Даслаць навіну
Знайсці
25.01.2019 / 22:01

Пра ўраджай, які не сабраць. У Купалаўскім — прэм’ера па п'есе аднаго з самых запатрабаваных беларускіх драматургаў

Упершыню на візуалізацыю п’ес Паўла Пражко менавіта ў Беларусі я трапіла, здаецца, у 2012-м годзе. Тады на малой сцэне РТБД рэжысёрка Таццяна Ларына рабіла выдатную чытку па п’есе «Ураджай».

Павялічыць выяву

Cцэна са спектакля купалаўцаў.

Для мяне студэнткі, якая зусім нядаўна ўзяла ў рукі кнігу з новай беларускай драмай (дзе ў тым ліку былі і нестандартныя тэксты Пражко з мацюкамі, жывой, гутарковай і ні на што не падобнай мовай), такі тэатр стаў сапраўдным адкрыццём: ён не быў падобны ні да чаго іншага, што я бачыла на сцэнах дзяржаўных тэатраў да гэтага. Чым не падобны? Ды ўсім: тым, што на камернай сцэне паміж гледачамі і акцёрамі не было чацвёртай сценкі, прастатой у дэкарацыях (якія пры гэтым выдатна выконвалі ўсе ўскладзеныя на іх функцыі). Ну і, канечне, самой драматургіяй.

Потым адбылося падобнае адкрыццё. І зноў на чытцы. Тады яшчэ адну п'есу Пражко «Лёгкае дыханне» ставіў студэнцкі тэатр Інстытута журналістыкі БДУ «Галава-нага». У той час ва ўсіх рэцэнзіях і рэпартажах з гэтых імпрэз пастаянна згадвалі: нарэшце і ў нас пачынаюць звяртаць увагу на айчыннага, таленавітага драматурга, у той момант, калі ў той жа Расіі (дзе яго не першы год актыўна ставіў, напрыклад, Дзмітрый Валкастрэлаў) ён ледзь не бог новай драмы. Праўда, нейкі час гэта былі ўсяго толькі чыткі. Але потым, нарэшце, пайшлі і паўнавартасныя спектаклі.

Адзін з іх (ура!) з 24 студзеня ідзе на камернай сцэне Купалаўскага: рэжысёр Дзмітрый Цішко, вучань Мікалая Пінігіна, пазнаёміўся з тэкстам драматурга каля 5 гадоў таму і вось нарэшце вырашыў паставіць на сцэне.

Павялічыць выяву

Дзмітрый Цішко. Фота kupalauski.by.

Сюжэт п’есы «Ураджай» адначасова просты і складаны. Гісторыя зусім стандартная, жыццёвая: чацвёра маладых людзей у восеньскім садзе збіраюць у драўляныя скрыні ураджай яблыкаў. Аднак нешта ідзе не так: давесці справу да канца перашкаджаюць то ўласная бесталковасць, то кусучыя пчолы, то цвікі, якія па-здрадніцку вывальваюцца са скрынь, а следам за імі на зямлю высыпаюцца і толькі што сабраныя яблыкі…

Павялічыць выяву

Касцюмер Андрэй Жыгур робіць з герояў копію сучасных моднікаў: крыху хіпстараў, крыху нефармаляў, крыху нават вінішка-цян.

На ўсю гэтую барацьбу за ўраджай можна глядзець са смехам (і гледачы насамрэч смяюцца з гратэскных, абсурдных сцэн), аднак гэта толькі першы слой тэатральнага торта.

Павялічыць выяву

Павялічыць выяву

Спектакль не такі просты, каб проста схадзіць на яго і парагатаць з удала разыграных дыялогаў. Так, на сцэне перад намі звычайны маленькі чалавек, цікаўнасць да якога была характэрная для многіх драматургаў-абсурдыстаў накшталт Бекета ці Іанэска, аднак калі ў апошніх яны былі проста разгубленымі, то тут падаюцца цалкам згубленымі: маленькі чалавек дэградаваў да ўзроўню аднаклетачнага арганізма. Ён не ведае, як забіць цвік, не ведае пра сорт яблыкаў без гугла, і, здавалася б, простыя задачы не проста ставяць яго ў тупік — яны выклікаюць істэрыку і адмаўленне.

Асабліва паказальнай для мяне ў гэтай істэрыцы ад уласнай бездапаможнасці становіцца эцюд, калі гераіня Іра (Іларыя Шашко), у якой пад канец дадаецца дадатковая «праблема» (немагчымасць далей працаваць праз закладзены нос), сама амаль зачыняецца ў скрыню: «Я ў доміку», — нібыта кажа яна, закрываючыся ад праблем дарослага свету.

Павялічыць выяву

І добра калі б інфантылізм гэтых герояў быў проста забаўным і бяскрыўдным (увогуле, няма нічога дрэннага ў тым, каб рабіць памылкі, калі засвойваеш нешта новае для сябе). Але тут ён прыводзіць да разбурэння: не атрымліваецца сабраць яблыкі непабітымі — і так пойдзе, а дрэва ўвогуле можна зламаць.

Калі згадваць, што дрэва звычайна сімвалізуе жыццё, то сэнс спектакля набывае зусім ужо трагічную афарбоўку… Аднак вы можаце адшукаць ва ўсім гэтым свае сэнсы.

Павялічыць выяву

Пакуль жа ідзе спектакль, можна смяяцца. На руку гэтаму граюць і крыху прыцягнутыя за вушы, на маю думку, папсовыя ўстаўкі з ток-шоу і баксёрскім рынгам. Уплывае на агульную лёгкасць і тое, што п’еса перакладзеная Марынай Казлоўскай на беларускую мову: як ні круці, лаянка на ёй гучыць куды больш мякка.

Кацярына Карпіцкая, фота Ганны Шарко

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31