Знайсці
08.05.2019 / 14:132РусŁacБел

«А ў калгасе добра жыць: адзін робіць, сем ляжыць»: як савецкая сістэма перамалола працавітых хутаранцаў

Неяк ва ўніверсітэце давялося пачуць: «А калгасы ўсё ж сыгралі аб’яднаўчую ролю. Інакш сяляне дагэтуль бы жылі па хутарах». І памяць панесла мяне да маіх продкаў, хутаранцаў… Успамінае педагог з Магілёва Міхась Булавацкі.

Міколка і Марыйка Булавацкія. Фота зроблена неўзабаве пасля арышту іх бацькі. Страх і сум чытаецца ў дзіцячых позірках.

У пачатку ХХ стагоддзя генерал Іосіф, або Юзаф, Жылінскі, знакаміты геадэзіст і меліяратар, які валодаў значнай часткай Палесся — ад Пінска да Глуска, — пачаў асушваць усходнюю частку сваіх земляў з мэтай іх далейшага продажу.

Сам ён жыў у Санкт-Пецярбургу, але меў маёнтак у Пінску і «дварэц» каля Глуска Пагарэлага (зараз там вёска Дварэц). Заглядваў ён у свой «дварэц» нячаста, і кожны ягоны прыезд быў значнай падзеяй для мясцовых паноў. Пан Парэбскі з Барысаўшчыны, пан Земскі з Радуціч, пан Карытнянскі з Карытнага, пан Дараган з Дараганава, пан Зубаў з Глушы ды іншыя навакольныя паны, святары і служылыя людзі з’язджаліся ў гэты час у «дварэц», каб паслухаць чалавека, які шмат паездзіў па Расіі і Еўропе, асушваючы балоты і парадкуючы зямлю.

Аднойчы Жылінскі прыехаў з каморнікам, які пачаў адмерваць і адзначаць для продажу зямельныя надзелы («наразаць рэзы», як тады казалі) паміж Глускам і Асіповічамі, цяпер — паўночная частка Глускага раёна Магілёўскай вобласці.

Больш за сорак гадоў, якія мінулі пасля адмены прыгоннага права ў Расіі, прывялі да таго, што вольныя людзі пачалі паціху разжывацца і ўжо мелі грошы для набыцця зямлі.

Восы, Масты і Тоўсты Лес

Для зручнасці Жылінскі пачаў пракладаць дарогу ад Яўсеевіч да Дараганава праз Земшчыну, а лес, які па дарозе і паўз яе павінен быць высечаны, прадаў нейкаму купцу. Купец разгарнуў працу хутка і шырока, наймаў людзей для нарыхтоўкі і вывазу лесу і дроў. Прывёз спецыялістаў, у Сімонавічах збудавалі пілараму, дзе пілавалі бярвёны на брусы і дошкі, нарыхтоўвалі палазы для саней, дугі, абады і спіцы для калёсаў. У Ясянцах выпальвалі вугаль, у смалакурнях здабывалі смалу, у дзягцярнях — шкіпінар і дзёгаць. Усё гэта актыўна прадавалі, тым болей што чакалася масавае перамяшчэнне людзей на новыя, пакуль неабжытыя месцы.

Купец меў немалы набытак і добра аплачваў працу. Нарыхтоўшчык лесу за дзень працы атрымліваў 20 капеек, а конь, які вывозіў лес, — 30 капеек, таму ездавы з канём зарабляў па 50 капеек у дзень — па тых часах немалыя грошы.

На будаўніцтве дарогі і на меліярацыйных работах Жылінскі аплачваў па 20 капеек за 6 метраў выкапанай канавы. Керамічныя дрэнажныя трубкі прывозілі з Галандыі.

Дровы вазамі («казакамі» — так называлася мера дроў на адзін воз) вазілі ў Бабруйск і ў Асіповічы. Вяртаючыся з Бабруйска, ездавы, мінуўшы Глушу, звычайна дазваляў сабе спыніцца ў карчме, каб выпіць стопку і заесці баранькай з таранькай, што каштавала паўтары капейкі. Пасёлак так і сталі называць — Карчма. І хоць у 60-я гады яго перайменавалі ў Дачнае, мясцовыя людзі працягвалі называць яго Карчмой.

Заробак у пана і ў купца выдавалі штотыдзень. Можна было атрымаць яго манетамі або паперкамі.

Мужыкі выбіралі паперкі, бо манеты часта выслізгвалі з дзіравых кішэняў і губляліся.

Рэз з лесам прадаваўся за 120 рублёў, а той, які быў ужо ачышчаны, — за 95. Хто набываў рэз з лесам, шмат выйграваў, бо прадаваў лес купцу, і зямля тады атрымлівалася амаль задарма. Ды і сабе чалавек пакідаў лесу на будаўніцтва хаты ды іншых пабудоў, яго не трэ’ было купляць. Але 120 рублёў не ў кожнага знаходзіліся. З цяжкасцю нашкрабалі 95 і куплялі голую зямлю. А тады ўзнікала праблема: дзе ўзяць лесу на хату? Выйсце было простае: хадзілі красці лес у больш удачлівага суседа, з-за чаго ўзнікалі бойкі. Але ўсё ж такі паступова на рэзах вырасталі хутары.

Беларуская вёска вачыма фатографа Льва Дашкевіча. 1923 год. Фота: НГАБ.

Людзі засялялі купленыя ці арандаваныя землі, будавалі дамы, гаспадарчыя збудаванні, раскарчоўвалі месца пад поле, засявалі яго спачатку просам (на раскарчаваных землях яно расло найлепш), жытам, бульбай, прыдумлялі назвы прыкметным мясцінам. Так з’явілася назва Восы, бо тут было шмат асіных гнёздаў. Назва Масты ўзнікла там, дзе дарогу перасякалі дзве канавы, праз якія пракладзеныя масткі. А Тоўсты Лес — гэта ўчастак з магутнымі старымі дрэвамі, які ніхто не купіў, бо давялося б доўга мучыцца, каб яго расчысціць.

Людзі працавалі цяжка і многа, але з ахвотай, бо радаваліся, што нарэшце маюць свой уласны кавалак зямлі.

І верылі, што іх дзеці і ўнукі будуць на гэтай зямлі гаспадарыць.

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. Фота Льва Дашкевіча.

Хутаранцы Булавацкія

Мой дзед па мячы Іван Булавацкі з Рудні набыў рэз зямлі з лесам за 120 рублёў. А за дзве вярсты ад хутара Івана Булавацкага паставілі хутары браты Навум і Рыгор Булавацкія з Амінавіч, што за Асіповічамі.

Яны не мелі сродкаў, каб купіць зямлю ў Жылінскага, таму ўзялі надзелы зямлі ў пана Земскага ў арэнду. У Земскага зямлі было няшмат, і прадаваць яе ён не хацеў.

Пятро Булавацкі, турэмнае фота.

Іван і Навум з Рыгорам пазнаёміліся, падзівіліся супадзенню прозвішчаў, не надта распаўсюджаных, пашукалі супольныя карані, не знайшлі і супакоіліся ў сяброўстве. Пазней Іванаў Пятро пакахаў Навумаву Анцю, хутка і вяселле згулялі.

Цярэнта, Анця, Пятро.

А пра супадзенне прозвішчаў маіх дзядоў па мячы і па кудзелі засталася цікавая сямейная легенда. Нібыта гэта дзве галінкі роду знакамітага ў XVIII стагоддзі амінаўскага каваля Булавы. Легенда змешчана ў кнізе «Гісторыя Завалочыцкага лясніцтва» майго брата Мікалая Булавацкага, якога лес уратаваў ад гібелі падчас вайны. І ён аддаў яму доўг, больш за 50 год працуючы ў лясной гаспадарцы. Будучы 35 гадоў ляснічым, Мікалай назбіраў ад людзей цікавых звестак пра тое, што адбывалася на землях лясніцтва раней. Пераважна на падставе ягонай кнігі створаны і гэты тэкст.

Міжчассе

Надышоў 1917 год. Хутаранцы не ведалі, што там адбывалася ў вялікіх гарадах, але заўважылі, што некуды пазнікалі паны і ніхто ўжо не патрабаваў арэнднай платы. Панскія лясы раптам сталі нічыйнымі, ніхто не забараняў там рэзаць лес, і людзі актыўна карысталіся такой вольніцай. На кожным хутары паўставалі прыбудовы да хат, стопкі, хлявы, гумны, азяроды. Хутаранцы багацелі, абзаводзіліся крамнай мэбляй у хаты, атынкоўвалі сцены і вешалі на іх дываны.

Мусіць, тады якраз і з’явілася прымаўка: хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар.

Праўда, праз некалькі год адно слова ў прымаўцы змянілася.

Вольніца скончылася ў 1924 годзе, калі дэкрэтам новай улады была ўведзена дзяржаўная ахова лясоў і планавае вядзенне лясной гаспадаркі.

Пералом

У 30-я гады пачалася калектывізацыя. Людзей, хто ўмеў і хто не ўмеў гаспадарыць, аб’ядноўвалі ў калгасы. Але як стварыць калгас на хутарах?

Недзе ў годзе 1938-м было выдзелена месца пад вёску, і хутаранцам загадалі перавозіць хаты ды перасяляцца самім. Пад гэтае перасяленне выдзяляўся дзяржаўны крэдыт. Вёску назвалі Восы, бо так называлася мясціна, выдзеленая для перасялення.

Увогуле, людзі тады не замарочваліся прыдумляннем назваў, немудрагелістыя найменні ўзнікалі самі па сабе. Невялічкі пасёлак, які адпаведным чынам ствараўся за пару кіламетраў ад Восаў, назвы не меў. І калі ў жыхара пасёлка пыталіся «Дзе жывеш?», адказ часцей быў такі: «Ай, там, каля Восы». Каля Восы, каля Восы — так і сталі называць пасёлак: Калявосы.

Пятро Булавацкі адразу паверыў у ідэю калгаса, яму яна здавалася выдатным крокам у развіцці сельскай гаспадаркі. Гуртам справа ўсё ж робіцца хутчэй. Як кажуць, было б нас сямёра — зрабілі б учора. Але такіх, як ён, было мала, большасць хутаранцаў не спяшаліся перасяляцца. Ды спяшалася дзяржава. Да тых, хто доўга раздумваў, прыязджалі людзі, раскідалі хату і дапамагалі перавезці, а складаў на новым месцы гаспадар ужо сам. Тым, хто перасяляўся хутчэй, выдзялялі сядзібы большай плошчы.

Калгас «Чырвоны колас» і вёска «Оси-Телега»

Восенню таго ж года ў Восы прыехаў упаўнаважаны з райцэнтра — ствараць калгас. Калгас ён назваў «Чырвоны колас». Нехта паспрабаваў запярэчыць, што колас не бывае чырвоным, але ўпаўнаважаны зрабіў выгляд, што недачуў.

Недачуў ён і назвы вёсак, якія аб’ядноўваліся ў калгас. Запісаў праз злучок: Восы-Калёсы. Так дзве вёскі займелі дзіўную супольную назву. Пазней выкарыстоўвалі звычайна другую частку назвы для абедзвюх вёсак: Калёсы. А вяскоўцаў пачалі зваць калясянцамі.

Вялікая праблема ўзнікла пры перадачы гэтай назвы на рускай мове. Перакладчыкі ведалі, што восы — гэта «осы», а калёсы — «телега». Але «Осы-Телега» выглядала зусім парадаксальна. Таму памянялі адну літару. Дзе-нідзе ў дакументах можна сустрэць назву вёскі «Оси-Телега». Гэта пра калгас «Чырвоны колас». Старшынёй калгаса абралі Арцёма Жлобіча, разумнага і працавітага мужыка, але непісьменнага. Ён падпісваўся двума крыжыкамі.

Каб пракарміцца, трэ’ было красці

Вёскі пачалі прывыкаць да новага калгаснага жыцця. Але прывыкалася цяжка. Як гэта: вось тая карова была маёй, а цяпер яна ўсіхная? Хто ж яе дагледзіць так, як я? На сваім кані еду — аберагаю яго, а на чужым — лупцую пугай, не шкадуючы. Ну і што, што яны абодва калгасныя? Людзі не маглі разабрацца: калгаснае — гэта маё ці чужое? Працую на калгас — гэта на сябе ці на нейкага пана? Выходзіла, што на пана раней было выгадней працаваць, пан шчадрэй плаціў. І руплівасць на калгаснай працы была невялікая. З’явілася новая прымаўка: «У калгасе добра жыць, адзін робіць, сем ляжыць. А як сонца прыпячэ, дык і гэты ўцячэ».

Гэтую прыпеўку прыдумалі не ў «Чырвоным коласе», але трапныя словы распаўсюджваюцца хутка.

Плата за калгасныя працадні была невялічкая, таму, каб пракарміцца, трэ’ было красці. А красці ў калгасе — гэта ж не ў сябе. «Хто ў калгасе не злодзей, той дома не гаспадар». «Калгаснае» і «маё» неяк не аб’ядноўваліся. Але іншага жыцця ўжо не было…

«Сексот»

На пачатку 1941 года ў Восах з’явіўся новы жыхар. Барыс П. ажаніўся з жанчынай з Восаў, і спачатку яны жылі ў ягоным доме ў Дрочаве. Але пасля таго, як у Дрочаве арыштавалі некалькі чалавек, Барыс пераехаў з сям’ёй у Асіповічы. Прайшлі арышты ў Асіповічах, і П. пераехаў у Восы, дзе стаяла хата яго жонкі.

Вяскоўцы сустрэлі новага жыхара насцярожана. Па-першае, за ім ішла слава «сексота» (ад слоў «секретный сотрудник»; у пасляваенны час слова «сексот» між намі, дзецьмі, было самай вялікай абразай, хаця сэнсу слова мы не разумелі). Нібыта гэта па ягоных заявах арыштоўваліся людзі. Па-другое, ён быў камуністам, а людзі ведалі, што калгасы стваралі камуністы, і не вельмі прыязна ставіліся да партыйных.

Трэ’ было выбіраць новага старшыню. Непісьменнасць Жлобіча стварала немалыя праблемы. А Барыс П. скончыў сямігодку і быў, такім чынам, самым адукаваным у Восах. Адпаведна, ён меў намер заняць пасаду старшыні. Але калгаснікі схіляліся да кандыдатуры Пятра Рыбака, які меў некалькі класаў адукацыі і быў добрым гаспадаром, а галоўнае — добра знаёмым у Восах чалавекам.

Вясной Пятро Булавацкі, на той час загадчык фермы, Андрэй Рыбак (бацька Пятра) і Барыс П. павезлі ў Асіповічы прадаваць на рынку калгасную прадукцыю: масла, смятану, тварог, драўляныя вырабы (дугі, тапарышчы, касільны) і металічныя (сярпы, косы). Металічныя рэчы вырабляў каваль Васіль Булавацкі, брат Пятра.

Алесь Герман, турэмнае фота.

Усё прадалі, утаргавалі ўдала і па вяртанні вырашылі адзначыць удачу. Сабраліся ў хаце Васіля, дзе быў і ягоны малатабоец Алесь Герман. За чаркай разгаварыліся пра сваё жыццё.

— Вось як выходзіць, — сказаў Васіль. — Раней, як жылі аднаасобна, год папрацуеш — на два гады хапае. А зараз у калгасе год працуеш — праз паўгода есці няма чаго.

Ніхто не запярэчыў, бо тое было праўдай. Пачалі шукаць, хто вінаваты. Дайшлі да Сталіна.

— А што Сталін! — заўважыў адзін. — І яго з работы могуць зняць.

Пабалбаталі і разышліся. А праз колькі дзён у Восы прыехала чорная машына. Забралі чатырох. Акрамя Барыса П.

Але стаць старшынёй «Чырвонага коласа» яму ўсё ж не было наканавана: праз два месяцы пачалася вайна…

Фінал

У вайну Восы і Калявосы, як і шмат іншых навакольных вёсак, фашысты спалілі разам з людзьмі, якія не паспелі ўцячы ў лес. Пасля вайны вёскі адбудаваныя.

Наваствораны калгас назвалі ўжо «Ленінскі шлях». Але ішлі тыя вёскі па «ленінскім шляху» менш за 30 год.

У канцы 60-х улады прызналі іх «неперспектыўнымі», а людзі пачалі адтуль раз’язджацца ў «перспектыўныя» вёскі ці ў гарады. У 1975 годзе Восы-Калёсы пакінуў апошні жыхар.

Цяпер там ні хутароў, ні калгасаў. Лес паступова вяртае сабе сваё.

Андрэй Рыбак і Алесь Герман з ГУЛАГа не вярнуліся. А бацька і ягоны брат яшчэ здолелі пабачыць радзіму. Бацька паспеў даць жыццё мне. На большае ягоных сілаў не хапіла…

Міхась Булавацкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера