Знайсці
19.04.2019 / 08:50РусŁacБел

Шашлыкі, сквар і бойкі да смерці: як беларусы адбудоўвалі Ташкент

Паўстагоддзя таму Ташкент перажыў катастрафічны землятрус, але за паўтара года быў цалкам адноўлены. На адбудову горада за 4000 км выправіліся і беларусы. Але ў Азіі многае здалося для іх чужым і дзікім, піша гісторык Павел Булаты.

Як беларускія будаўнікі ехалі ў Ташкент. Фота Юрыя Іванова.

У красавіку 1966 года ў Ташкенце праходзіла дэкада беларускай літаратуры і мастацтва ва Узбекістане. Беларусы прывезлі артыстаў. На 26 красавіка планавалася ўрачыстае закрыццё мерапрыемства. Аднак а 5.23 раніцы ў сталіцы Узбекскай ССР адбыўся разбуральны землятрус. За 1 хвіліну 2 млн м2 жылля было разбурана, больш за 300 тысяч чалавек засталіся без прытулку.

У прэсе БССР ташкенцкія навіны не мелі шырокага асвятлення: лейтматывам красавіцкіх нумароў была падрыхтоўка рэспублікі да майскіх святаў, пасяўная і выбары 12 чэрвеня ў Вярхоўны Савет СССР 7-га склікання… Перадавы артыкул «Звязды» на наступны дзень пасля землятрусу быў прысвечаны якраз… урачыстаму закрыццю дэкады беларускай культуры. Прытым што ў той абстаноўцы наўрад ці магло адбыцца нейкае закрыццё: найхутчэй, у газеце змясцілі шаблонную, загадзя падрыхтаваную інфармацыю. Ніякіх нечаканасцей тады не прадугледжвалася. Але праігнараваць звесткі пра разбуральныя падзеі не маглі — у тым жа нумары надрукавалі зводкі ТАСС пад агульным загалоўкам «Пасля землетрасення ў Ташкенце».

Ва Узбекістан — пабачыць свет

Адной з асаблівасцей Савецкага Саюза былі грандыёзныя «ўдарныя камсамольскія будоўлі». Калі ў сталінскія часы дзяржава выкарыстоўвала бясплатную працу вязняў ГУЛАГа, то пасля ўлады звозілі моладзь з розных рэспублік працаваць разам. Для юнакоў у гэтым была і рамантыка, і магчымасць зарабіць.

Сярод такіх праектаў было і аднаўленне Ташкента пасля красавіцкага землятрусу. З Беларусі туды выехалі каля 300 будаўнікоў і інжынерна-тэхнічных работнікаў.

З-за спецыфічнай ежы і нізкаякаснай вады будаўнік Мікалай Аляксеенка вярнуўся ў Беларусь з язвай страўніка.

— Была ў нашым будаўнічым інтэрнаце вечарына. Быў там і камсарг. Ужо добра так разгуляўшыся, кажа: маўляў, паехалі, хлопцы, у Ташкент — дый паехалі. Мы казалі: добра, едзем! Праз колькі дзён вылоўлівае і кажа: «Пайшлі афармляцца ў Ташкент». Во халера! Думаў на жарт усё, а тут на табе! І не адмовішся, трэба ехаць, — распавядзе Мікалай Фёдаравіч Аляксеенка, беларускі прафесійны будаўнік, які ў 23 гады выправіўся ў Ташкент. — Мы якраз скончылі будаваць Палац спорту на Нямізе, здалі на майскія. А потым усё, заробку не было. Добра плацілі на будоўлях вялікіх, але хто возьме. На цаліну ўжо не вазілі, на Поўнач ехаць — ды ну яе… Адмарозіш усё там сабе! А тут — Ташкент, і зарабіць рубель можна.

У Ташкенце Мікалай Аляксеенка атрымаў новы камсамольскі білет (у старым якраз скончыліся старонкі). Так беларус займеў дакумент з надпісамі на ўзбекскай мове.

Ва Узбекістан тады паехала вясковая моладзь, што была на заробках у горадзе. У Мінску будаўнік зарабляў 70—100 рублёў, у Ташкенце — да 208-мі.

— Я ўжо гадоў сем як у Мінску жыў, уцёк з вёскі, бо што там? Работы не было ну ніякай! Конюхам хіба да смерці рабі. Галеча была. А ў Мінску што бачылі? Інтэрнат адзін. З адной палучкі порткі купіш, а на пінжак другую чакай. У Ташкент ехалі хто зарабіць, а хто думаў там і застацца. Ну і свет паглядзець!

Цяжкая дарога

Як беларусы дабіраліся да Ташкента? Бо ці мала — 4 000 кіламетраў.

— Выехалі з Мінска ў чэрвені. Дзён з дзевяць ехалі. Спачатку даехалі да Масквы, там доўга стаялі, нечым грузіліся. Потым да Куйбышава, лёгка было. А вось за ім пачалося: лета, спёка, а мы праз стэп ды пустыню. Цягнік гружаны — людзьмі на тры паліцы, матэрыялам, — ледзь пхнецца. Награваецца ўсё, акно не адкрыць — буры пяском засыпаюць. Смажыць. Дзе на якіх станцыях спыняліся, абедалі гарачым, пілі. Едзем, бачым: лужа нейкая. Кажуць, мора Аральскае.

Як жылі беларусы ў Ташкенце?

— Жылі мы ў асобным гарадку, адразу каля будоўлі. Стаялі там домікі невялічкія, сціплыя, на чалавек 15. Усё, што трэба, было на месцы — дзе паесці, дзе памыцца. Умовы былі суровыя, але ж жыць можна.

Пры ўваходзе ў гарадок вялікая шыльда паведамляла, што тут жывуць будаўнікі з БССР. Вянчаў яе герб рэспублікі. Усе будаўнікі жылі ў асобных нацыянальных гарадках.

Што насілі беларускія будаўнікі? Калі вопратка звычайная — узор савецкай масавай лёгкай прамысловасці, — то абутак адметны. Сандалі і лёгкія тапкі — адзіны зручны абутак у ташкенцкіх умовах.

«Цэгла награвалася — не ўзяць»

Што для беларусаў было дзіўным ва Узбекістане?

Па-першае, клімат.

«Спёка была невыносная! Працаваць было цяжка, так прыпякала. Цяжка было не толькі людзям, але і тэхніцы, матэрыялу. Цэгла награвалася — не ўзяць! Для яе будавалі спецыяльныя ванны, апускалі туды, каб астывала. А калі што жалезнае ўпусціш — ключ ці абцугі, — без рукавіц не падымеш з пяску».

Па-другое, рацыён.

«Мы млеем ад спёкі, а мясцовым хоць бы што! Сядзяць старыя ўзбекі ў халатах сваіх, чай гарачы п’юць. Во дзіва было спачатку! Потым зразумелі, чаму так рабілі. Так лягчэй».

Узбекі п’юць чай, 1966 год. Фота foto-history.livejournal.com.

Па-трэцяе, прырода.

«Калі было ўжо ну зусім горача, тады не працавалі ўдзень. Усе выходзілі ў 3-ю змену, ноччу працавалі. Аднаго разу, як толькі прыехалі і было спякотна, вырашылі, як у нас гэта робіцца, паехаць на рэчку. Прыехалі, ідзём купацца, заходзім у ваду, а вада — халодная ж халодная! Як у студні! Узбекі рагочуць з нас».

Па-чацвёртае, гандаль.

«Яны ўсё і ўсюды прадаюць. Прадае ўзбек нешта ў краме, дзяржаўны тавар хавае — свой піхае. Дываны, плоў, віно — усё сваё. Мае халадзільнік у краме, туды паставіць сваё дамашняе віно, а завадское кісне на сонцы. Каб у нас так хто зрабіў, умомант закрылі б і ў Сібір саслалі б! І кірмашы на кожным кроку. Сядзіць адзін, прадае смецце рознае. Вушы ад вушанкі адрэзаныя. За рубель. Мы ўзялі на смех купілі і спыталі: хто іх у цябе купіць, навошта сядзіш? Кажа нам: вы ж узялі. Мы тыя вушы выкінулі — ён падабраў, ізноў прадае! Во дзе народ!»

Неразуменне ў беларусаў выклікала тое, што многія ўзбекі не пераймаліся аднаўленнем сталіцы. Жыццё ішло сваім ходам. «Мы прыехалі адбудоўваць, працуем у тры змены, а ўзбекі што? У ларку сядзіць здаровы лоб і газеты прадае, ну! А той шашлык смажыць! Бачылі старых, то тыя няхай, нямоглыя, чай п’юць цэлы дзень, спяваюць нешта. Але ж і маладыя з імі! Араць на іх можна, а яны чай!»

Беларусы ў Чыланзарскім раёне Ташкента пабудавалі 9 жылых пяціпавярховых дамоў і школу. Беларускія дамы мелі адмысловае аздабленне — нацыянальны арнамент. Прыкметна, што ён не падобны да таго арнаменту, які месціўся на сцягу БССР і па якім у СССР традыцыйна ідэнтыфікавалі Беларусь. Таксама на доме змяшчаецца надпіс «Ташкентцам на счастье от белорусского народа» і год пабудовы — 1967.

Манумент «Мужнасць». Фота svoboda.org.

Да 10-й гадавіны землятрусу ў Ташкенце ўсталявалі мемарыял «Мужнасць». На барэльефе адлюстраваныя работы па аднаўленні горада. Так ташкенцы адзначылі працу тых, хто прыйшоў ім на дапамагу. У тым ліку ўшанавалі і беларускіх будаўнікоў.

Павел Булаты

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930