Знайсці
15.02.2019 / 17:032РусŁacБел

Тытанічная праца рэстаўратараў і сапраўдны Януш Радзівіл: у Мастацкім музеі праходзіць выстава «Адкрыццё сапраўднага» — шмат ФОТА

У Нацыянальным мастацкім музеі новая выстава. У чатырох залах 26 музейных рэстаўратараў выставілі ўзоры сваёй працы рознай ступені гатоўнасці. Побач з работамі — стэнды, на якіх відаць усе этапы рэстаўрацыі.

Рэнтген, ультрафіялет, інфрачырвонае выпраменьванне — працэдуры, якія даюць пабачыць элементы, схаваныя пад слаямі жывапісу. Вось «Партрэт невядомай» Івана Хруцкага — а вось аўтарскі рысунак, які з'явіўся з-пад жывапісу ў інфрачырвоным спектры.

Побач з арыгінальным партрэтам невядомага маладзёна павесілі яго ж рэнтгенаграфію. На ёй відаць шыкоўны карункавы каўнер, замаляваны пазнейшымі мастакамі. Лак на карцінах з часам цямнеў, многія элементы станавіліся нябачнымі. Той, хто браўся паднаўляць карціну, часам дзейнічаў навобмацак. Пасля такога паднаўлення, відаць, каўнер і прапаў.

«Партрэт маладога чалавека ў капелюшы з пяром», майстар невядомы. Побач з арыгіналам — рэнтген, на якім праявіўся шыкоўны карункавы каўнер.

Суседні стэнд паказвае, як рэстаўратары бяруць шурфы і вызначаюць, колькі разоў перапісвалі карціну. З дзясятка месцаў хімікі бяруць пробы — драбнюткія кавалачкі жывапісу — і выносяць вердыкт пра колькасць слаёў. Гэтыя пробы ў празрыстай эпаксіднай смале якраз і выставілі. Рэстаўратарам трэба мець не толькі мастацкую адукацыю, але і выдатна разбірацца ў хіміі.

На выставе ёсць не толькі жывапіс, але і мэбля, тканіны, графіка.

Узоры адрэстаўраванай мэблі.

Рэстаўраваны арнат — літургічнае адзенне каталіцкіх святароў, канец XVIII стагоддзя. Пры стварэнні арнатаў выкарыстоўваліся фрагменты шаўковых, «слуцкіх» паясоў.

Ёсць і прыклад рэстаўраванага старадруку. У кнігазнаўчых колах такая рэстаўрацыя выклікае неадназначныя рэакцыі. Калі шчарбатыя, надтрэснутыя дошкі вокладкі змяняюць на гладкую сучасную скуру, а са старонак счышчаюць векавы воск і сляды дзясяткаў чытачоў, 400-гадовая кніга становіцца падобна да муляжу, мяркуюць даследчыкі.

Віленскае Евангелле 1600 года пасля рэстаўрацыі.

Знакамітая літаграфія (адбітак з каменя) з выявай мінскай плошчы Свабоды. Паказана, як рэстаўратар ачышчаў, выбельваў і падклейваў паперу.

Ёсць на выставе і два незвычайныя абклады — срэбны і медны. Першы больш дыхтоўны, вытанчаны. Другі ў афармленні, можа, трохі прасцейшы, але ствараўся з большымі пакутамі. Звычайна абклады рабілі з латуні або каштоўнага металу, але гэты надзвычай рэдкі — цалкам медны. Больш за тое, з ртутным залачэннем. Каб стварыць такое, золата трэба было разбаўляць у ртуці, а потым усё гэта наносіць на метал. Ртуць выпаралася, а золата асядала вельмі тоўстым слоем і трывала пранікала ў структуру металу. Здароўя невядомаму майстру пасля такой працы яўна не дадалося.

Медны абклад абраза «Маці Божая Адзігітрыя Рымская (Снежная)». Цёмны прастакутнік унізе — паціна. Такім быў увесь абклад, калі патрапіў у рэстаўрацыю. Паводле падання, у сярэдзіне IV стагоддзя на адным з рымскіх пагоркаў дзева Марыя здзейсніла цуд — паказала снег у жніўні. На іконах Марыя Снежная звычайна трымае хусцінку, а Ісус у яе на руках — кнігу.

Шкада, што адкрыццё выставы прайшло скамкана. Сёлета музей адзначае 80-годдзе, і 40 хвілін імпрэзы занялі прамовы музейных дабрадзеяў і ганаровых гасцей. Героям выставы — рэстаўратарам — слова не далі, хоць наведнікі чакалі. Кожны рэстаўратар, здаецца, з радасцю расказаў бы пра работу, якой аддаў год жыцця.

А пакуль расшукаць рэстаўратараў можна хіба супаставіўшы фота на стэндзе з тварамі ў залах.

Вось маладая рэстаўратарка Кацярына Грачова, над святой Тэкляй працавала якраз год. Кажа, першыя тыдні ўспамінаць страшна. Калі ікону прынеслі, яна была ў заклейцы: такую рэстаўратары наклейвалі на творы ў кепскім стане — каб не страціць фарбавы слой. Але клей на іконе, відаць, быў замоцны. Заклейка намёртва прыліпла да жывапісу і не хацела адыходзіць без яго, кажа Кацярына. Прыйшлося аддзяляць скальпелем паперу ад фарбы, прыклейваць фарбу назад, і ўсё гэта літаральна па міліметры…

Гэту святую музейшчыкі доўгі час лічылі Фіёнай, пакуль не раскрылі запіс унізе іконы, дзе так і было падпісана — «Тэкля». «Ікона была як слаёны пірог: прафілактычная заклейка, затым позні верхні слой, потым грунт, стары слой лаку і бруду і нарэшце два слаі жывапісу».

Падчас рэстаўрацыі выявілася, што дэталі іконы значна змененыя ў ХІХ, а можа і ў ХХ стагоддзі. Напрыклад, у арыгінале Тэкля трымала ў руцэ не пальмачку, а крыж. Крыж Кацярына раскрыла. Так праявіўся і першапачатковы, ясна-нябесны фон іконы. Але ўвесь яго раскрываць не будуць: ніжні слой захаваўся вельмі блага.

Белыя фрагменты — месцы страт. Тут будуць выконвацца таніроўкі. Кожны рэстаўратар разважае, якія фрагменты мае права ўзнавіць, а якія лепш пакінуць як ёсць. «Задача рэстаўратара — зрабіць так, каб страты не перашкаджалі ўспрымаць твор. У той жа час, у вас не павінна ўзнікаць уражання, што працу толькі што напісалі», — тлумачыць рэстаўратарка. Рэстаўрацыя мае акрэсленую філасофію. Калі страчаны вялікія кавалкі, іх звычайна не ўзнаўляюць. «Трэба паказаць, што ў твора ёсць нейкая гісторыя — ён прайшоў скрозь час, мы не маем права ўзяць і размаляваць яго так, як нам падабаецца».

«За шкоднасць нам выдаюць малако, — смяецца рэстаўратарка. — Наша норма — паўлітра на дзень. Бялок выводзіць шкодныя элементы. Мы стараемся працаваць у масцы, але не заўжды гэта зручна. У абед трэба выходзіць на двор падыхаць. Лятучыя растваральнікі, з якімі мы працуем, адчуваюцца на языку. Таму калі разумею, што мне пачынае шчыпаць язык — значыць усё, stop it».

Святая Тэкля і фрагменты яе жыція. Тэклю спрабавалі скарміць цюленям і разарваць быкамі, напусцілі на яе мядзведзіцу, льва і львіцу. Цюленя і львоў мастак намаляваў па сваіх уяўленнях, наіўна, але надзвычай міла. Быкі выйшлі куды больш рэалістычна. А на галоўнай выяве побач з Тэкляй, відаць, тая самая мядзведзіца.

А гэты «Пакроў» XVIII стагоддзя Аляксандр Лагуновіч рэстаўруе яшчэ толькі трэці месяц, ікона паступіла ў рэстаўрацыю 8 кастрычніка. Белыя квадраты — прафілактычнае заклейванне, зробленае ў 1960-1970-я. З часам заклейка становіцца не панацэяй, а злом: клей старэе і адрывае кавалкі фарбы, расказвае рэстаўратар. Пасля тэхнічнай рэстаўрацыі — умацавання фарбы, склейкі дошак, якія трэснулі, — стала магчымым як след разгледзець выяву.

Рэстаўратар Аляксандр Лагуновіч і ягоны «Пакроў» — перад і ў працэсе рэстаўрацыі.

Ікона аказалася незвычайная. Пакроў — сюжэт, больш папулярны сярод праваслаўных і ўніятаў. Але выяўлены спрэс каталікі: святы Казімір у чырвонай мантыі з гарнастаем, манахі-францысканцы, па другі бок ад Багародзіцы — невядомая каралеўская асоба, манахі-дамініканцы і невядомы папа рымскі ў тыяры.

«Мы вырашылі захаваць аўтэнтычнасць твору. Усе фрагменты страт па знешнім перыметры замацаваныя, зроблена бартавое ўмацаванне жывапісу. Краі будуць затаніраваны пад колер дрэва», — тлумачыць Аляксандр. Важна, каб нішто не перашкаджала ўспрымаць вобраз. Зараз белыя рэстаўрацыйныя грунты вельмі дробняць выяву, але іх затаніруюць. Прытым такая таніроўка не вечная: калі нехта з будучых пакаленняў саспее перарабіць ікону і дакажа, што цяперашні яе від не аптымальны — зможа гэта здзейсніць, тлумачыць рэстаўратар.

Гвозд выставы — абноўлены, арыгінальны партрэт вялікага гетмана Януша Радзівіла. Партрэт стаў хрэстаматыйным, па ім вывучалі магнацкія строі і інтэр’еры… Аднак рэнтген паказаў, што ўсё гэта стварылі рэстаўратары ХІХ стагоддзя! Два гады ў сучасных даследчыкаў пайшло на тое, каб расчысціць арыгінал. А ў ім — адразу некалькі загадак. Вопратка і абутак — іншых колераў і фасонаў, унізе карціны адкрыўся даспех…

Падрабязней пра загадкі партрэта Януша Радзівіла чытайце ў №2 «Нашай гісторыі».

А выставу можна наведаць да 17 сакавіка, штодзень, з 11 да 19 гадзіны. Білет каштуе 8 рублёў для дарослых, 4 рублі — для школьнікаў і студэнтаў (у апошнюю сераду месяца ўваход для дарослых 3 рублі, для школьнікаў і студэнтаў — 2).

Паўліна Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера