Знайсці
17.01.2019 / 09:111РусŁacБел

Нараджэнне і смерць ССРБ: як Масква забрала ў Беларусі Віленшчыну, Віцебшчыну, Магілёўшчыну і Смаленшчыну

Расказвае гісторык Анатоль Сідарэвіч.

А першы чыноўнік, савецкі беларус, паводле ягонага ж прызнання, у сваім навагоднім вітанні назваў 2019 год і годам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і годам 25-годдзя Асноўнага закона Беларусі, і годам ІІ Еўрапейскіх гульняў (а як жа без іх?), але ні словам не згадаў пра 100-годдзе абвяшчэння…

А што, уласна кажучы, было абвешчана, дзе?

Так сказаў таварыш Сталін

Пачнем з пытанняў «калі?» і «дзе?».

На пачатку 1919 г. быў апублікаваны Маніфест Часовага работніча-сялянскага савецкага правіцельства Беларусі.

Маніфест Часовага савецкага ўраду Беларусі быў складзены на беларускай мове Змітром Жылуновічам і перакладзены на рускую мову.

Пад беларускамоўным тэкстам гэтага дакумента дата і месца падпісання адсутнічаюць. Пад рускамоўным тэкстам чырвоным чарнілам ўпісана дата і месца падпісання дакумента: 1-го января 1919 г., гор. Минск.

Дата, і месца падпісання Маніфеста Часовага работніча-сялянскага ўрада Беларусі фальшывыя. Дакладна ўстаноўлена, што дакумент гэты быў падпісаны 2 студзеня 1919 годаў ў Смаленску,

на пачатку сутак. Таксама 2 студзеня ў 2 гадзіны 55 хвілін (ночы) тэлеграфіст Сцяфанаў перадаў яго ў Менск. У 7 гадзін 15 хвілін тэлеграфіст Сцяфанаў перадаў Маніфест у Менскую цэнтральную кантору для распаўсюду. Апублікаваны ж Маніфест 3 студзеня 1919 года.

Чаму месцам падпісання Маніфеста Часовага работніча-сялянскага ўрада Беларусі названы Менск? Пэўна, бальшавікі не маглі не ўлічыць досвед абвяшчэння савецкіх рэспублік ва Украіне, Літве, Латвіі ды Эстоніі.

Вядома, што савецкую (а дакладней — бальшавіцкую) уладу ва Украіне абвяшчалі двойчы. Першы раз гэта адбылося ў канцы 1917-га ў Харкаве, а другі раз — у канцы лістапада 1918 г. у Курску. Менавіта ў Курску на свет з’явіўся Часовы работніцка-сялянскі ўрад Украіны. Часовы рэвалюцыйны работніцка-сялянскі ўрад Літвы ўзнік на пачатку снежня 1918 года ў Віцебскай губерні — у Дзвінску. Не ў Рызе, а на мяжы з Эстоніяй, у горадзе Валка, абвясціў пра сябе Часовы ўрад Савецкай Латвіі. Не ў Таліне і не ў Тарту, а ў памежнай Нарве, заявіў пра сваё існаванне савецкі ўрад Эстляндыі. Гэта выклікала ў апанентаў бальшавіцкай партыі кепікі.

Абвяшчаць Савецкую Беларусь на ўскрайку беларускай этнічнай прасторы не выпадала.

Чаму пад Маніфестам, яго рускамоўным тэкстам, было ўпісана не сапраўднае месца яго падпісання?

Мабыць, пад увагу браліся не толькі кепікі апанентаў бальшавіцкай улады, а той факт, што тры Устаўныя Граматы Рады Усебеларускага З’езду і Рады БНР былі складзеныя і апублікаваныя ў Менску. Складзеныя і апублікаваныя, адзначу, самімі беларусамі, без усякіх кантралёраў.

Відавочна, што бальшавікі мусілі зрабіць сталіцай новага ўтварэння горад у цэнтры беларускай этнічнай прасторы. Як бы там ні было, такую ўстаноўку — «прокламирование правительства должно произойти в Минске» — даў 29 снежня Іосіф Сталін, сябар Бюро Цэнтральнага Камітэта Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і народны камісар у справах нацыянальнасцяў Расіі.

Паўстае пытанне: чаму ж Маніфест, ухвалены Масквой, не быў падпісаны 1 студзеня? Адказ на гэтае пытанне больш складаны.

Абставіны маглі скласціся так, што Маніфест, напісаны Жылуновічам, наогул не ўбачыў бы свет.

Карціна Леаніда Дударэнкі «Менск. 1919». У цэнтры — Зміцер Жылуновіч, Мяснікоў за яго спіной.

Бальшавіцкія хітрыкі

Калі 25 снежня 1918 года, на другі дзень пасля заканчэння канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), Сталін запрасіў да сябе адказных работнікаў Беларускага нацыянальнага камісарыяту, сябраў Бюро беларускіх секцый РКП(б) і Маскоўскай беларускай секцыі, абвясціў ім аб рашэнні стварыць Савецкую Беларусь ды прапанаваў вылучыць кандыдатаў у Часовы работніча-сялянскі ўрад, беларускія камуністы гатовыя былі заняць у ім усе 15 камісарскіх пасадаў. Аднак гэта не ўваходзіла ў планы Масквы.

Хто такія беларускія камуністы? Многія яшчэ нядаўна былі сябрамі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, а потым Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Увесну 1918-га яны пачалі ствараць беларускія секцыі РКП(б). Іх жаданнем было, каб такая секцыя была створана пры Цэнтральным Камітэце бальшавіцкай партыі, аднак гэты праект не знайшоў падтрымкі ў маскоўскіх кабінетах,

бо супраць яго, як паказавае гісторык Рыгор Лазько, выступіў Карл Ландар, той самы Ландар, які ў снежні 1917-га даў распараджэнне аб разгоне Усебеларускага З’езду. І ўсё ж да восені 1918-га, акрамя Петраграда і Масквы, беларускія секцыі былі створаны прынамсі ў Варонежы, Казані, Казлове, Невелі, Саратаве і Тамбове.

Калі ў Нямеччыне пачалася рэвалюцыя, 13 лістапада 1918 г. Берасцейскі мірны трактат быў дэнансаваны. Чырвоная Армія пайшла на Захад і бальшавікі пачалі ствараць ланцуг савецкіх рэспублік-буфераў паміж Расіяй і Захадам. Гэтыя рэспублікі былі таксама альтэрнатывай Эстонскай, Латвійскай, Літоўскай рэспублікам і Украінскай Народнай Рэспубліцы.

У гэтым ланцугу мог з’явіцца разрыў, і якраз на самым важным, беларускім, участку.

Беларусь была для бальшавікоў і самым праблемным участкам. Тут не было з кім ствараць савецкую рэспубліку, бо тут не мелася добра вядомых і кіраўніцтву РКП(б), і самой Беларусі правераных бальшавікоў, якія б належалі да тытульнай нацыі ды ўмелі размаўляць і пісаць па-беларуску.

Ствараць жа савецкую рэспубліку ў Беларусі без удзелу ў яе ўрадзе беларусаў не выпадала. Іншая справа Эстонія, дзе былі Яан Анвельт, Віктар Кінгісеп, Ханс Пегельман, ці Латвія з Петэрам Стучкам, Карлам Данішэўскім, Янам Ленцманам і Літва з Вінцасам Капсукасам, Зігмасам Алексам-Ангарэцісам ды Пранасам Свацялісам-Пралетарасам. Не было тут і такіх ураджэнцаў, як Георгі Пятакоў ці Клімент Варашылаў ва Украіне. І вядомых бальшавікоў-украінцаў таксама было дастаткова. Успомнім хоць бы Грыгорыя Пятроўскага, Міколу Скрыпніка, Дмітра Мануільскага. 

Стаўшы перад праблемай, кіраўніцтва РКП(б) мусіла даць дазвол на правядзенне канферэнцыі беларускіх секцый партыі. І гэтая канферэнцыя адбылася 21—23 снежня. Канферэнцыя выказалася за стварэнне часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, а ў 5-асабовае Цэнтральнае Бюро беларускіх секцый, абранае 23 снежня, увайшлі былы старшыня БСГ Зміцер Жылуновіч, былыя сябры Грамады Язэп Няцецкі і Аляксандр Чарвякоў. Кандыдатам у сябры ЦБ стаў былы старшыня ЦК БСГ Язэп Дыла.

Назваць беларускіх камуністаў бальшавікамі вельмі цяжка. Гэта былі хутчэй нацыянал-камуністы або, калі карыстацца пазнейшай бальшавіцкай тэрміналогіяй, нацыянал-ухілісты, нацыянал-апартуністы.

З тае прычыны, што стаж працы ў бальшавіцкай партыі Змітра Жылуновіча, Аляксандра Чарвякова, Язэпа Дылы, Фабіяна Шантыра, Усевалада Фальскага ды іншых не налічваў і года, даверыць ім будаўніцтва Савецкай Беларусі кіраўніцтва РКП(б) не магло.

Было вырашана, што ў Часовым работніча-сялянскім урадзе Беларусі будзе 16 камісарскіх пасад, 8 з іх займуць дзеячы Паўночна-Заходняй партыйнай арганізацыі, а яшчэ 8 — прадстаўнікі беларускіх секцый РКП(б).

Аднак неўзабаве выявілася, што ў Змітра Жылуновіча адзін спіс, а ў бальшавікоў — другі, надрукаваны на машынцы. Часовы ўрад пашыраўся да 17 чалавек, з іх толькі восем — беларусы.

(Пазней у другі спіс ад рукі дадаткова былі ўпісаныя прозвішчы старшыні Надзвычайнай камісіі (ЧК па-расійску) Віктара Яркіна, які праславіўся сваімі «подзвігамі» ў Смаленску (чытайце, што пра яго пісаў Янка Купала), а таксама старшыні Калегіі ў справах палонных і бежанцаў Рыгора Найдзёнкава, якога 30 мая 1919 г. расстраляюць самі бальшавікі).

Вынікам сталінскіх хітрыкаў было тое, што ў Часовым урадзе Беларусі ў рэшце рэшт апынуліся 8 прадстаўнікоў беларускіх камуністаў на чале з Жылуновічам і 11 бальшавікоў.

(Сярод бальшавікоў быў і Іван Савіцкі, камісар шляхоў зносін. Нарадзіўся ён у Кобрынскім павеце, але ці лічыў сябе беларусам — пытанне.) Пакуль жа,

31 снежня 1918 г., Жылуновіч, пазнаёміўшыся з атрыманым спісам на 17 чалавек, запатрабваў выключыць з яго Аляксандра Мяснікова (ваенныя справы), Майсея Калмановіча (харчаванне) і Рышарда Пікеля (Савет народнай гаспадаркі).

Апрача таго, Зміцер Жылуновіч меркаваў, што не камісарскую, але вельмі важную пасаду кіраўніка спраў Часовага ўрада, па сутнасці яго «правай рукі», атрымае беларускі бальшавік інжынер Пётра Клыш (партыйная мянушка Карліб), але ў партыйных кабінетах вырашылі прызначыць на гэтую пасаду праверанага чалавека — Вільгельма Кнорына. Пётру ж Клыша накіравалі на падпольную працу ў Гродзенскую губерню. (У сакавіку 1919 г. у Беластоку яго арыштавала польская дэфензіва. Як сведчыць Антон Луцкевіч, у апошні момант жыцця Клыш выгукнуў: «Няхай жыве незалежная Беларусь!».)

Абхітрыўшы беларускіх камуністаў са складам урада і кіраўніком яго спраў, бальшавікі ўчынілі яшчэ адну хітрасць.

30 снежня ў Смаленску сабралася VI канферэнцыя Паўночна-Заходняй арганізацыі РКП(б), якая абвясціла сябе І з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

У склад Цэнтральнага Бюро КП(б)Б з’езд абраў 15 чалавек, з іх толькі два — Зміцер Жылуновіч ды Іосіф Лагун — былі беларусамі. Самі ж камуністы-беларусы трапілі ў Смаленск тады, калі ўдзельнікі з’езду разбіралі шапкі.

Вось тады Жылуновічу і быў прад’яўлены надрукаваны на машынцы спіс сябраў Часовага ўраду. 

Адразу ж пасля з’езду адбылося першае пасяджэнне Цэнтральнага Бюро КП(б)Б. Яшчэ да пасяджэння Жылуновіч заявіў, што Часовы ўрад Беларусі (нават без Мяснікова, Калмановіча і Пікеля) не павінен падпарадкавацца Цэнтральнаму Бюро КП(б)Б. На самім жа пасяджэнні Жылуновіч прапанаваў уключыць у склад ЦБ сябраў Цэнтральнага Бюро беларускіх секцый РКП(б), абраных 23 снежня. У адказ на гэта бальшавікі запатрабавалі распусціць Цэнтральнае Бюро беларускіх секцый. Жылуновіч заявіў аб выхадзе з ЦБ КП(б)Б.

Жылуновіч спрабаваў апеляваць да Сталіна, аднак яго пазбавілі права гаварыць ад імя Цэнтральнага Бюро беларускіх секцый. Размаўляць жа са Сталіным ад імя ЦБ КП(б)Б упаўнаважылі яго старшыню Аляксандра Мяснікова.

1 студзеня 1919 г. Сталін адбіў Мяснікову тэлеграму, у якой цвёрда заявіў, што Часовы ўрад Беларусі будзе падпарадкаваны Цэнтральнаму Камітэту РКП(б). Ён запатрабаваў да апарата Жылуновіча, а потым адбіў тэлеграму яму, Мяснікову і Кнорыну.

У тэлеграме было напісана, што спіс сябраў Часовага ўраду Беларусі застаецца «той, які маецца ў прывезеным Вам дакуменце». Гэта значыць — спіс з 9 бальшавікамі і 8 беларускімі камуністамі, малодшымі братамі, як іх назваў Сталін.

У адказ Жылуновіч накіраваў тэлеграму Сталіну. Яе тэкст не захаваўся, але, як можна думаць, ён заявіў Сталіну, што ў сувязі з супярэчнасцямі, якія ўзніклі паміж беларускімі камуністамі і бальшавікамі, будзе адкладзена публікацыя Маніфеста Часовага ўрада. Сталін зноў накіраваў тэлеграму Жылуновічу і запатрабаваў тэрміновай публікацыі Маніфеста. Акрамя таго, ён паабяцаў сам прыехаць у Менск.

Жылуновіч Сталіна не паслухаўся. Апоўдні 1 студзеня Мяснікоў тэлегарафаваў Сталіну, што Жылуновіч і Лагун адмаўляюцца ад публікацыі Маніфеста. Сталін зноў адбіў тэлеграму Жылуновічу (копію — Мяснікову). Спіс з 17 сябрамі Часовага ўраду, з Мясніковым, Калмановічам і Пікелем, ён абвясціў канчатковым. Ад Жылуновіча і «яго групы» Сталін запатрабаваў адказаць на пытанне: ці падпарадкуюцца яны рашэнню ЦК бальшавіцкай партыі?

Сталінскае пытанне гучала злавесна. На падбальшавіцкай тэрыторыі з 5 верасня 1918 г. афіцыйна панаваў рэжым чырвонага тэрору. Партыя, якая захапіла ўладу і стала па сутнасці партыяй-дзяржавай, жорстка карала нават сябраў РКП(б), якія сабатавалі (зрывалі) выкананне рашэнняў яе кіруючых органаў, асабліва калі гэтыя сябры паходзілі з іншых партый. Таму Жылуновіч мусіў выканаць патрабаванне Сталіна і прад’явіць Маніфест Часовага ўраду Беларусі для падпісання.

Што за рэспубліка была абвешчана? 

Маніфест, як мы ўжо ведаем, быў падпісаны 2 студзеня 1917 г., на пачатку сутак.

Той спіс 17 сябраў Часовага ураду Беларусі меў падзагаловак: «Порядок подписей МАНИФЕСТА Временного Рабоче-Крестьянского Белорусского Советского Правительства». Меркавалася, што яго падпішуць усе 17 сябраў ураду.

Падпісалі ж яго толькі пяць камісараў: Змітро Жылуновіч, Аляксандр Мяснікоў, Сямён Іваноў, Аляксандр Чарвякоў ды Ісак Рэйнгольд.

Лічыцца, што гэтым актам была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Некаторыя ўдакладняюць: была абвешчана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі. Насамрэч ні першай, ні другой назвы новай савецкай рэспублікі ў Маніфесце няма.

У тэксце назваў шмат. Пералічу іх: Беларуская Сацыялісткая Рэспубліка, Рэспубліка працоўнага народу, рабочых, сялянскае бядноты і чырвонаармейцаў Беларусі, Сацыялістычная Савецкая працоўная Рэспубліка Беларусі, Савецкая Рэспубліка Беларусі, Савецкая Беларуская незалежная Рэспубліка.

Такім чынам, афіцыйнай назвы ў новай савецкай рэспублікі не было, не мелася і адпаведнай абрэвіятуры. Для параўнання: 2-й Устаўнай Граматай Выканаўчага Камітэта Рады Усебеларускага З’езда 9 сакавіка 1918 г. абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка. Іншых назваў у дакуменце не было.

Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай Беларусі (ССРБ) новае ўтварэнне будзе названа ў канстытуцыі, якую прыняў І Усебеларускі з’езд Саветаў, што адбыўся 2—3 лютага 1919 г. А да гэтага моманту ў загалоўках сваіх пратаколаў урад новага ўтварэння называў сябе Часовым работніча-сялянскім ўрадам Беларускай Рэспублікі або проста Беларусі.

Анатоль Шыбнёў. Першы Усебеларускі з'езд Саветаў.

Што такое Беларусь?

Калі кіравацца вынікамі ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г., а таксама паказчыкамі па Кобрынскім павеце за 1913 год, у пяці губернях, якія царскім урадам былі аднесены да Паўночна-Заходняга краю, беларускае насельніцтва пераважала ў 39 паветах: Ашмянскім, Вілейскім, Дзісенскім, Лідскім (Віленская губерня); Віцебскім, Вяліжскім, Гарадоцкім, Дрысенскім, Лепельскім, Невельскім, Полацкім (Віцебская губерня); Ваўкавыскім, Гродзенскім, Кобрынскім, Пружанскім, Сакольскім, Слонімскім (Гродзенская губерня); Аршанскім, Быхаўскім, Гомельскім, Горацкім, Клімавіцкім, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Рагачоўскім, Сенненскім, Чавускім, Чэрыкаўскім (Магілёўская губерня); Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Мазырскім, Мінскім, Наваградскім, Пінскім, Рэчыцкім, Слуцкім (Мінская губерня), Краснінскім (Смаленская губерня); Суражскім (Чарнігаўская губерня). Гістарычна — як ваяводскі і павятовы цэнтр у былым ВКЛ — беларускім лічыўся і Берасцейскі павет. Апрача таго, беларусы былі найбольшымі этнічнымі групамі ў Віленскім і Свянцянскім паветах Віленскай губерні ды ў Себежскім павеце Віцебскай губерні.

31 снежня 1918 г., прымаючы рашэнне аб межах Беларусі, І з’езд КП(б)Б уключыў у склад Савецкай Беларусі ўсе названыя паветы, акрамя Віленскага. Апроч таго, у склад Савецкай Беларусі былі ўключаныя яшчэ 11 паветаў: Беластоцкі (Гродзенская губерня), Бельскі, Дарагабужскі, Духаўшчынскі, Ельнінскі, Парэцкі, Рослаўскі і Смаленскі (Смаленская губерня), Аўгустаўскі (Сувалкаўская губерня), Мглінскі і Старадубскі (Чарнігаўская губерня).

Такім чынам, Смаленск і Смаленскі павет як частка Заходняй Камуны і Савецкай Беларусі не былі самым усходнімі землямі. На ўсход ад іх былі Дарагабуж, Белая, Духаўшчына, Ельня і нават Рослаўль з прылеглымі валасцямі. Не кажу пра Старадуб.

Вызначаючы так ўсходнія межы Савецкай Беларусі, бальшавікі, пэўна, добра ведалі этнічны склад гэтых земляў і, не выключана, чыталі Уладзіміра Даля ды Яўхіма Карскага. Другі з іх у працы «Карта белорусского племени» (1918) паказаў, як перапісчыкі скарацілі колькасць беларусаў у паасобных паветах Смаленскай губерні за 30 гадоў — з 1866 па 1897 г. Так, у Парэцкім павеце ў 1866 г. было 68995 беларусаў, а ў 1897-м іх зарэгістравалі толькі 1415; у Ельнінскім павеце гэты паказчык упаў з 89304 да 3654 чалавек, а ў Рослаўскім — са 108266 да 129 чалавек. Ва ўсіх паветах губерні ў 1866 г. жыло 537149 беларусаў, а ў 1897 г. іх засталося, паводле перапісу, амаль у пяць разоў меней — 100757 чалавек.

Што праўда, рашэнне І з’езду КП(б)Б аб паветах, якія належала ўключыць у склад Савецкай Беларусі, не мела юрыдычнай сілы.

Хоць бальшавіцкая партыя і валодала манаполіяй на ўладу, рашэнне партыйнай інстанцыі не было прадублявана кампетэнтным органам дзяржаўнай улады. Такім органам мог быць і сам Часовы работніча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі. Аднак у Маніфесце гэтага ўраду марна шукаць згадку пра тэрыторыю, якую мелася ахапіць Савецкая Беларусь.

Для параўнання: 9 сакавіка 1918 г. Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася «ў рубяжох разсяленьня і лічбеннай перавагі беларускаго народу». У 3-й Устаўнай Грамаце (25 сакавіка) гэты пункт канкрэтызаваўся: «Беларуская Народная Рэспубліка павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічбенную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеўшчыну, беларускія часьці Міншчыны, Гродненшчыны (з Гроднай, Беластокам і інш.), Віленшчыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часьці суседніх губэрняў, заселеныя беларусамі». «Сумежныя часьці» — гэта, пэўна, асобныя часткі Ковенскай губерні, якія цяпер у большасці ўваходзяць у Браслаўскі раён, а таксама Сувалкаўскай і Пскоўскай губерняў.

Тое, што ў Маніфесце Часовага ўраду нічога не гаварылася аб тэрыторыі, якую мелася ахапіць Савецкая Беларусь, тое, што пытанне аб тэрыторыі не было перад напісаннем Маніфеста ўзгоднена з Масквой, з’яўляецца яшчэ адным недахопам гэтага дакумента. І гэта было выкарыстана Цэнтральным Камітэтам бальшавіцкай партыі.

16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў пастанову, у якой было запісана: «…оставить в составе Белоруссии две губ.: Минскую и Гродненскую».

Віцебскія, магілёўскія і смаленскія землі кіраўніцтва РКП(б) забірала ў склад Расіі, а Віленскую губерню аддавала куртатай ССР Літвы (куртатай таму, што яшчэ існавала Літоўская Рэспубліка з цэнтрам у Коўне).

Але куртатая ССР Літвы і ўрэзаная Савецкая Беларусь бальшавікам былі непатрэбныя. Таму 16 студзеня ЦК РКП(б) прыняў таксама пастанову пра аб’яднанне савецкіх Беларусі і Літвы ў адну рэспубліку — ССР Літвы і Беларусі, Літбел.

Абаронцамі тэрытарыяльнай цэласнасці і суб’ектнасці Беларусі выступілі на гэты раз бальшавікі — сябры Часовага работніча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі і Цэнтральнага Бюро КП(б)Б.

Анатоль Сідарэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930