Знайсці
22.01.2019 / 13:472РусŁacБел

Як Ніна Багінская выжывае на 170 рублёў у месяц?

Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская распавяла сайту palitviazni.info пра вялікія штрафы і ўласны бюджэт.

Фота Сяргея Гудзіліна. 

«У мяне па-ранейшаму за штрафы дзяржава забірае 50 працэнтаў пенсіі, таму даводзіцца эканоміць, — кажа суразмоўца. — Але навучылася жыць і з такімі грашыма…»

Ніна Багінская пастаянна выходзіць на розныя акцыі з бел-чырвона-белым сцягам, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Міліцыя кваліфікуе гэта як несанкцыянаваныя пікеты і ўжо працяглы час выпісвае сталай жанчыне вялікія штрафы, якія ў агульнай суме дасягнулі ўжо фантастычных для пенсіянеркі памераў.

«Па папярэдніх падліках, агульная сума штрафаў, якія мне выпісалі за апошнія гады, дасягнула ўжо прыкладна 40 тысяч рублёў (у эквіваленце — каля 20 тысяч даляраў), — распавядае актывістка. — Натуральна, аплочваць іх не збіраюся, а таму дзяржава ў мяне працягвае забіраць 50 працэнтаў пенсіі. У выніку раней атрымлівала 160 рублёў на рукі, столькі ж ішло на пагашэнне штрафаў. Зараз маю крыху больш — 170 рублёў».

Каб спагнаць штрафы, судовыя выканаўцы абвясцілі нават аўкцыён па продажы лецішча Ніны Багінскай у Дамашанах Смалявіцкага раёна, а таксама арыштавалі лецішча пенсіянеркі ў Пухавіцкім раёне.

«Як вядома, лецішча ў Дамашанах збіраліся прадаць з аўкцыёна, але пакупнікоў так і не знайшлося, — працягвае Ніна Багінская. — Смалявіцкі аддзел прымусовага пакарання пасля гэтага адмовіўся выстаўляць на аўкцыён маю нерухомасць, і справу перанакіравалі ў аддзел прымусовага пакарання Першамайскага раёна Мінска. А зараз атрымала ліст і з аддзела прымусовага пакарання Пухавіцкага арёна, у якім паведамляецца, што і гэтае лецішча не будзе выстаўлена на аўкцыён. Зрабіла з гэтага выснову, што ў раёне чыноўнікі не такія баязлівыя, як у Мінску, і нават, як мне падаецца, разумнейшыя за сталічных. Усім жа відавочна: ніхто мае лецішчы не купіць».

Як выжывае пенсіянерка на пенсію ў 160—170 рублёў у месяц?

«Мне на жыццё шмат не трэба, — адказвае Ніна Рыгораўна. — І меню ў мяне даволі сціплае: не вельмі дарагія кашы (найперш — аўсянка), малако, кефір, чорны хлеб, супавыя курыныя наборы. Акрамя таго, летам і восенню я добра падрыхтавалася да зімы — замарозіла зеляніну, шмат ягад. У мінулым годзе быў багаты ўраджай яблык, таму з гэтым зараз таксама ніякіх праблем няма. А вось мяса і кіўбасы не купляю, тым больш што для здаровага харчавання яны не вельмі і падыходзяць. Праўда, на Новы год дачка прывезла мне бараніну, якую люблю ўжо даўно, таму прыгатавала яе і з’ела з вялікім задавальненнем».

Ніна Багінская дадае, што кватэра ў Мінску запісана не на яе, таму камунальныя паслугі аплачваюць дзеці.

«Калі бюджэт правільна размеркаваць, то ў мяне нават застаюцца грошы на падпіску на незалежныя газеты, — адзначае суразмоўца. — Альбо, напрыклад, не так даўно была паездка ў Гомельскую вобласць на магілу Героя Украіны Міхаіла Жызнеўскага, які быў забіты падчас Майдану ў Кіеве, а таму таксама заплаціла разам з усімі 20 рублёў за аўтобус.

Адным словам, грошы для мяне не галоўнае. Галоўнае тое, што я раблю». 

palitviazni.info

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031