Знайсці
15.01.2019 / 17:401РусŁacБел

Пяць фактаў пра пяцярых чыноўнікаў, якіх сёння прызначыў Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі 15 студзеня правёў кадравы дзень. Пра некаторых з новых постацяў можна пачытаць у нашым матэрыяле.

Янак з Мосара

Іван Лаўрыновіч. Фота ok.ru.

Памочнікам прэзідэнта па Гродзенскай вобласці стаў Іван Лаўрыновіч. Перавялі яго аж з Лёзна, дзе Лаўрыновіч быў старшынёй райвыканкама.

Лукашэнка адмыслова ставіць памочнікамі ў рэгіёнах людзей, якія з гэтай мясцовасцю не звязаныя, каб яны не былі ўмешаныя ў кланавыя сувязі, а маглі больш аб’ектыўна сачыць за справамі вобласці. Папярэднік Лаўрыновіча Сяргей Раўнейка быў затрыманы пры атрыманні хабару ў памеры 200 тысяч даляраў.

Глядзі таксама:

Хто такі Сяргей Раўнейка, затрыманы на хабары ў 200 тысяч даляраў?

Хаця варта адзначыць, што ў катэгорыі «найлепшыя сябры» ў Івана Лаўрыновіча ў сацыяльнай сетцы Укантакце значыцца старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

Лаўрыновіч родам з Мосара Глыбоцкага раёна, сканчваў Удзельскую школу. Пасля школы пайшоў вучыцца ў Лужаснянскае аграрнае вучылішча, а ў 1990 паехаў вучыцца завочна ў Вялікалуцкую сельскагаспадарчую акадэмію. Адначасова працаваў у калгасе імя Леніна Шаркаўшчынскага раёна. Пасля было яшчэ некалькі калгасаў. Агулам у Шаркаўшчыне Лаўрыновіч адпрацаваў да 2009, калі яго забралі ў Віцебскі аблвыканкам.

Бацькі Лаўрыновіча летась адзначылі залатое вяселле. Маці Часлава прыслужвала пры касцёле, калі пробашчам з’яўляўся Іозас Булька. Адметна, што ў сацыяльных сетках родныя называюць Лаўрыновіча не Іванам, а Янакам. Стрыечная сястра чыноўніка жыве ў Вільні, а брат — у Санкт-Пецярбурзе.

Замест Латушкі таксама беларускамоўны

Ігар Фісенка. Фота з facebook.com.

Новым паслом Беларусі ў Францыі стане 48-гадовы Ігар Фісенка. Ён мінчук, хадзіў у школу №20 па вуліцы Максіма Танка. Вучыўся ў маскоўскім МГІМО на міжнародным праве. Кандыдат юрыдычных навук.

Бацька Ігара, Валянцін Фісенка, таксама быў дыпламатам. Ён узначальваў пасольства Беларусі ў Аўстрыі, быў адным з першых паслоў незалежнай краіны. Памёр у 2016 на 82-м годзе жыцця.

Кар’еру Ігар Фісенка пачынаў у Міністэрстве юстыцыі, аднак у хуткім часе перайшоў у МЗС. Працаваў у Брусэлі, быў паслом Беларусі ў Егіпце (і яшчэ шэрагу афрыканскіх краін па сумяшчальніцтве). Апошнім часам узначальваў Галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС.

Адметна, што фэйсбук Ігар Фісенка вядзе ў асноўным па-беларуску (хаця піша і па-англійску, і па-руску, і па-французску), змяшчае там шмат фотаздымкаў. Сам Ігар мае вялікую калекцыю цацачных аўтамабіляў. А сам ранак пачынае з 40-хвіліннай прагулкі па Мінску.

З жонкай Фісенка пазнаёміўся падчас сумеснай працы ў Міністэрстве юстыцыі. Ларыса захапляецца кветкавым дызайнам. Пара разам ужо больш за 20 гадоў, у іх двое сыноў. Старэйшы — Мікіта — таксама вырашыў стаць дыпламатам. Сястра пасла Ірына жыве ў Каліфорніі.

Сям’я шмат падарожнічае на ўласным аўтамабілі, даязджалі на ім нават да Грэцыі.

А вось паслом Беларусі ў Вільні стаў Валерый Бараноўскі, дагэтуль зусім невядомы чыноўнік, ён курыраваў упраўленне знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта.

З Каменнай Горкі ў Мінгарвыканкам

Арцём Цуран з сям'ёй. Фота з ok.ru.

40-гадовы Арцём Цуран прызначаны намеснікам старшыні Мінгарвыканкама. Да гэтага ён быў тры гады кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Самага вялікага ў горадзе, адпаведна, аднаго з самых праблемных.

Цуран родам з Глыбокага, ён скончыў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Рабіў на Мінскім заводе ацяпляльнага абсталявання. Працаваць у Мінгарвыканкаме яму не ўпершыню, ён ужо быў там начальнікам упраўлення арганізацыйна-кадравай работы.

Арцём Цуран карыстаецца сацсеткамі, прынамсі, ён мае акаўнты ў Аднакласніках і Фэйсбуку. У «Аднакласніках» адна з фотак падпісаная па-беларуску: «Спякота ў Феадосіі — 2009». Ні ў якіх суполках чыноўнік не ўдзельнічае, статусы таксама не піша.

Жонка Аксана з'яўляецца загадчыцай садка ў Сухараве. У пары ёсць дачка і сын. Кіруе машынай Kia Sorento. Кажа, што часцей выходзіць з машыны яму раіў былы памочнік прэзідэнта па Мінску Аляксандр Якабсон.

Цуран прызнаваўся, што мае заробак большы, чым сярэдні па Мінску. Але разам з тым зазначаў, што 600 рублёў для маладога спецыяліста — неблагі заробак. У Мінгарвыканкаме ён будзе курыраваць сістэму ЖКГ.

Яшчэ адным намеснікам кіраўніка Мінгарвыканкама стаў Аляксандр Дараховіч, які дагэтуль узначальваў Завадскі раён Мінска.

Малады міністр транспарту

Аляксей Аўраменка ў Манголіі. Фота з ok.ru.

Краіна атрымала новага міністра трансарту і камунікацый. Ім стаў 41-гадовы Аляксей Аўраменка. Да гэтага часу ён быў першым намеснікам Анатоля Сівака, якога паставілі старшынёй Мінгарвыканкама.

Аўраменка родам з Мінска, вучыўся ў школе №156 у Кунцаўшчыне. Скончыў політэхнічную акадэмію. Пасля гэтага працаваў майстрам у будаўніча-мантажным трэсце. На працу ў Міністэрства транспарту трапіў у 2000-м годзе. У 2006 пачаў працаваць ва ўпраўленні траспарту і сувязі Апарата Савета міністраў. Так ці інакш усё жыццё Аляксея Аўраменкі было звязана з транспартам.

Новы міністр удзельнічаў у перамовах з еўрапейскімі структурамі аб выдзяленні Беларусі крэдытаў на рамонт дарог.

Вядома, што Аляксей Аўраменка жанаты. Ён зарэгістраваны ў сацыяльных сетках, але іх не вядзе.

У Беларуска-расійскім універсітэце новы рэктар

Мікалай Лусцянкоў. Фота vk.com.

Ім стаў 44-гадовы прафесар, доктар тэхнічных навук Мікалай Лусцянкоў. Ён сам магілёвец, скончыў родны ўніверсітэт, у ім жа ўсё жыццё і працаваў: асістэнтам, выкладчыкам, дацэнтам, начальнікам сектара працы з замежнымі студэнтамі, намеснікам дэкана.

Беларуска-расійскі ўніверсітэт — гэта тэхнічная ВНУ, якая рыхтуе аўтамеханікаў, машыбудаўнікоў, электрыкаў і г.д.

Усяго ва ўніверсітэце навучаецца амаль 5 тысяч беларусаў і каля 500 чалавек расіян.

«Універсітэт — рэальны прыклад інтэграцыі двух адукацыйных сістэм, Расіі і Беларусі. У адной установе мы адначасова дзейнічаем у прававым полі дзвюх дзяржаў і рыхтуем спецыялістаў па адукацыйных стандартах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Мы маем магчымасць параўнаць перавагі і недахопы абедзвюх сістэм, знайсці аптымальнае рашэнне», — казаў Лусцякоў.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930