Знайсці
17.01.2019 / 09:5615РусŁacБел

Памятаеце міліцыянта, якога звольнілі і асудзілі за падтрымку Курапатаў? Даведаліся, як ён жыве цяпер

У ліпені 2018 года прапаршчык міліцыі Міхаіл Грамыка паспеў і паўдзельнічаць у акцыі пратэсту каля рэстарана ў Курапатах, і страціць працу, і пасядзець на сутках. Падрабязнасці ён расказваў у вялікім інтэрв’ю.

А цяпер ужо былы міліцыянт Грамыка распавёў, чым жыве і зарабляе сёння, чаму не можа знайсці сталую працу і як ставіцца да выказванняў міністра Шуневіча.

«Наша Ніва»: З моманту вашага звальнення з міліцыі прайшло паўгода. Раскажыце, дзе цяпер працуеце?

Міхаіл Грамыка: Не займаюся нічым. Працу не знайшоў пакуль. Бо куды не пойдзеш, то патрэбная характарыстыка. А хто мне дасць такую характарыстыку, якую трэба… Мяне ж звольнілі па артыкуле, дакладна не памятаю фармулёўку, але сутнасць такая — атрымалася, што я не выконваў умовы кантракту. Бо быў абавязаны не падтрымліваць палітычныя партыі і рухі і не выказвацца ў іх падтрымку. Я, здаецца, і не выказваўся, але ж… Ну напісалі, калі звальнялі, я прачытаў, але, падумаў, што ўсё роўна. Ды і падпісаў.

Таму цяпер з працай цяжкавата. Але я спрабую сваё хобі развіваць, займаюся скуранымі вырабамі. Стаў рамеснікам, карацей.

Трошкі грошай з гэтага маю. Але даход, канечне, нестабільны. Няма такога, як раней, калі ведаў, што 20-га штомесяц заробак будзе дакладна.

А цяпер можа трохі сёння з’явіцца, а пазней — яшчэ трохі. Бывае і 500 рублёў заробіш, а бывае і 200.

«НН»: Выходзіць менш, чым зараблялі ў міліцыі? (Грамыка казаў, што падчас працы на Акрэсціна атрымліваў 800-850 рублёў на месяц — Рэд.)

МГ: Так, усё ж менш.

«НН»: Жонка не злуецца?

МГ: Асноўная «праблема» — дык гэта жонка! (смяецца).

Кажа, ішоў бы працаваць!.. Адказваю, маўляў, грошы ж прыношу, што табе… А куды пайду? У ахову? Дык там усе былыя міліцыянты, у тым ліку і начальнікі. Пабачаць маю характарыстыку — і ўсё. Ды і што я там зараблю, тыя самыя 500 рублёў? Я і рамеснікам іх зарабляю. Але жонка кажа: дык было б там 500 і рамеснікам яшчэ 500…

«НН»: Не вымаўляла, што дарма вы раздавалі інтэрв’ю?

МГ: Ну было трохі… Спачатку негатыўна ставілася, але пасля глянула, што ў каментах падтрымліваюць мяне, то памякчэла.

Казала, маўляў, навошта перад інтэрв’ю нічога мне не сказаў, не папярэдзіў… Але каб я жонку папярэдзіў, дык і не было інтэрв’ю ніякага (смяецца).

«НН»: У жонкі не было праз вас праблем на працы?

МГ: Не, усё нармальна, ніякіх праблем.

«НН»: У дачкі ва ўніверсітэце?

МГ: Таксама не. Усё неяк ціха абышлося. Задаволіліся тым, што тады мне зладзілі паказальнае выступленне, з судом, з адсідкай на сутках.

«НН»: Вы казалі, што бацька вас асудзіў.

МГ: Не, так няправільна казаць.

Бацька мой глядзіць расійскія каналы, «Расію-24». Наглядзіцца гэтых дурняў…

А наконт майго ўчынку, то калі даведаўся, то спачатку сказаў: «Хай да мяне пасля не прыязджае!» Але гэта ён так сказаў, не разабраўшыся. Пасля даведаўся падрабязнасці, пачытаў інтэрв’ю, тое-сёе… Нармальна. Бацька ёсць бацька ўсё ж, не чужы чалавек.

«НН»: Ці сустракаеце сёння былых калегаў з міліцыі?

МГ: Кожны дзень амаль іх бачу. У мяне ж «міліцэйскі» дом.

«НН»: І як, кажуць штосьці?

МГ: Не асабліва. Цяпер ужо ўсё папрыціхла.

Але і раней негатыву я не бачыў. Большасць нейтральна ставілася, проста нічога не казалі. Але і былі тыя, хто выказваў падтрымку.

«НН»: Больш не ездзілі ў Курапаты?

МГ: У Курапаты не.

Але хадзіў на шэсце на Дзяды.

«НН»: І як вам?

МГ: Без звычкі цяжка столькі хадзіць! (смяецца)

Але правільная акцыя, трэба такое рабіць, трэба хадзіць. Гэта ж ужо традыцыя наша такая.

«НН»: Пасля ўсіх падзей стаўленне вашае да міліцыі не змянілася?

МГ: Ды не, я ж казаў, што кожны паасобку міліцыянты выдатныя людзі. А калі дурань нейкі загад аддае, то і пачынаецца… Выканальнасць у нас, у беларусаў, жа высокая.

Калі на Дзяды быў на шэсці, купіў сабе маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, прымацаваў да курткі і ўзяў налепку з «Пагоняй», наляпіў пад ім на куртку, туды, дзе сэрца. Ішоў, патрульныя стаялі: лейтэнант і прапаршчык, маладыя хлопцы. І лейтэнант падышоў да мяне, кажа: маўляў, сцяжок, схавайце, калі ласка. Ветліва гаварыў, нармальна.

Я кажу: хлопцы, дык а што ж гэта!?

А лейтэнант са мной гаварыў такім тонам, нібыта прабачэння прасіў, кажа: загадваюць, а я што зраблю?

Я спачатку хацеў паспрачацца, а пасля думаю: ай, чаго я буду… Паклаў сцяжок у кішэню. А налепка на куртцы засталася. І прапаршчык кажа: гэта таксама здыміце! Я яму адказаў: куды, гэта ж наш дзяржаўны герб! І герб Віцебска! І пайшоў сабе ад іх (смяецца).

«НН»: За навінамі з былога ведамства сочыце? Нядаўна Шуневіч ізноў адзначыўся выказваннямі пра «дзіравых».

МГ: Ай, гэтая савецкая спадчына… Ёсць такі выраз: «У Расіі під***ы, а ў Еўропе — геі» (смяецца).

Канечне, так казаць не варта было, ён жа міністр. Пры такой пасадзе трэба быць больш інтэлігентным… Бо што ж ты кажаш, што гэта за «паняцці» такія? Як з зоны выйшаў. Няправільна гэта.

Улад Швядовіч, фота Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031