Знайсці
13.01.2019 / 17:5031РусŁacБел

Мікалая Статкевіча прапанавалі прэтэндэнтам у прэзідэнты

Аргкамітэт партыі «Народная Грамада» прапануе вылучыць прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду палітыка Міколу Статкевіча. Пра гэта паведаміў БелаПАН, спасылаючыся на рашэнне аргкамітэта арганізацыі.

17 студзеня павінен прайсці Беларускі нацыянальны кангрэс, на якім, імаверна, будзе названы агульны прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты.

Вылучаць свае кандыдатуры маюць права ўсе суб’екты БНК, сябры рады, а таксама рэгіянальныя кааліцыі.

«Кожны з кандыдатаў павінен прадставіць сваю стратэгію перамогі, адбудзецца галасаванне, і будзе кандыдат», — казаў у інтэрв'ю НН Мікалай Статкевіч. 

Раней у Раду БНК увайшлі некалькі кіраўнікоў рэгіянальных кааліцый дэмакратычных сілаў і лідары арганізацый, у тым ліку: Беларускі рух, Рух за дзяржаўнасць і незалежнасць, Еўрапейская Беларусь, рух салідарнасці «Разам», «Народная грамада».

У Статкевіча на гэты момант не знятая судзімасць за Плошчу-2010.

«Ад 2015 года маю судзімасць на восем гадоў. Але паводле Канстытуцыі судзімасць не з’яўляецца перашкодай для ўдзелу ў выбарах, толькі ў Выбарчым кодэксе ёсць такія абмежаванні», — дае сваю трактоўку заканадаўства палітык.

«На гэты момант існуе патэнцыял палітычнага пратэсту (да 5%), сацыяльнага (да 10%) і патрыятычнага супраціву (да 15%). Усё гэта блізка да нуля, але патэнцыял ёсць. І наша мэта — аб’яднаць гэтыя патэнцыялы», — мяркуе палітык.

Па ягоных словах, на выбары трэба ісці з лозунгам «уладу — народу».

«Мы хочам мірных пераменаў, каб вярнуць выбарнасць, каб вярнуць людзям магчымасць на нешта ўплываць. Мы хочам данесці на Усход, што мы не збіраемся адразу ўступаць у НАТО ці рабіць нешта падобнае. Дэмакратычная Беларусь будзе надзейным партнёрам для ўсіх суседзяў. Галоўнае — вярнуць свабоду», — кажа Мікалай Статкевіч.

Паводле Канстытуцыі, прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за жнівень 2020 года.

Нагадаем, што сёння кандыдатам для ўдзелу ў «праймерыз» правацэнстрысцкай кааліцыі на выбары прэзідэнта быў названы лідар АГП Мікалай Казлоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930