Знайсці
01.02.2019 / 12:3228РусŁacБел

Расійскі журналіст: Беларускі нацыяналізм — гэта сучасная і прагрэсіўная з'ява

Чаму беларусам не варта кіравацца «праеўрапейскім маніфестам», падпісаным інтэлектуаламі Еўропы (у тым ліку нашай Святланай Алексіевіч), разважае расійскі публіцыст і філосаф Максім Гаруноў. 

Трыццаць інтэлектуалаў, уключаючы Бернара Анры-Леві, Святлану Алексіевіч і Мілана Кундэру, напісалі маніфест аб тым, што Еўропе пагражаюць папулісты, якія эксплуатуюць рыторыку нацыянальнай ідэнтычнасці. Аўтары лічаць, што праз 30 гадоў пасля падзення Берлінскай сцяны нацыяналісты будуюць яе нанова. На думку аўтараў, Еўропа павінна нагадаць сабе, у імя чаго яна стала адзінай, і адвярнуцца ад папулістаў. Тым больш што за многімі з іх стаіць Уладзімір Пуцін, лічаць аўтары.

Чытайце таксама: Алексіевіч, Кундэра, Памук ды іншыя заклікалі абараніць Еўропу ад палітыкаў-папулістаў і Пуціна 

Якое дачыненне гэты маніфест мае да Беларусі?

Адназначна ніякага. Нацыяналізм у сучаснай Беларусі і нацыяналізм у сучасных Польшчы і Венгрыі — гэта розныя з'явы, ні разу не падобныя адна да адной.

Загадка стагоддзя.

Венгерская і польская нацыі даўно адбыліся. На дадзены момант этнічныя, моўныя, рэлігійныя, палітычныя ідэнтычнасці грамадзян Венгрыі і Польшчы надзейна абаронены.

Ніхто не замахваецца на польскую мову ў Польшчы і на венгерскую — у Венгрыі. Багаслужбы ў царкве, дэбаты ў парламенце, меню ў кафэ, навіны на тэлеканалах, выступы адвакатаў у судзе, каманды ў арміі і лекцыі ва ўніверсітэце ідуць на родных для палякаў і венграў мовах.

І ў Польшчы, і ў Венгрыі дзяржаўныя межы строга вызначаны і знаходзяцца пад абаронай і іх армій, і армій іх саюзнікаў. Правы польскай і вугорскай этнічных меншасцяў у суседніх краінах гарантаваныя міжнароднымі дамовамі.

У абедзвюх краінах ёсць свае гуманітарныя даследчыя інстытуты.

Калі вугорац захоча азнаёміцца ​​з гісторыяй Венгрыі як з гісторыяй развіцця вугорскага народа, у яго будзе такая магчымасць. Меркаванне Аўстрыі, сваёй былой метраполіі, ён можа ігнараваць. Ужо сто гадоў не Аўстрыя распавядае венграм пра тое, хто такія венгры. Венгры гавораць пра сябе самі. Гэта прынцыповы момант.

Ні палякі, ні венгры не ведаюць нацыянальнага прыгнёту. Упершыню за апошнія дзвесце гадоў палякаў не прымушаюць быць расейцамі, а венграў — аўстрыйскімі немцамі.

Нацыянальны даўгабуд.

У адрозненне ад Польшчы і Венгрыі, распад СССР не зрабіў Беларусь вольнай. Яна застыла на выхадзе з імперыі, ля ўваходу: быццам бы сышла, а быццам бы і не.

Да гэтага часу ніхто дакладна не ведае, каму служыць беларуская армія: Менску ці Маскве? Калі маладыя беларусы даюць прысягу, яны прысягаюць на вернасць толькі Мінску або і Маскве таксама? 

Самае важнае: беларуская мова павольна знікае, як быццам працэдуры асіміляцыі так і не адмянілі. Намаганняў, якія прыкладаюць грамадзянскія актывісты, відавочна недастаткова, каб выправіць становішча.

На дадзены момант Беларусь — апошняя нацыя Еўропы, якая яшчэ будуецца. І хоць яе будаўніцтва вядзецца ўжо паўтара стагоддзя і ёсць адчувальныя вынікі, да завяршэння будаўнічых работ яшчэ доўга.

Норма vs загадка.

Беларусам як нацыі патрэбен пакет універсальных правоў і свабодаў у перакладзе на іх родную мову.

У чыстым выглядзе ўніверсальныя правы і свабоды існуюць толькі ў свеце ідэй. Калі справа даходзіць да практыкі, неабходны пераклад на лакальныя мовы, адаптацыя да лакальных культур.

У венграў і палякаў такі пераклад ужо ёсць. У нашы дні правам і свабодам венграў і палякаў могуць пагражаць толькі венгры і палякі. Прычым венграм — менавіта венгры, а палякам — менавіта палякі.

Нацыяналізм у сучаснай Беларусі — гэта мадэрновая, прагрэсіўная з'ява. Беларусы патрабуюць таго, чаго ў іх няма. Гэта зразумела, лагічна і чакана, бо да іх дзясяткі народаў патрабавалі таго ж.

Нацыяналізм сучасных Польшчы і Венгрыі — абсалютная загадка.

Венгерскія і польскія нацыяналісты патрабуюць тое, што ў іх ёсць. Як яны, жывучы ў сваіх шчасных нацыянальных дзяржавах, прыйшлі да пераканання, што ім трэба другі раз пачынаць нацыянальна-вызваленчую барацьбу — аднаму богу вядома.

Відаць на ўсім, найбліжэйшыя гады гуманітарыі ўсіх краін будуць вывучаць досвед палякаў, а не беларусаў. Выпадак беларусаў, паўтаруся, просты і да аскомы сумны: яшчэ адна былая калонія хоча вярнуцца ў Еўропу — каго гэтым здзівіш?

А вось гісторыя пра тое, як некалькі народаў, маючы поўны пакет свабод, пераканалі сябе ў сваім бяспраўі — гэта царскі падарунак для даследчыкаў ірацыянальных паводзін.

Не адзін і не два дзясяткі міжнародных экспертных інстытутаў залацяцца, тлумачачы, як гэта ў іх атрымалася.

Палітолаг Іван Красцеў, да прыкладу, лічыць, што прычына ірацыянальных паводзін у новых медыя: сацыяльныя сеткі згушчаюць фарбы мацней, чым радыё, тэлевізар і папяровыя газеты. Таму навіны аб «наплыве мігрантаў з краін трэцяга свету», трапіўшы ў сацсеткі, змаглі так напалохаць венграў і палякаў.

У кожным разе, навуцы пакуль невядома, што трэба рабіць, каб, знаходзячыся на піку поспеху, адчуць сябе прыніжаным і абражаным. Але адно мы ведаем дакладна: нічога падобнага і блізка няма ў Беларусі.

Каб беларускія нацыяналісты згубілі галаву, як нацыяналісты Польшчы, ім трэба перавесці Беларусь на беларускую мову, абагнаць Эстонію па тэмпах эканамічнага развіцця і як след забудаваць Мінск хмарачосамі. То бок, у маніфесце гаворка ідзе пра небяспеку, якая будзе чакаць беларусаў ужо пасля таго, як у іх усё ўдасца.

Максім Гаруноў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера