Знайсці
20.01.2019 / 20:2515РусŁacБел

Улады забаранілі служэнне ў Беларусі яшчэ аднаму ксяндзу-паляку

Кафедральны касцёл у Віцебску. Фота vitkatedra.by.

Біскуп Віцебскі паведаміў парафіянам Віцебскага кафедральнага касцёла, што ўлады канчаткова адмовілі айцу Паўлу Кнурку ў служэнні ў Беларусі.

Кнурак адпрацаваў у Беларусі 16 гадоў: спачатку ў Лынтупах на Паазер'і, пасля — у касцёле Ісуса Міласэрнага ў Віцебску.

У лістападзе 2018 года настаяцель быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Ён яшчэ спадзяваўся, што расставанне часовае і што на працягу некалькіх месяцаў пытанне можа вырашыцца і ён вернецца да паствы.

Віцебскія вернікі звярнуліся з петыцыяй пратэсту да ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі ў Беларусі Леаніда Гулякі, піша сайт «Віцебскай Вясны».

«Рашэнне не працягнуць дазвол на служэнне а. Паўла выклікае тым большае зьдзіўленьне, што ў апошнія гады нашая дзяржава яскрава дэманструе адкрытасць свету. У 2018 годзе Указам прэзідэнта быў павялічаны тэрмін бязвізавага знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны да аднаго месяца. І зусім незразумела, як пры гэтым чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэння нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны», — гаворыцца ў звароце да Гулякі.

Віцебчукі не ўспрымалі а. Паўла Кнурэка як чужаземца, бо «адпраўляў набажэнствы, прамаўляў казанні і размаўляў з людзьмі на добрай беларускай мове», выдатна ведаў беларускую культуру і ўсяляк спрыяў яе разьвіццю.

«Мы перакананыя, што для людзей, якія сеюць дабро, любоў і сапраўдную веру, Беларусь павінна заўсёды трымаць дзверы адчыненымі. З таго, што яны раптам зачыняюцца перад кімсьці, вынікае, на наш погляд, толькі шкода ды напружанасць у грамадстве», — гаворыцца ў звароце да Гулякі.

На перадкаляднай прэс-канфэрэнцыі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звяртаў увагу на «пэўныя складанасці з запрашэннем святароў з замежжа, не толькі з Польшчы».

Вакансіі святароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампенсаваць ксяндзамі-беларусамі. На падрыхтоўчых курсах у духоўнай семінарыі навучаюцца цяпер усяго два чалавекі з дыяцэзіі.

У той жа час за апошнія тры гады (2016—2018) улады не далі аніводнага дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам — каталіцкім святарам альбо манашкам.

Раней аналагічную адмову атрымаў ксёндз Сабеслаў Тамаля з Салігорска. За такімі крокамі праглядаецца жаданне ўладаў зменшыць у краіне лічбу ксяндзоў грамадзян Польшчы. У той жа час, напрыклад, праваслаўным мітрапалітам з'яўляецца грамадзянін Расіі Павел (Панамароў), хоць паводле закона ім мусіў бы быць грамадзянін Беларусі.

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930