Знайсці
15.01.2019 / 14:2332РусŁacБел

Лукашэнка загадаў перапісаць навучальныя праграмы: Калі міністр не зразумеў, то ён не міністр

Праграмы ВНУ і школ трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд.

Ігар Карпенка, фота Сяргея Гудзіліна

Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, даючы згоду на прызначэнне Міхаіла Лусцянкова рэктарам Беларуска-расійскага ўніверсітэта, піша БелТА.

«Праграмы ВНУ і школ трэба рэанімаваць і прывесці ў нармальны выгляд. У нас часам ужо ў восьмым-дзявятым класе вывучаюць тое, што мы раней вывучалі ў ВНУ. Няўжо так жыццё паскорылася? Няўжо ўсіх іх матэматыкамі рыхтуем? Таму трэба вельмі сур'ёзна заняцца адукацыяй. Калі міністр гэтага не зразумеў, значыць, ён не міністр», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы спытаў, як наладжаны навучальныя працэсы ў Беларуска-расійскім універсітэце, колькі там навучаецца студэнтаў і ў чым асаблівасці адукацыйных праграм. Па словах Міхаіла Лусцянкова, сёння ва ўніверсітэце лічацца звыш 4,8 тыс. беларускіх студэнтаў і каля 430 расійскіх. «У асноўным бакалаўрыят. Магістратура адкрыта нядаўна — шэсць на дзённым, шэсць на завочным», — удакладніў ён.

Лукашэнка пацікавіўся, як адрозніваецца падрыхтоўка бакалаўраў і магістрантаў у Беларусі і Расіі. Міхаіл Лусцянкоў растлумачыў, што ў Расіі бакалаўрыят разглядаецца як першая ступень вышэйшай адукацыі, а магістратура стала другой. Такі падыход, на яго погляд, нерацыянальны, бо затрачваецца больш часу на падрыхтоўку спецыяліста.

«Першая ступень — чатыры гады. Там, па сутнасці, спецыяліст (бакалаўр) падрыхтаваны на ўзроўні тэхнікума, — дадаў ён. — У нас сістэма больш аптымальная. У нашай ВНУ, напрыклад, магістратура разглядаецца як падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі».

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў гэты падыход і падкрэсліў, што менавіта па такім прынцыпе і павінны рыхтаваць магістрантаў у беларускіх ВНУ.

«Глядзіце, каб ні ў якім разе мы не запазычалі вось гэты вопыт, які пераняла Расія, і цяпер не ведае, што з ім рабіць, — сказаў ён. — У магістратуру павінны ісці пераважна людзі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем.

Усіх туды кагалам пасылаць не трэба. Добра, мы прысвоім званне бакалаўра пасля заканчэння ВНУ, каб дыпломы падыходзілі, але будзем лічыць, што гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй».

Па словах кіраўніка дзяржавы, нярэдкія выпадкі, калі маладыя людзі паступаюць у магістратуру без асаблівых на тое прычын, па выніку дарма губляючы час.

«І не дай бог мы праверым, і гэта пацвердзіцца, — папярэдзіў ён. — Там (у магістратуры) павінна быць адмысловая праграма. І гэта таксама трэба праверыць: якія праграмы ў магістратуры. У некаторых ВНУ (я ўжо атрымаў інфармацыю і займаюся гэтым) нейкая шліфоўка старой праграмы, якую яны прайшлі ў ВНУ.

Гэта значыць цэлы год ідзе паўтор таго, што яны ўжо вывучылі. У лепшым выпадку паглыблены паўтор. Гэтага быць не павінна. Павінна быць адмысловая праграма ў кожнай ВНУ, нацэленая на падрыхтоўку спецыялістаў высокай кваліфікацыі, якія будуць займацца навукай і выкладаннем».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера