Знайсці
12.03.2019 / 16:161РусŁacБел

Вялікая містыфікацыя. «Гоман»: беларуская газета 1906 года, якой ніколі не існавала

Колькі існуе гісторыя, столькі існуюць і гістарычныя містыфікацыі. На адну з такіх купіліся нават абазнаныя даследчыкі, успамінае гісторык Анатоль Сідарэвіч.

Так выглядае сфальшаваны «Гоман». Фота Паўла Каралёва.

Больш за 30 гадоў таму, у 1985 годзе, у рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва» прыйшоў паважаны аўтар — Адам Мальдзіс. Ён прынёс артыкул «Тры знаходкі».

Пасля адной літаратурнай вечарыны, пісаў Мальдзіс, да яго падышоў мастак Мікола Купава і спытаўся: што вам вядома пра першую беларускую газету «Гоман»? Славуты гісторык літаратуры, натуральна, сказаў мастаку, што ён ведае рускамоўны часопіс «Гомон», які ў 1884 годзе выдавалі беларускія нарадавольцы, і газету «Гоман», што ў 1916—1918 гадах выходзіла ў Вільні. Сказаў гісторык мастаку і пра «Мужыцкую праўду», і пра «Свабоду», і пра «Нашу долю» з «Нашай нівай». Але Купава казаў, што гаворка ідзе менавіта пра газету «Гоман», якая выходзіла перад «Нашай доляй».

Неўзабаве Адам Восіпавіч атрымаў ад Купавы 12-ы нумар «Гомана», які выйшаў за тыдзень да выхаду 1-га нумара «Нашай долі» — 24 жніўня 1906 года. Пра існаванне гэтай газеты, удакладняў Мальдзіс, не ведалі (тут я не магу ўстрымацца, каб не працытаваць класічны радок) «ні крот Сцяпан Александровіч, ні кротус Генус Кісялёў».

Мальдзіс апавядаў, як аднаго разу Мікола Купава зайшоў да знаёмага мінскага мастака і «выпадкова ўбачыў рэдкасць, на якую ні гаспадар, ні яго жонка не звярталі асаблівай увагі». Мала таго, яны не маглі нават успомніць, адкуль і калі той нумар «Гомана» да іх трапіў.

Адам Мальдзіс рабіў дапушчэнне, што першапачаткова ў таго мастака і ягонай жонкі «быў не адзін нумар, а некалькі». І пісаў: «З трывогай думаеш, а што было б, калі гэтае загадкавае выданне не трапіла на вочы такому зацікаўленаму чалавеку, як М. Купава?!».

На заканчэнне А. Мальдзіс пісаў: «На гэты раз усё абышлося шчасліва. Знаходка трапіла ў надзейныя рукі. М. Купава сказаў, што перадасць яе ў аддзел рукапісаў Акадэмічнай бібліятэкі».

Адам Восіпавіч прынёс і той нумар невядомага раней «Гомана». Патрымаўшы яго ў руках, а таксама ведаючы, што аўтар артыкула нарадзіўся ў Астравецкім раёне, я сказаў:

— Пан, пэўна, мае добрыя адносіны з Астравецкай раённай друкарняй. І пану зрабілі добрую газетку.

Адам Восіпавіч злёгку пакрыўдзіўся: «Як вы можаце дапусціць такую думку?»

Вердыкт крыміналістаў

«Я ж сказаў, што артыкул будзе надрукаваны, бо ў ім пішацца і пра дзве іншыя знаходкі, а шаноўнаму аўтару раіў звярнуцца ў Інстытут крыміналістыкі: там скажуць, калі надрукаваны гэты дзіўны «Гоман», пра які не ведалі ні браты Луцкевічы, ні Вацлаў Ластоўскі, ні нават такі калекцыянер (а заадно і выкрадальнік рэдкасцяў), як Рамуальд Зямкевіч».

Мальдзіс зрабіў так, як і раіў Сідарэвіч.

У 1985-м Акадэмічная бібліятэка паслала запыт у Навукова-даследчы інстытут судовай экспертызы Мінюста БССР. Той параўнаў шрыфты «Гомана» і ўзоры шрыфтоў з каталогаў 1920—1960-х гадоў. І выявіў: усе тэксты і загалоўкі набраныя шрыфтамі, якія распрацавалі ў 1948—1959 гадах. Адпаведна, газета ніяк не магла быць створана ў 1906-м.

Аўтары містыфікацыі «пракалоліся» не толькі на гэтым. Яны падалі яўна псеўданімнае прозвішча рэдактара-выдаўца фіктыўнага «Гомана» — З. Грымотны — замест прозвішча галоўнага рэдактара. Падпісваць газету псеўданімам рэдактарам ніякая ўлада ніколі не дазваляла. Гэтага стваральнікі, пэўна, не ведалі. Дарэчы, псеўданімам «З. Грымотны» ніхто з беларускіх дзеячаў не карыстаўся. У слоўніку беларускіх псеўданімаў, які ў 1983-м выпусціў Янка Саламевіч, такога няма.

Па-трэцяе, папера: яна яўна адрозніваецца ад той, на якой друкавалася «Наша ніва» і іншыя газеты пачатку стагоддзя.

Па-чацвёртае, сам змест: стваральнікі проста набралі матэрыялы «Нашай нівы» з розных нумароў.

Але хто ж прыдумаў такі «Гоман»?

«Гэта не фальшыўка, а інтэлектуальны розыгрыш!»

«Асобнік «Гомана» мне падарыў нябожчык-мастак Віктар Маркавец, — кажа мастацтвазнавец Сяргей Харэўскі. — Маркавец расказваў пра гэта як пра жарт. Ідэя, казаў ён, узнікла ў коле Яўгена Куліка — выдатнага мастака і збіральніка. Мастак Пётра Драчоў працаваў у друкарні, меў доступ да друкарскага станка, да набору. Нехта з філолагаў дапамог зрабіць рэдактуру. І вось яны надрукавалі з дзясятак асобнікаў гэтага «Гомана». Гэта было ў іхнім стылі: вырабіць жартоўны артэфакт, зрабіць інтэлектуальны розыгрыш, каб актуалізаваць беларушчыну.

Пачатак 1980-х, тады ўсё адкрывалася, расло як на дражджах: Мальдзіс, Янушкевіч, 100 гадоў з дня нараджэння Купалы, Коласа, Цёткі… Усё гэта спарадзіла такую атмасферу ў мастацтве і ў кніжніцтве… Час прабег, асноўныя фігуранты на нябёсах… А свой асобнік я перадаў Сержуку Вітушку, які збіраў экспанаты для Віленскага беларускага музея», — кажа Харэўскі.

Мастацкі асяродак «На Паддашку» так называлі па назве майстэрні, дзе збіраліся мастакі-адраджэнцы. На фота — святкаванне 90-х угодкаў Максіма Багдановіча. Стаяць (злева направа): Уладзімір Крукоўскі, Мікола Селяшчук, Віктар Маркавец, Мікола Купава, Уладзімір Басалыга, Леанід Шчамялёў, Яўген Кулік, Аляксей Марачкін, Міхась Ткачоў, Уладзімір Караткевіч, Міхась Чарняўскі, Міхась Рагалевіч. Сядзяць: Валянціна Маркавец-Бартлава, Таццяна Гаранская, Антаніна Лапіцкая, Ірына Марачкіна, Андрэй Басалыга, Валянціна Басалыга, Валянціна Караткевіч, Святлана Чарняўская. Мінск, 1981 год. Грамадскі вэб-архіў «Вытокі».

На дадзены момант вядомыя два асобнікі гэтага выдання. Адзін захоўваецца ў зборы Віленскага беларускага музея. У 2018 годзе ён выстаўляўся ў мінскім музеі Янкі Купалы на выставе «Крывіцкая Мекка». Другі ж знаходзіцца ў фондзе Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук з пазнакай: «Гоман №12 — экзэмпляр-фальсіфікацыя».

Паўліна Скурко

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера