Знайсці
06.04.2019 / 10:0714РусŁacБел

«Умела і тактоўна». У жніўні 1943-га савецкая партызанская брыгада Маркава расстраляла амаль сто партызан Арміі Краёвай з атрада Кміціца

Ёсць асобы, да якіх у розных краінах ставяцца па-рознаму. Да такіх адносіцца і партызанскі камандзір Фёдар Маркаў. Для палякаў ён — вераломны злодзей. А ў Савецкай Беларусі яго шанавалі як героя. Піша Сяргей Руткевіч. 

Фёдар Маркаў. Фота: Wikimedia Commons.

Выдатны маладзечанскі гісторык Генадзь Каханоўскі расказваў, што ў савецкі час, калі партызанаў масава славілі, ён, збіраючы матэрыялы для Мінскага абласнога музея, начуўся пра іх ад мясцовых людзей нямала кепскага… Але пры гэтым, казаў ён, былі два партызанскія камандзіры, на якіх ніхто асабліва не скардзіўся, — Фёдар Маркаў і Андрэй Валынец.

«На ўлётках партыя пісала»

Маркаў быў чалавекам мясцовым, заходнім беларусам. Яго нестандартнае для гэтага рэгіёна прозвішча засталося ў спадчыну ад продкаў, расейцаў-старавераў. Маркаў скончыў настаўніцкую семінарыю і выкладаў гісторыю ў свянцянскай яўрэйскай школе.

Яшчэ юнаком ён свядома абраў сабе гэтую дарогу — змагацца за Беларусь. У яго разуменні гэта мусіла быць Беларусь пад чырвоным сцягам і ў складзе СССР, але менавіта Беларусь.

Фёдар Маркаў уступіў у кампартыю тады, калі за сам гэты факт можна было трапіць у турму — у міжваеннай Польшчы.

Кампартыя Заходняй Беларусі, КПЗБ, дзейнічала ў варожым асяроддзі. Такія людзі, як Маркаў, Максім Танк ці Сяргей Прытыцкі, уступалі ў яе не для кар’еры — гэта быў свядомы, прынцыповы выбар рызыкоўнай барацьбы.

У 1939 годзе, калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, 26-гадовы Маркаў быў ужо загартаваным жыццём чалавекам. Сярод іншага, яму давялося пасядзець і ў канцлагеры ў Картуз-Бярозе.

Пасля змены ўлады Маркаў спачатку займаўся арганізацыяй савецкай адміністрацыі ў родных Свянцянах, а пасля таго, як малую радзіму разам з Вільняй Масква перадала Літве, працаваў у Вілейскай вобласці БССР. Гэта быў змрочны час сталінскіх рэпрэсій, калі заходнебеларускія камуністы самі не ведалі, што іх чакае і як доўга яны самі застануцца на свабодзе.

Пасланы на смерць, выжыў

Бяздарныя савецкія прапагандысты ператварылі гісторыю антынацысцкага супраціву ў Беларусі ў набор прымітыўных штампаў. Між тым калі ставіш сябе на месца людзей таго часу, то ўспрымаеш гэта інакш.

Пасля нямецкага нападу на СССР Маркаў ваяваў і адступаў з Чырвонай Арміяй, але ўжо ў лістападзе 1941-га яго адпраўляюць назад ствараць падполле. У тыл ворага ён, такім чынам, выправіўся яшчэ перад пачаткам бітвы пад Масквой. Нацысты тады былі на піку сваёй магутнасці, і вынік вайны цяжка было прадказаць.

Гэта было падарожжа ў невядомасць. Маркава адправілі не самалётам — ён перайшоў лінію фронту і з парай таварышаў пешкі прайшоў сотні кіламетраў па акупаваных абшарах, маючы са зброі адзін схаваны пісталет.

Маркаў адпраўляецца спярша ў родныя Свянцяны, а пасля — на Вілейшчыну. Калі б любы здраднік выдаў яго немцам, яго б чакала смерць — нацысты і шараговых камуністаў і актывістаў расстрэльвалі, а тут жа адносна высокі чын. Мясцовыя ж людзі ўсе ведалі, што ён савецкі актывіст.

Забеспячэнне партызан з цэнтра як след не наладзяць ніколі, а ў першую ваенную зіму яно зусім адсутнічала. Зброя і выбухоўка — тое, што падбярэш. Але людзі ішлі да Маркава, прыцягнутыя яго харызмай. І праз гады былыя маркаўскія байцы з захапленнем апісвалі свайго камандзіра ў першую, самую цяжкую зіму змагання: «У мундзіры, без фуражкі. Высокі, малады, прыгожы. На баку два трафейныя пісталеты».

Партызанка на той момант была смертаносным полем для эксперыментаў, бо яснасці, як ваяваць у тыле ворага, не было. І тым не менш, маркаўскі атрад выжыў і разросся. Ужо ўзімку 1941—1942 гадоў Маркаў асабіста распрацоўваў унікальныя аперацыі. Ён адзіны з партызанскіх камандзіраў паспрабаваў разгарнуць партызанскае змаганне ў вялікім горадзе — самой Вільні. Праўда, пасля некалькіх дыверсій мусіў усё ж адысці ў лясы.

У маі 1942 года Маркаў з невялічкай групай байцоў знішчае двух важных нямецкіх афіцэраў каля Свянцян. Савецкая прапаганда заяўляла, што быў знішчаны гебітскамісар Віленшчыны. Гэта не так, на самай справе ліквідаваныя былі афіцэры, якія займаліся пытаннямі гаспадарчай эксплуатацыі акупаванай тэрыторыі, але для вясны 1942-га, гэта было задоўга да Сталінграда, і гэта было ўжо вялікім поспехам партызанаў.

Аперацыя была праведзена ювелірна. Нават польская перакладчыца, якая суправаджала немцаў, падчас нападу не пацярпела. Калі яна апрытомнела сярод партызан, то ледзь зноў не самлела: «перад ёй сядзеў знаёмы ёй жыхар нашага гарадка Федзька Маркаў». Так пісаў былы маркаўскі баец, пазнейшы ізраільскі генерал і дырэктар музея Яд-Вашэм Іцхак Арад. Дарэчы, да самога Арада былі прэтэнзіі ў літоўскага правасуддзя: у 90-я Літва патрабавала яго выдачы для суда за здзейсненае ім у 40-я, але Ізраіль сваіх не выдае.

Немцы адказалі на тэракт расстрэлам закладнікаў. Гэта вялікая трагедыя ўсіх партызанскіх рухаў — ад Карэі да Гватэмалы ў ХХ стагоддзі на дзеянні партызан адказвалі рэпрэсіямі супраць мірнага насельніцтва. Нацысты рабілі гэта асабліва люта.

Ці патрэбныя былі савецкаму камандаванню партызаны?

Толькі ўлетку 1942 года савецкае кіраўніцтва пачало больш сістэматычна падыходзіць да пытанняў арганізацыі партызанскага руху. Пры гэтым стварэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) не абышлося без палкіх дыскусій. Калі першы сакратар ЦК КП(б) Б Панцеляймон Панамарэнка настойваў на тым, каб пакінуць партызанскім атрадам свабоду дзеянняў і толькі падтрымліваць іх у правядзенні аперацый, то маршал Клімент Варашылаў хацеў з Масквы загадваць партызанам, што ім рабіць. У той жа час наркам унутраных спраў Лаўрэнцій Берыя ўвогуле не бачыў сэнсу ў ЦШПР і развіцці партызанкі. Галоўны энкавэдыст прапаноўваў пакінуць справу дыверсій «кваліфікаваным вайскоўцам і сілам дзяржбяспекі». Урэшце было вырашана ўсё ж стварыць ЦШПР, спалучыўшы прапановы Панамарэнкі і Варашылава.

Прысяга беларускага партызана.

Наколькі ў выніку самастойнымі былі дзеянні Маркава? Хоць ён і мусіў улічваць нейкія агульныя ўказанні з Масквы, наўрад ці варта гэта перабольшваць. Сур’ёзна кантраляваць партызан Масква не мела магчымасці, прынамсі калі гаворка ішла пра аператыўныя дзеянні. Яна не магла іх нават толкам узброіць — у 1943 годзе Маркаў выдаў загад аб стварэнні аддзелаў з пікамі, свайго роду новых касінераў.

У Маркава было сваё разуменне, як дзейнічаць, і яно вынікала з ягоных перакананняў ды ведання сітуацыі. Толькі-толькі здабыўшы ўлетку 1942 года друкарскія шрыфты, ён пісьмова звярнуўся да землякоў. І першая ж улётка, надрукаваная ім, была беларускамоўнай.

Забойства сястры Максіма Танка

Востра стаяла праблема бандытызму ва ўласных шэрагах. Адзін з першых зваротаў Маркава да вяскоўцаў пачынаецца са словаў: «Перад вамі не разбойнікі і не рабаўнікі». Аднак праблема заставалася цягам усёй вайны.

Гэта партызаны Маркава, напрыклад, забілі 24-гадовую сястру пісьменніка-камуніста Максіма Танка з двухгадовым сынам. Шукалі на яе хутары золата, ды не знайшлі. І забілі Веру з дзіцем і іншых жанчын сякерамі — каб без шуму, без стрэлаў…

Іх мужы ў той вечар былі на суседнім хутары і нават бачылі агні ліхтароў на сваім дварышчы, але не пабеглі туды. Падумаць не маглі, што там робіцца…

Праз некалькі дзён на хутар бацькоў Веры ў Пількаўшчыне заязджалі партызаны. Адзін з коней быў, як папонай, укрыты пасажнай хатняй посцілкай. У кожнай гаспадыні яны былі на свой узор, вось маці і пазнала даччыну. Домна Іванаўна кінулася пытацца: адкуль жа ў вас посцілка маёй дачушачкі?..

На той момант маці яшчэ не сказалі пра смерць дачкі. А бацька, Іван Хведаравіч, па-свойску Янук, усё ўжо ведаў. Жонку за руку схапіў і не пусціў да ваякаў: не наша гэта посцілка, ты блытаеш… Разумеў, што могуць забіць і іх як сведкаў, як тых, «што пазналі».

Фёдар Маркаў пасля прыязджаў да бацькоў Танка — свайго таварыша па капэзэбоўскім падполлі — і прапаноўваў расстраляць забойцаў Веры і яе сям’і проста на вачах бацькоў, варта было толькі назваць імёны. Але стары Янук не захацеў новай крыві, сказаў: «Хай Бог разбіраецца». Хоць імёны забойцаў не былі сакрэтам у наваколлі.

Сябар на сябра…

Беларусы асабіста пра Маркава нічога кепскага не казалі, а вось для палякаў ён — вераломны забойца.

Гаворка ідзе пра раззбраенне польскага партызанскага атрада Арміі Краёвай (АК) у жніўні 1943-га, гэта значыць, тады, калі шалі вайны выразна пахіліліся ўжо на іншы бок, пасля Курскай бітвы і высадкі саюзнікаў на Сіцыліі. І пасля рэзкага абвастрэння адносін паміж эміграцыйным урадам Польшчы ў Лондане і ўрадам СССР.

22 чэрвеня 1943 года Масква ў абліччы ЦК КП(б) Беларусі выдае пастанову «Аб мерапрыемствах па далейшым развіцці партызанскага руху ў заходніх абласцях Беларусі». На яе аснове было сфармуляванае пісьмо ЦК КП(б)Б «Аб ваенна-палітычных задачах у заходніх абласцях Беларусі». Ім загадвалася «ўсімі спосабамі выкрываць і распускаць нацыяналістычныя атрады і групы» — гаворка была пра Армію Краёву.

Да таго партызаны АК у раёне возера Нарач мелі добрыя адносіны з партызанамі Маркава. Разам праводзілі акцыі супраць немцаў. Гэтаму спрыяла асабістае знаёмства, яшчэ з даваенных часоў, камадзіра атрада АК Антонія Бужынскага-Кміціца і палкоўніка Маркава. Але ў жніўні 1943-га Маркаў напаў на польскі атрад. Прапанаваў раззброіцца ўзамен на захаванне жыцця. А калі палякі паверылі, то салдат прынялі ў атрад, а вось афіцэраў катавалі — хацелі даведацца ўсё пра агентурную сетку атрада і склад кіраўніцтва віленскага АК, — а пасля расстралялі, у тым ліку і самога Кміціца.

Пытанні без адказаў

Цяжка сказаць, наколькі вызначальнай была роля Маркава ў здзяйсненні гэтага безумоўнага ваеннага злачынства. Тое, што ён жадаў раззброіць польскіх нацыянальных партызан і замяніць камандаванне імі на прасавецкае — гэта бясспрэчна. Вядома, што Маркаў разам з іншымі партызанскімі камандзірамі 16 жніўня 1943-га падпісаў шыфроўку да Панцеляймона Панамарэнкі, у якой адзначалася, што «на чале польскага нацыянальнага атрада стаяць ярыя ворагі Савецкага Саюза», што нібыта палякі «супраць немцаў не ваююць» і «вядуць узмоцненую антысавецкую прапаганду». У сувязі з гэтым падпісанты прасілі дазволу «абяззброіць нацыянальны польскі атрад і змяніць кіраўніцтва». Дазвол быў дадзены, Панамарэнка толькі папрасіў зрабіць гэта «ўмела і тактоўна». 26 жніўня аперацыя была праведзена, а вынікам яе стала крывавая трагедыя.

Падрабязнасцяў таго, што адбывалася ў тыя дні, не так шмат. Ёсць звесткі, што следства і наступныя расстрэлы палонных палякаў праводзілася пад кіраўніцтвам літоўскага камуніста Ёнаса Вільджунаса, які быў перакінуты ў той раён з Масквы на чале атрада НКВД, база якога знаходзілася недалёка ад базы партызанаў Маркава. Незразумела, пры якіх абставінах і кім было прынята тое рашэнне на фізічнае знішчэнне раззброеных палякаў, прагнуў іх крыві сам Маркаў ці мусіў прыняць тое, што вырашылі за яго. Дзеля чаго ён публічна даваў слова гонару, што жыццю арыштаваных палякаў нічога не пагражае, калі яны былі ўжо раззброеныя і такім чынам не ўяўлялі небяспекі? Чаму 30 жніўня 1943-га Маркаў дакладваў шыфроўкай у БШПР, што «польска-фашысцкі атрад у складзе 230 чалавек абяззброены цалкам, што праведзена без ахвяраў і тактоўна», калі амаль сотня палякаў да таго часу ўжо нібыта была расстраляная? Навошта яму было хаваць гэты факт ад Масквы? Ці ў той час яны былі яшчэ жывыя, а расстраляныя пазней? Пытанні застаюцца, і поўных адказаў на іх пакуль няма.

Але як бы там ні было, у вачах польскіх партызан расправа над іхнымі паплечнікамі з атрада Кміціца ўжо ў той час шчыльна асацыявалася менавіта з імем Маркава. Нездарма ў лістападзе 1943-га іншы партызанскі камандзір, Віктар Манохін, рыхтуючыся да чарговых перамоў з палякамі, адмыслова адзначаў у шыфроўцы ў БШПР: «Лічу ўдзел у перамовах Маркава, які кіраваў аперацыяй пад Нараччу, недапушчальным». Кляймо на Маркаве вісіць, і каб яго зняць — патрэбныя не версіі, а сур’ёзныя аргументы.

Як ацэньваць асобу?

Тое, што Фёдар Маркаў — асоба як мінімум неадназначная, пытанняў не выклікае. У ягонай біяграфіі можна знайсці і белыя, і чорныя старонкі. Гэта, зрэшты, можна сказаць і пра той рух, у якім ён удзельнічаў. Але ва ўмовах крывавай вайны на вынішчэнне выбар часта быў невялікі: або ты выконваеш загады, або ты дэзерціруеш, або пераходзіш на бок праціўніка. Адхіліцца ад гэтага можна было толькі ў нюансах.

Помнік Фёдару Маркаву ў Маладзечне, на вуліцы яго імя. Фота Андрэя Пачобута.

На маю думку, сучасную беларускую нацыю збудавалі не толькі інтэлектуалы, пісьменнікі. У ХХ стагоддзі яна выжыла і ўз’ядналася ў тым ліку дзякуючы асобам кшталту Фёдара Маркава. І гэтыя людзі вартыя нашай памяці.

У пасляваеннай Савецкай Беларусі, зрэшты, Маркаў сябе не знайшоў. Патэнцыйна ён мог бы зрабіць у ёй выдатную кар'еру, як зрабілі многія ягоныя калегі-партызаны, але замест таго сышоў у магілу ў 1958 годзе, на 45-м годзе жыцця. Прычына такой ранняй смерці — злоўжыванне алкаголем. Прычыны гэтага маглі быць розныя. Цалкам верагодна, што чалавек проста ў рэшце рэшт не вытрымаў цяжару раздвоенасцяў і супярэчнасцяў, якімі было напоўненае ўсё ягонае жыццё.

Сяргей Руткевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера