Знайсці
22.01.2019 / 13:44РусŁacБел

«Мінская шляхта»: Аляксей Стрэльнікаў аб прэм'еры «Дабрабыту» ў Свабодным тэатры

Для свайго дэбюту ў якасці аўтаркі драматург Марыя Бяльковіч натхнілася чацікам свайго дома, дзе побытавыя сваркі даходзілі да фарсу.

Першая частка спектакля ўяўляе сабой імклівы мантаж рэплік на самыя розныя тэмы. Дом малады, але сваркі ў чаціку такія самыя, як і ў дамах старых. «Пінская шляхта» на новы мінскі лад. Старое мінулае атручвае сучаснасць нават для маладых, здаецца, людзей. У другой частцы з агульнага хору вылучаецца пратаганістка, яна выходзіць з дому, каб заплаціць за інтэрнэт. Яе шлях у пошуках спраўнага банкамата нагадвае невялікую адысею. Гераіня сустракаецца з манашкай і міліцыянтамі, кантралёркай, аптэкаркай, кіроўцам таксоўкі і нават Богам, у кожнай сустрэчы даводзіцца пайсці на нейкія хітрыкі, каб не трапіць у непрыемныя сітуацыі.

Уменне проста і з гумарам ставіць складаныя пытанні з'яўляецца для Свабоднага тэатра фірмовай фішкай. І міліцыянеры, і кантралёрка, і бабуля з аптэкі аказваюцца цудоўнымі смешнымі студэнцкімі эцюдамі (напэўна, адзін з найлепшых, калі бабуля прамаўляе малітву рэчытатывам на манер сучаснага рэпа). Чым смяшнейшыя сцэны, тым больш пранізліва выглядае фігура галоўнай гераіні, якую грае Станіслава Шаблінская. Напомнім, яна выйшла з дому, каб заплаціць за інтэрнэт. Мы ўвесь час ловім яе абыякавы выраз твару і, ведаючы кантэкст папярэдніх сустрэч, разумеем, якіх высілкаў ёй каштуе гэтая вытрымка. І гэта момант, калі камічнае пачынае пераплаўляцца ў драматычнае. Да трагедыі, на жаль (ці на шчасце), не даходзіць. Драматычнай кульмінацыяй спектакля магла бы стаць сустрэча гераіні з Богам, андрагіннай істотай (яе выконвае Аляксей Сапрыкін). Але Бог, які абараняе сабачак (і Трампа), выглядае таксама настолькі камічна, што сама гераіня няздольная ўспрыняць яго запаветы ўсур'ёз.

Атрымаўся такі ў поўным сэнсе «выхад з зоны камфорту». І калі гераіня хоча вярнуцца дамоў, то не знаходзіць зоны камфорту і там. Уваход сцеражэ сабака, і гэта больш нагадвае сыход у Аід, чым вяртанне ў рай.

Таксама ў спектаклі шмат паўтараюць пра патрэбу пазітыўнага погляду на свет. І працуе тое гэтак жа эфектыўна, як мантра «Не сумуй!» пры дэпрэсіі. Саркастычны погляд на рэчаіснасць, якая не можа ніяк зрабіцца больш пазітыўнай, дапамагае значна лепш. Не героям, дык аўтарам спектакля.

Рэжысёрскі і драматургічна счэпкі эпізодаў зроблены вельмі дасціпна з акцэнтам на тое, каб рытм быў сапраўды вельмі імклівым. Вось гераіня чакае таксоўку каля аптэкі, побач з машынкай гуляе хлопчык, праз момант машынка аказваецца таксоўкай, а хлопчык — кіроўцам, а калі дзяўчына выходзіць з машыны каля свайго дома, кіроўца суха кідае: «Машынку вярні…» Часам такі рытм падаецца нават занадта хуткім, акцёрам прыходзіцца ахвяраваць выразнасцю, каб быць дастаткова хуткімі.

Спектакль зроблены вельмі простымі сродкамі, але нават з шырмай і праектарам у беларускага Свабоднага тэатра атрымалася заставацца свежымі і сучаснымі. Дуэт рэжысёркі Юліі Шаўчук і аўтаркі Марыі Бяльковіч атрымаўся ўдалым. Спадзяюся, што яны працягнуць такую плённую супрацу.

Аляксей Стрэльнікаў, фоты Кацярыны Карпіцкай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера