Знайсці
14.03.2019 / 10:48РусŁacБел

Подзвіг панфілаўцаў: як нарадзіўся падман

Як выявіла ваенная пракуратура, 5 з 28 панфілаўцаў, узнагароджаных пасмяротна, аказаліся жывымі. Прытым адзін з іх здаўся ў палон і стаў начальнікам паліцыі на Харкаўшчыне, піша гісторык Васіль Герасімчык.

Вайсковая пракуратура выявіла, што «подзвіг 28 панфілаўцаў з’яўляецца выдумкай карэспандэнта Карацеева, рэдактара «Красной звезды» Ортэнберга, а асабліва літаратурнага сакратара газеты Крывіцкага». На фота: пісьменнік Канстанцін Сіманаў, Давід Ортэнберг і Васіль Карацееў.

У кастрычніку — снежні 1941 года пад Масквой Чырвоная Армія вяла цяжкія баі з сіламі вермахта. У баях удзельнічала 316-я стралковая дывізія генерал-маёра Івана Панфілава.

Калі 16 лістапада ў раёне раз’езда Дубасекава на Валакаламскай шашы нямецкія танкі прарвалі абарончыя пазіцыі, дывізія панесла вялікія страты. Найбольш пацярпела 4-я рота 2-га батальёна 1075-га палка пад кіраўніцтвам Паўла Гундзіловіча: са 140 чалавек у роце засталося каля 30.

Урэшце камандзір палка Ілля Капраў загадаў адступіць на падрыхтаваныя пазіцыі, чым уратаваў рэшткі войскаў. Каб не дапусціць бязладнага адыходу салдат, быў выстаўлены загараджальны атрад. На новых пазіцыях полк Каправа быў умацаваны шасцю танкамі і выдатна сябе паказаў у далейшых баях.

Прасоўванне праціўніка было спынена, але коштам вялізных стратаў: полк Каправа, які налічваў каля 1550 чалавек, скараціўся да 120. А Каправа разам з палітруком Ахмеджанам Мухамедзьяравым знялі з пасадаў — за адступленне ім пагражаў трыбунал. Але галовы камандзіраў нечакана выратаваў «подзвіг 28 панфілаўцаў», пра які напісала газета «Красная звезда».

«Знішчыўшы 800 салдат і афіцэраў і 18 танкаў праціўніка»

23—24 лістапада 1941 года ваенныя карэспандэнты Вячаслаў Чарнышоў з «Камсамольскай праўды» і Васіль Карацееў з «Красной звезды», будучы на фронце, выпадкова сустрэлі камісара 316-й дывізіі Сяргея Ягорава.

Ягораў расказаў пра цяжкія баі сваёй дывізіі і ўспомніў роту, што пацярпела найбольш (праўда, назваў яе не 4-й, а 5-й, так яно потым і пайшло ў друк). Сам Ягораў сведкам бою не быў і ведаў пра яго са слоў іншага палітрука, які таксама ў баі не ўдзельнічаў. Ён не ведаў ні прозвішчаў, ні колькасці загінулых, згадаў толькі пра спробу дваіх чырвонаармейцаў здацца, за што іх тут жа забілі свае.

Праверыць інфармацыю журналісты не змаглі, але звестак, атрыманых ад Ягорава, ім хапіла, каб падрыхтаваць адпаведныя матэрыялы. Была і нагода: прысваенне дывізіі імя Панфілава, які 18 лістапада быў забіты аскепкам нямецкага мінамётнага снарада.

26 лістапада ў «Камсамольскай праўдзе» з’явіўся артыкул «Слава бясстрашным патрыётам!». Журналіст Чарнышоў расказваў, як дзве групы чырвонаармейцаў, адной з якіх камандаваў палітрук Дзіеў (пазней выявілася, што гэта мянушка, а сапраўднае прозвішча — Клачкоў), «увесь дзень, усю ноч і ўвесь наступны дзень» стрымлівалі «да 60 танкаў і некалькі батальёнаў пяхоты» (нямецкі пяхотны батальён — 800 чалавек). Урэшце вораг сканцэнтраваў 54 танкі супраць групы Дзіева, які прамовіў: «Ні кроку назад. Стаяць насмерць!» У баі, у якім уся група Дзіева загінула, было нібыта знішчана 18 танкаў. (Насамрэч, 17 танкаў знішчыў увесь 1075-ы полк за амаль тыдзень баёў.)

27 лістапада і ў «Красной звезде» выйшаў невялікі матэрыял Васіля Карацеева «Гвардзейцы Панфілава ў баях за Маскву». Карацееў прыпісаў палітруку Дзіеву словы «Нам загадана не адступаць». Увогуле ж, «яны загінулі ўсе да аднаго, але ворага не прапусцілі», знішчыўшы 800 салдат і афіцэраў і 18 танкаў праціўніка, напісаў журналіст.

Трыццаць мінус два

Калі Карацееў здаў свой матэрыял, галоўны рэдактар «Красной звезды» Давід Ортэнберг, які задумаў зрабіць на яго аснове перадавы артыкул, пацікавіўся, колькі чалавек змагаліся супраць 54 нямецкіх танкаў. «Я адказаў, што прыкладна 30. Такім чынам і з’явілася колькасць 28 чалавек, паколькі з трыццаці двое аказаліся здраднікамі», — успамінаў Карацееў.

Перадавы артыкул «Красной звезды» пра «несмяротны подзвіг» выйшаў 28 лістапада 1941 года, а падпісаны быў літаратурным сакратаром газеты Аляксандрам Крывіцкім. Называўся артыкул «Завяшчанне 28 паўшых герояў».

Крывіцкі апісаў бой 28 чалавек на чале з палітруком Дзіевым, параўнаўшы іх з расійскай гвардыяй часоў Сямігадовай вайны (1756—1763). Сцэна змагання з 50 нямецкімі танкамі пад словы «Ні кроку назад!» была дапоўнена не менш легендарным дэвізам часоў вайны з Напалеонам: «Гвардыя памірае, але не здаецца».

Крывіцкі пры гэтым адзначаў: «Мы не ведаем перадсмяротных думак герояў, але сваёй адвагай, сваёй бясстрашнасцю яны пакінулі завяшчанне нам, жывым».

Спадабаўся самому Сталіну

Гэтая гісторыя так і засталася б адной з многіх, каб не хваля, якую яна неспадзявана ўзняла. Сотні лістоў у рэдакцыю «Красной звезды», але галоўнае — з Крамля патэлефанаваў старшыня Вярхоўнага Савета Міхаіл Калінін і папрасіў даведацца прозвішчы 28 гвардзейцаў: «Нельга, каб героі засталіся безыменнымі». Ортэнбергу паведамілі, што артыкул Крывіцкага спадабаўся самому Сталіну.

Таму ў студзені 1942 года, калі пераезд Дубасекава быў вызвалены, Крывіцкі па даручэнні Ортэнберга сустрэўся з камандзірам палка Каправым, камісарам Мухамедзьяравым і камандзірам роты Гундзіловічам. Крывіцкі «заявіў, што патрэбна, каб было 28 гвардзейцаў-панфілаўцаў, якія вялі бой з нямецкімі танкамі». Тады Гундзіловіч назваў іх «па памяці». Чым ён кіраваўся пры выбары прозвішчаў — невядома. У красавіку 1942 года Гундзіловіч загінуў.

22 студзеня 1942 года ў «Красной звезде» з’явіўся артыкул Крывіцкага «Пра 28 паўшых герояў». У ім была выкладзена версія подзвігу, якая стала кананічнай. Легендарнымі на доўгія гады сталі словы, укладзеныя ў вусны палітрука Клачкова: «Велика Россия, а отступать некуда. Позади Москва». Яны папулярызаваліся нягледзячы на тое, што ў 1948 годзе сам Аляксандр Крывіцкі прызнаўся, што «часткова адчуванні і дзеянні 28 герояў — гэта мая літаратурная выдумка. Я ні з кім з параненых ці тых, хто выжыў, не размаўляў».

Мёртвыя аказаліся жывымі

Ніхто асабліва не разбіраўся ў дэталях. Па гарачых слядах герояў вырашылі пасмяротна ўшанаваць, а іх подзвіг папулярызаваць як прыклад для іншых. У красавіку 1942 года Ілля Капраў атрымаў са штаба 8-й дывізіі гатовыя ўзнагародныя лісты і агульны спіс 28 гвардзейцаў на прысваенне звання Герояў Савецкага Саюза. У маі дакументы былі падпісаныя вайсковым камандаваннем. Аднак тады ж нечакана выявілася, што адзін з 28 панфілаўцаў — жывы. Гэта быў казах Данііл Кужэбергенаў, якому Крывіцкі прыпісаў адзін з наймацнейшых момантаў у гераічным баі.

Нягледзячы на гэта, узнагародным лістам усё ж далі ход, толькі замест Данііла ў іх з’явіўся іншы Кужэбергенаў — Аскар, які быў залічаны ў полк толькі ў студзені 1942 года, праз некалькі месяцаў пасля бою пад Дубасекавым. Паколькі да таго часу ён паспеў загінуць, то абвяржэння з ягонага боку чакаць не даводзілася. 21 ліпеня 1942 года з’явіўся загад пра пасмяротнае прысваенне 28 панфілаўцам звання Герояў Савецкага Саюза.

Узнагароджванне Залатой Зоркай Іларыёна Васільева.

Але прыкрыя для савецкіх ідэолагаў нечаканасці на гэтым не скончыліся. Ужо пасля публікацыі загаду высветлілася, што Кужэбергенаў быў не адзіным, хто выжыў. Жывымі аказаліся таксама Іларыён Васільеў (памёр у 1969-м) і Рыгор Шамякін (памёр у 1973-м), якія звярнуліся па свае ўзнагароды. Не загінулі з ліку панфілаўцаў таксама Іван Шадрын (памёр у 1985-м) і Дзмітрый Цімафееў (памёр у 1950-м), якія трапілі ў нямецкі палон і выйшлі з яго пры канцы вайны.

Асаблівы выпадак Дабрабабіна

У нямецкі палон трапілі не толькі гэтыя двое панфілаўцаў. У лістападзе 1947 года ў Харкаве быў арыштаваны Іван Дабрабабін, які таксама фігураваў у панфілаўскім спісе.

Пракуратура высветліла, што пасля бітвы пад Масквой ён апынуўся за лініяй фронту. Дабраўся да роднага сяла Перакоп Харкаўскай вобласці, дзе пайшоў у паліцыю і даслужыўся аж да яе начальніка. Пры адступленні немцаў у жніўні 1943 года ён збег у Адэскую вобласць, пры вызваленні быў прызваны ў Чырвоную Армію. А пасля дэмабілізацыі восенню 1945 года пасяліўся ў Кіргізіі.

У чэрвені 1949 года Дабрабабін быў асуджаны вайсковым трыбуналам да 15 гадоў лагераў і пазбаўлены ўсіх узнагарод. У 1955-м тэрмін зняволення Дабрабабіну быў зменшаны да сямі гадоў, пасля чаго яго ўвогуле вызвалілі. У познесавецкія часы Дабрабабін рабіў спробы рэабілітавацца, але беспаспяхова.

Пракуратура палічыла, што ён пакінуў баявыя пазіцыі панфілаўцаў яшчэ падчас ранішніх налётаў нямецкай авіяцыі, некалькі сутак вандраваў па навакольных вёсках, пакуль не здаўся ў палон. У асноўных падзеях бою 16 лістапада Дабрабабін увогуле не ўдзельнічаў.

Камандзірам роты панфілаўцаў быў беларус — сапраўдны герой

Камандзірам роты, у якой служылі «28 панфілаўцаў», быў беларус Павел Гундзіловіч (1902—1942) з вёскі Літвяны (сёння — Уздзенскі раён Мінскай вобласці).

З 1927 па 1938 год ён служыў на Далёкім Усходзе. Пасля яго арыштавалі за «прычыненне шкоды дзяржаўнай маёмасці», яму пагражаў расстрэл. Аднак у 1940 годзе яго справу спынілі. Пасля вызвалення Павел Гундзіловіч перабраўся ў Казахстан, дзе кіраваў адным з саўгасаў.

Павел Гундзіловіч.

У жніўні 1941 года ён быў накіраваны ў 316-ю стралковую дывізію генерала Івана Панфілава, дзе ўзначаліў 4-ю роту.

У баях 14—16 кастрычніка ў раёне вёскі Фядосьіна пад Масквой рота Гундзіловіча спыніла прасоўванне праціўніка. За гэтыя баі 17 студзеня 1942 года Гундзіловіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

У лютым 1942 года капітан Гундзіловіч, які ўзначаліў 2-гі батальён 23-га гвардзейскага стралковага палка, вызначыўся ў чарговы раз — у баі за сяло Барадзіно, дзе былі адбітыя наступленні дзвюх танкавых груп праціўніка. Гундзіловіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, але яго ўжо не атрымаў.

10 красавіка 1942 года ў зямлянку, дзе разам з камандзірам батальёна сабраліся яшчэ 10 чалавек, трапіў артылерыйскі снарад.

Парэшткі Гундзіловіча былі перапахаваныя ў брацкай магіле ў пасёлку Першамайскі Холмскага раёна Наўгародскай вобласці Расіі. Пасмяротна ён быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза, але яно яму так і не было прысвоена.

Імя Паўла Гундзіловіча амаль невядомае на радзіме. У 2018 годзе невялікім тыражом выйшла кніга Яўгена Уласевіча «Гвардыі камбат. Гундзіловіч Павел Міхайлавіч (1902—1942)».

Пракуратура разабралася яшчэ ў 1948-м

Тое, што подзвіг 28 герояў-панфілаўцаў — прыдумка, фэйк, кажучы сучаснай мовай, — сёння факт даведзены. Яшчэ ў 1942 годзе, калі ў легендзе сталі праяўляцца першыя несупадзенні, адмыслова прызначанаму камісару Мініну было даручана заняцца зборам звестак пра бой каля раз’езда Дубасекава. Па выніках расследавання ён паведаміў: «Пра подзвіг 28-мі ні ў ходзе баёў, ні непасрэдна пасля бою ніхто не ведаў, і сярод масаў яны не папулярызаваліся».

10 мая 1948 года па выніках праверкі, праведзенай пасля арышту Дабрабабіна, галоўны вайсковы пракурор СССР генерал-лейтэнант Мікалай Афанасьеў падпісаў даведку з наступнай высновай: «Матэрыяламі расследавання выяўлена, што подзвіг 28 гвардзейцаў-панфілаўцаў, асветлены ў друку, з’яўляецца выдумкай карэспандэнта Карацеева, рэдактара «Красной звезды» Ортэнберга, а асабліва літаратурнага сакратара газеты Крывіцкага».

Тое самае амаль даслоўна ўжо пры канцы існавання СССР, у 1989 годзе, пасля дадатковай праверкі паўтарыў у сваім дакладзе тагачасны галоўны вайсковы пракурор Аляксандр Катусеў.

«Гэта наша духоўная матрыца»

Нягледзячы на тое, што ўсе абставіны справы ўжо цалкам высветлены, міф дагэтуль існуе. У ідэалогіі сучаснай Расіі, ва ўмовах новай халоднай вайны, перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — адзін з нарожных камянёў, на якіх узводзіцца гонар за краіну і нацыю. Пра гэта адкрытым тэкстам гаварыў міністр культуры Расіі Уладзімір Мядзінскі: «Расія — краіна герояў. Наш гістарычны лёс вызначыў асаблівы рускі тып стойкасці. Найвышэйшая яе праява — ахвярнасць. І 28 панфілаўцаў, і Зоя Касмадзям’янская, і Матросаў, і маладагвардзейцы, і далей — усё гэта святыя пакутнікі па-за рэлігійным кантэкстам. Гэта наша духоўная матрыца. На прыкладах і імёнах гэтых грамадзянскіх святых трымаецца нацыянальная ідэнтычнасць, па вялікім рахунку — грамадзянскае і гістарычнае адзінства краіны».

Таму і міфы, з той вайной звязаныя, не толькі не знікаюць, але набываюць новае дыханне. Пра што сведчыць, у прыватнасці, папулярнасць расійскага фільма «Дваццаць восем панфілаўцаў» (2016). Фільм атрымаў цёплыя водгукі гледачоў. І, што паказальна, грошы на здымкі збіралі краўдфандынгам (гэта значыць, кожны ахвочы мог ахвяраваць).

28 панфілаўцаў — прыклад таго, як літаратурная выдумка можа паспяхова падмяняць сабой сапраўдныя подзвігі. Наўрад ці гэта справядліва.

Васіль Герасімчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера