Знайсці
15.01.2019 / 10:286РусŁacБел

Генерал ЗША: «Я ўражаны прафесіяналізмам міністраў абароны і замежных спраў Беларусі»

«У Беларусі я наведаў месца пераправы праз раку Бярэзіну, дзе армія Напалеона спрабавала адступаць, дзе іх прыкрывалі польскія, літоўскія і швейцарскія войскі…» — распавядае Белсату амерыканскі генерал-лейтэнант у адстаўцы Бэн Годжэз.

Беларусь зліквідавала абмежаванні на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у нашай краіне. Перад гэтым Менск наведалі высокапастаўлены чыноўнік Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Ўэс Мітчэл і група экспертаў у справах бяспекі. Сярод іх быў былы камандзір арміі Злучаных Штатаў у Еўропе генерал-лейтэнант Бэн Годжэз. Што ён рабіў на беразе Бярэзіны? Якія ў яго засталіся ўражанні ад спатканняў з Лукашэнкам і міністрамі замежных справаў ды абароны? Пра гэта — у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з былым вайскоўцам, а цяпер адным з кіраўнікоў вашынгтонскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA).

Некалькі гадоў таму Ваш Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі быў адным з першым, дзе заўважылі праблему гэтак званага сувальскага калідору. Мы размаўляем у Вільні, за некалькі тузінаў кіламетраў ад гэтага месца,ключавога для бяспекі рэгіёну. У нас з аднаго боку Расея, а з другога — Беларусь. Вы наведалі Беларусь некалькі месяцаў таму. Якою Вы бачыце нашую краіну як суседа NATO цяпер, пасля візіту? Ці ёсць небяспека з беларускага боку для сувальскага калідору і краінаў альянсу?

Я вельмі цешыўся, калі ўпершыню атрымаў магчымасць нарэшце наведаць Беларусь. У лістападзе я пабачыў гэтую прыгожую краіну, дзе сустракаўся не толькі з дзяржаўнымі дзеячамі, але і прыватнымі асобамі. Гэта быў насамрэч цудоўны досвед, поўны эмоцыяў і вельмі карысны для пашырэння майго далягляду.

Мне пашчасціла быць у кампаніі іншых амерыканскіх экспертаў у бяспецы, мы размаўлялі з чыноўнікамі Міністэрства абароны, Міністэрства замежных справаў і, вядома, мелі гонар сустрэцца з прэзідэнтам Лукашэнкам. Я таксама скарыстаўся магчымасцю наведаць некалькі значных для мяне гістарычных месцаў: гэта месца пераправы праз раку Бярэзіну, дзе армія Напалеона спрабавала адступаць, дзе іх прыкрывалі польскія, літоўскія і швейцарскія войскі…

Вельмі цікава, чаму Вы наведалі менавіта гэтае месца, а не нейкае іншае,звязанае з пытаннямі бяспекі ці з ваеннаю гісторыяй.

Я ў пэўным сэнсе фанат гісторыі. Мне падабаецца знаходзіць месцы, дзе жаўнеры або камандзіры здзейснілі штосьці прынцыпова новае, пайшлі на рызыку, рабілі тое, што патрабавала вялікай мужнасці: напрыклад, калі невялікая група мяняла зыход бою.

Я ўзяў камень з гэтага месца, каб выкарыстоўваць яго для дэманстрацыі прыкладу мужнасці ды інавацыяў маім жаўнерам.

І, вядома, пра тую знакамітую пераправу так шмат распавядаюць, што мне хацелася пабачыць гэтае месца на ўласныя вочы.

Я перабіў Вас падчас адказу на пытанне пра ўражанні ад візіту ў Беларусь.

Няма праблемы. Яшчэ адное месца — новы музей Вялікай Айчыннай вайны. Я быў пазітыўна здзіўлены ўзроўнем і якасцю экспанатаў, асабліва на партызанскую тэматыку — шмат мужчынаў і жанчын у Беларусі змагаліся за сваю свабоду. Гэта натхняе. Я сапраўды атрымаў асалоду ад экскурсіі.

Мяне моцна ўразіла рашучасць Беларусі навучыцца быць суверэннай і самастойнай ды працягваць дэманстраваць гэта.

Беларусь не мусіць рабіць выбару паміж Захадам і Расеяй. Я маю на ўвазе гістарычныя, культурніцкія сувязі, не толькі эканамічныя.

Ніхто на Захадзе не робіць спробаў стварыць такі падзел, нічога добрага з гэтага не выйдзе. Мяне ўразіла стаўленне да самастойнасці і суверэнітэту. Вы ўзгадалі сувальскі калідор. Тое, што Беларусі ўдалося давесці да РФ інфармацыю — мы можам абараніць сябе самыя, нам не патрэбныя расейскія войскі тут — вельмі важна, гэта памяншае рызыку ўзнікнення канфліктаў для ўсіх. Да таго ж Беларусь дапамагае ахоўваць большую частку мяжы з Украінаю — там проста няма расейскіх войскаў.

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў у інтэрв’ю расейскаму медыя заявіў, што не трэба рэагаваць на магчымы форт Трамп у Польшчы, і гаворка не ідзе пра размяшчэнне амерыканскай дывізіі, але пра брыгадную групу. Ён валодае найноўшаю заходняй аналітыкаю, між іншым Вашага цэнтру — СEPA.

Не трэба здзіўляцца, што міністр абароны добра інфармаваны. Я меў гонар сустрэцца з міністрам абароны: ён вельмі добра служыць Беларусі — як і вашыя дасведчаныя дыпламаты, і міністр замежных справаў.

Міністр абароны мае рацыю: няма неабходнасці ў нейкай рэакцыі на прапанову Польшчы ў справе форту Трамп, якую цяпер вывучае ЗША.

Польшча — наш добры саюзнік, але відавочна: тое, што NATO робіць у Польшчы ці Літве, не нясе аніякай пагрозы Беларусі. Сілы NATO запрасілі, бо мясцовыя жыхары не давяраюць кіраўніцтву Расейскай Федэрацыі. Вось чаму яны там, і падтрымліванне Беларуссю свайго суверэнітэту ды самастойнасці вельмі добрае для стабільнасці і бяспекі ўва ўсім рэгіёне.

Большасць спатканняў у Менску адбывалася за зачыненымі дзвярыма. Ці маглі б Вы падзяліцца не зместам размоваў, але ўражаннямі, эмоцыямі, якія засталіся пасля спатканняў з Лукашэнкам ці з міністрамі? Ці давяраеце Вы ім, калі яны кажуць пра бяспеку? Што Вы адчувалі, калі размаўлялі з імі?

Я з’язджаў з Беларусі з выразным асэнсаваннем таго, наколькі вялікі стратэгічны выклік цяпер стаіць перад яе ўрадам. Мяне ўразілі шматлікія дэкларацыі, што «мы суверэнныя і самастойныя, нам не патрэбныя тут расейскія войскі, каб абараняць нас». І зноў жа, я не быў здзіўлены, але ўражаны ўзроўнем прафесіяналізму і таленавітасці міністраў замежных справаў ды абароны.

belsat.eu

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930