Знайсці
16.01.2019 / 12:03РусŁacБел

«Вешальнікі» Марціна Макдона: складаная рэч, захапляльная сцэнаграфія

Аб прэм'еры піша тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў. 

У 2015 годзе пасля доўгага маўчання Марцін Макдона (так правільна па-англійску гучыць прозвішча знакамітага брытанска-ірландскага драматурга) напісаў п'есу для тэатра. Паказы ў знакамітым лонданскім тэатры «Роял Корт» і Оф-Брадвеі ў Амерыцы прайшлі з фенаменальным поспехам. П'еса «Вешальнікі» сабрала вялікі спіс прызоў. Умоўнасць і характэрная для Макдона вострая характарнасць персанажаў спалучалася з успамінамі пра 1960-я, якія, здаецца, ніхто яшчэ не паказваў такімі крыважэрнымі.

Цікавы выбар драматургіі для дэбюту на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра. Найлепшы малады рэжысёр па версіі Нацыянальнай тэатральнай прэміі Віталь Краўчанка рызыкнуў паставіць спектакль складаны па тэматыцы, складаны па акцёрскім існаванні, складаны ў мастацкім увасабленні. Што атрымалася?

Дамінантай мастацкага ўвасаблення п'есы на сцэне Купалаўскага тэатр зрабілася сцэнаграфія Барыса Герлавана. Ён будуе на сцэне сапраўдную турэмную камеру, а потым і паб з вялікай колькасцю дробных і дакладных дэталяў.

Па афармленні спектакль, відавочна, мае памкненне зрабіцца побытавым. Мэбля, вопратка, піва на сцэне ліецца ракой — знешне мы маем падрабязны ў дэталях традыцыйны спектакль. Побытавы для нас, аднак, на жаль, значыць псіхалагічны, але гэта не заўсёды павінна спалучацца.

Сцэнаграфія Герлавана надае спектаклю яшчэ важны момант, які ў п'есе, мажліва, не меўся на ўвазе. Паб на сцэне займае вялікую прастору, звычайна іх уяўляюць як затхлыя вузкія пакойчыкі, што цалкам адпавядае настрою п'есы, дзе кароткімі хуткімі сваркамі Макдона імкнецца перадаць гоман правінцыйнай грамады. На сцэне Купалаўскага тэатра, хоць яна і не дужа вялікая, мы нібыта маем справу з вялікай арэнай, дзе глядзельная зала з'яўляецца адной з трыбун. Што гэта? Парламент? Альбо цырк? Ці калізей для гладыятарскіх баёў? У розныя моманты спектакля прастора дзейнічае па-рознаму. Але пры гэтым афармленне ўплывае на акцёрскае існаванне. Тэмп п'есы Макдона запавольваецца. Яго фірмовыя напружаныя палілогі больш нагадваюць эпічныя маналогі, дзе кожнае слова набывае адмысловую вагу, нават калі іх прамаўляюць шараговыя брытанскія алкаголікі.

Тым больш што тэма ў спектаклі ўзята грамадска спрэчная. Дзея адбываецца падчас вялікай дыскусіі ў Брытаніі наконт смяротнага пакарання. Апошні вешальнік брытанскай імперыі Гары Уэйда (у выканані Ігара Дзянісава) дазнаецца ў сваім пабе пра мараторый — кары смерцю больш не будзе! Ён трымаецца ўпэўнена і спачатку нават не збіраецца ніякім чынам тое каментаваць (уся п'еса пабудавана на вялікай інтрызе, якая б збіла са старога вешальніка пыху). І крыніцай той упэўненасці паводле акцэнтаў, якія зрабіў Ігар Дзянісаў, з'яўляецца атаясамліванне вешальнікам сябе са справядлівасцю: ён служка Брытанскай імперыі і гэтаксама сочыць за парадкам ва ўласным пабе і ўласнай сям'і. Уэйд непакоіцца, каб ягоныя пакараныя былі сапраўды вінаватымі, таму магчымая несправядлівасць збівае яго з панталыку. Але ўлада ягоная, хуткая і жорсткая на рашэнні, мае толькі ўяўную падтрымку. Дзянісаў сумеў сыграць упэўненага ў сабе лідара, які ў адну хвіліну можа згубіць уладу.

Пастаяннымі ўдзельнікамі гэтай драмы становяцца наведнікі ягонага паба (Дзмітрый Есяневіч, Ігар Пятроў, Мікалай Кучыц, Аляксандр Зелянко), яны доўгі час безумоўна падтрымліваюць «свайго вешальніка», у момант найвялікшага напружання аказваюцца бліжэйшымі сведкамі драмы, але так і не становяцца сапраўднымі дзейнымі асобамі. Але хіба яны не адказныя за атмасферу агрэсіі, сэксізму і расізму, якія пануюць у пабе Уэйда? Уэйд гэтаксама залежны ад іх ухвалення, як і яны ад яго.

Момант, калі яны сыходзяць з паба напрыканцы, здаецца сапраўдным вобразам вялікіх дыскусій, не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Сур'ёзныя рашэнні немагчымыя, пакуль большасць будзе паводзіць сябе як натоўп на гладыятарскіх бойках.

Акцёры прызнаюцца, што сцэны забойстваў у спектаклі здаюцца ім знутры эмацыйна вельмі напружанымі, хаця яны зроблены вельмі проста. Але грамадства нібыта не вытрымлівае гэтага напружання. Ці значыць гэта, што грамадству патрэбна моцная рука? Пытанне не такое простае.

Сапраўдным выпрабаваннем для ўсіх герояў спектакля становяцца сустрэчы з Муні (у выкананні Івана Кушнерука), загадкавым трыкстарам, які пераварочвае дагары нагамі ўсю павольную плынь жыцця правінцыйных герояў. Менавіта гэта самае тонкае месца ў структуры спектакля.

Мэты і матывы Муні незразумелыя, ён дзейнічае нібыта дзеля азарту, для яго важны імпэт, харызма. Іван Кушнярук мае ўсе дадзеныя, каб такое адчуванне з'явілася. Але, калі Муні з'яўляецца напачатку ў пабе, на яго цяжка звярнуць увагу, бо паб вялікі. Яму прыходзіцца з большым імпэтам насіцца па вялікай арэне, каб закруціць дзею вакол сябе. Ён адыгрывае гнеў і страх, але гэтыя псіхалагічныя акцэнты яшчэ больш аслабляюць яго ўплыў на ўсю структуру канфліктаў. Адным з найлепшых эпізодаў спектакля з'яўляцца сустрэча Муні і Сіда, калі мы даведваемся, што яны знаёмыя, яе нам высунулі на авансцэну, выгарадзіўшы вузкі закуток. Кушнярук у гэтым камерным эпізодзе пры ўсім сваім камізме дае рады выявіць сапраўды злавесную фігуру.

Цяжка судзіць адразу пра поспех акцёрскіх работ у такім складаным драматургічным матэрыяле, але патэнцыял сапраўды відавочны. Выявіць героя, якога пабойваюцца мужчыны, але які пры гэтым падабаецца жанчынам, пэўна, мара любога артыста.

Менавіта ён дае зразумець, што моц і ўпэўненасць маюць зваротны эфект, што яны мала маюць агульнага з сапраўднай адказнасцю і клопатам пра блізкіх.

Праз знаёмства з Муні галоўнымі антаганістамі Гары Уэйда аказваюцца яго жанчыны. Жонку сыграла Зоя Белахвосцік, а дачку — Крысціна Дробыш. Яны адзіныя, хто адважваецца наўпрост пярэчыць яму, хаця жаночая роля ў 1960-х была далёка не галоўнай. Але як у фільме «Тры білборды на мяжы Эбінга, штат Місуры», жаночая тэма ў спектаклі ў пэўны момант выходзіць на першы план.

Гары Уэйд нібыта не надае вялікай увагі ім, і яны адказваюць яму ўзаемнасцю. Але тое, як маці і дачка ўз'ядналіся супраць бацькі, падзяляе спектакль на мінулае і будучыню. І гэтая жаночая будучыня можа і не будзе светлай, але мінулае, якую сімвалізуюць брутальная мужнасць Гары Уэйда і Пітэра Муні, падаецца яшчэ больш беспрасветным.

Аляксей Стрэльнікаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера