую справаздачы і статыстыку, а ў выхадныя дні прашу маладых абмяняцца заручальнымі пярсцёнкамі. Дарэчы, звышурочныя нам ніхто не аплачваў. Рабілася ўсё выключна на энтузіязме.

Рэгістрацыя шлюбаў на вёсцы — з'ява не такая частая, як у горадзе. За год Галіна Іванаўна распісвала каля дваццаці пар. Затое кожная цырымонія была па-сапраўднаму запамінальнай і не падобнай на іншыя. З усімі маладымі праводзілі перадвясельныя кансультацыі, дзе тлумачылі, што і як будзе адбывацца. Казалі: «Узялі пярсцёнак — трымайце моцна, калі надзяваеце». Бо калі нешта пойдзе не па плане, госці абавязкова адрэагуюць: «Жыць ім у няшчасці»…

— Першым часам распісваць даводзілася ў сельскім клубе. У мяне была спецыяльная «абрадавая» бардовая сукенка. Упрыгожваў яе «медаль рэгістратара» на доўгім ланцужку, — успамінае жанчына. Нават праз столькі гадоў яна памятае словы, якія не раз даводзілася казаць усхваляваным маладым.

— Было тры варыянты ўрачыстай рэгістрацыі — на 15, 40 хвілін і гадзіну (з удзелам клубных супрацоўнікаў). Спачатку сур'ёзная частка — уласна роспіс, абмен пярсцёнкамі, пасля гэтага абавязкова гучаў гімн Савецкага Саюза. А першымі створаную сям'ю віншавалі дэпутат сельскага савета і прадстаўнік прафкама (камсамола ці партыі), якіх запрашалі на кожную рэгістрацыю ў якасці ганаровых гасцей. Па жаданні маладых мы рыхтавалі для іх розныя конкурсы і забаўкі — прапаноўвалі вызначыць, хто будзе галоўным у сям'і, разламаўшы бохан хлеба; даведваліся, хто каго лепш ведае; у гумарыстычнай форме размяркоўвалі сямейныя абавязкі паміж сужэнцамі… Была ў нас і добрая традыцыя ўскладання кветак да помніка воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны. Яна на вясковых вяселлях жыве і цяпер.

Перавага рэгістрацыі шлюбу ў сельвыканкаме — вы тут будзеце адзінай парай. Ніхто не стане падпіхваць у спіну і не паскардзіцца, калі спозніцеся. Да таго ж на вёсцы можна рэалізаваць самыя смелыя ідэі — прыехаць на цырымонію на кані ці замовіць выступленне цэлага аркестра з мясцовага ДК.

На думку Галіны Іванаўны, цяперашняя моладзь на вяселлях дадае шмат увагі дробязям, якія таго не вартыя. Палову святочнага дня адводзяць на падрыхтоўку (макіяжы, прычоскі, зборы) і фотасесію. Быццам ідзе спаборніцтва — «у каго сукенка прыгажэйшая, больш шыкоўны лімузін ці даражэйшы рэстаран». Раней засяроджваліся на самім моманце заключэння шлюбу, былі больш уважлівыя адно да аднаго, а не да аб'ектыва фотакамеры.

У самой Галіны Іванаўны пышнага вяселля не было. З мужам яны распісваліся ў гэтым жа сельвыканкаме 31 снежня. Спяшаліся, таму што ў студзені павінна было прайсці размеркаванне жылля. Давалі яго, вядома, толькі сямейным.

— Вэлюм пазычыла ў суседскай дзяўчыны, сукенка і туфлі на мне былі з выпускнога. А святочную вячэру мы зладзілі ўжо пасля заканчэння посту — на Раство, — расказвае жанчына. — Мікалай — маё першае каханне, мой першы мужчына, і гэта доўжыцца ўжо 47 гадоў. Таму, распісваючы іншыя пары, я ніколі нават думкі не мела, што яны могуць развесціся. «Раз і назаўсёды» — адзіны пасыл, які я адрасавала маладым.

Ганна Курак, «Звязда»

0
Павел Ас / адказаць
31.01.2019 / 12:49
Прыемны артыкул.
0
кронан / адказаць
31.01.2019 / 13:46
Дарэчы, ў Лідзе ЗАГС таксама ў гістарычным будынку. Доміку кіраўніка колішняга Лідскага павету, пабудаваным ў міжваенны час з уласцівымі тым часу архітэктурнымі асаблівасцямі.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31