Знайсці
25.02.2019 / 11:026РусŁacБел

«Зялёная кніга»: натхняльнае кіно пра сяброўства і пра тое, што без болю змяніць свет немагчыма

Галоўны герой — клубны вышыбала, італьянскі эмігрант Тоні Валелонга (цікава, што Валелонга — прозвішча аднаго са сцэнарыстаў і прадзюсараў фільма). Але клуб закрываюць на рамонт, і Тоні вымушаны шукаць сабе часовую падпрацоўку. Геніяльнаму піяністу Дону Шырлі якраз патрэбен кіроўца і менеджар для тура па паўднёвых штатах. Ён кіруецца ў логава расістаў, каб змяніць уяўленні пра чарнаскурых. Тоні ў роздумах: ці так ужо патрэбныя яму грошы, каб прыслужваць чарнаскураму…

«Зялёная кніга» ўжо атрымала прэстыжную амерыканскую прэмію «Залаты глобус» як найлепшы фільм, а таксама за найлепшы сцэнар. Цяпер «Зялёная кніга» — і ў чатырох намінацыях на «Оскар». Выканавец ролі піяніста Дона Шырлі, Махершала Алі, — першы акцёр-мусульманін, які атрымаў «Оскар». Магчыма, сёлета атрымае другі раз.

Глядзіцца фільм, канечне, трохі як казка: недалёкі Тоні, расіст і грубіян, настолькі пранікаецца класічнай музыкай Дона Шырлі, што гатовы кардынальна змяніць свае погляды. Казка казкай, але аказваецца, што фільм зняты на аснове рэальных падзей.

Сцэна з фільма: Тоні прыйшоў наймацца на працу.

Дон Шырлі — амерыканец у першым пакаленні, дзіця ямайскіх эмігрантаў. З двух гадоў іграў на фартэпіяна, у 9 быў запрошаны на вучобу ў Ленінградскую кансерваторыю. У Амерыцы не змог атрымаць вышэйшую музычную асвету і вывучыўся на псіхолага, даследаваў уплыў музыкі на падлеткавую злачыннасць. У сярэдзіне 50-х вярнуўся ў музыку, запісаў два дзясяткі фартэпіянных альбомаў з класікай і імправізацыямі. Тоні Валелонга стаў акцёрам, іграў пераважна мафіёзі, у тым ліку ў культавым серыяле «Клан Сапрана». Шырлі і Валелонга гадамі захоўвалі цёплыя адносіны і памерлі ў адзін год, 2013-ы, сталымі і заслужанымі людзьмі.

Канва сюжэту — дзікія норавы расісцкай Амерыкі 1960-х (прычым менавіта поўдня, у фільме гэта выразна падкрэслена). Самыя адукаваныя і багатыя белыя апладзіруюць піяністу Шырлі, а ў антракце не пускаюць яго ў прыбіральню — з мілымі ўсмешкамі накіроўваюць на двор, у драўляную будку: «Там не так страшна, як здаецца».

Сцэна з фільма: чарнаскураму піяністу Шырлі забараняюць есці ў рэстаране, у якім ён павінен неўзабаве выступаць.

Але за фабулай — некалькі ўніверсальных думак, якія праводзіць фільм. Без болю змяніць свет немагчыма. Не варта ахвяраваць сабой нават дзеля высокай мэты. Чалавек можа аказацца не такім, якім прывык быць. А стэрэатыпы і страхі, ад якіх уцякаеш, абавязкова абгоняць і зазірнуць проста ў вочы.

А «Зялёная кніга» — гэта даведнік, які існаваў у ЗША ў 1936 — 1966 гадах. У ім пазначаліся адрасы бараў, гатэляў, крам, дзе абслугоўвалі чарнаскурых. Цікава, што на вокладцы даведніка заўжды малявалі толькі белых людзей.

Паўліна Купрысь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930