Знайсці
11.01.2019 / 09:5614РусŁacБел

Былы пасол Расіі ў Беларусі: Расіяне стаміліся ад эканамічных праблем, трэба аднавіць адносіны з Еўропай

78-гадовы Аляксандр Сурыкаў, які 12 гадоў (2006—2018) быў паслом Расіі ў Беларусі, вярнуўся жыць на сваю малую радзіму, у Алтай. У інтэрв’ю мясцоваму парталу Altapress ён падзяліўся сваімі поглядамі на сітуацыю ў Расіі і Беларусі. На ягоную думку, расійскі народ стаміўся ад эканамічных праблем. Выхад Сурыкаў бачыць у змене курсу — наладжванні адносін з Еўропай. Тое ж ён лічыць галоўнай задачай і для Беларусі.

Аб прапанове застаццаў Беларусі

— Дома ў Беларусі ў мяне няма. Хоць прапанова застацца была — проста жыць. Працаваць я ўжо больш не збіраўся. Але я не застаўся там. Я вырас у Алтайскім краі, тут карані маіх дзяцей. Для мяне гэта дом.

«Узнікае напружанне»: пра агрэсію ў расійскім грамадстве

— У людзей назапасілася стомленасць. Некалькі гадоў мы жылі развіваючыся, рос дабрабыт грамадства. З 2014 года і сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, і даходы насельніцтва сталі ісці стабільна ўніз. І гэта стала адкладаць адбітак на светаадчуванне чалавека. Ён у краму прыходзіць, а там раз — разлічваў нешта купіць, а не выходзіць. І не толькі ён сам, але і ўся яго сям'я. Добра, год можна пацярпець, два, нават тры. Але ўжо чатыры. І кажуць, што будзе яшчэ горш.

Да таго ж, запусцілі няўдала пенсійную рэформу. Яна не адпавядае логіцы, шчыра кажучы. З аднаго боку, гаворыцца аб высокіх тэхналогіях, рабатызацыі, лічбавай эканоміцы. А гэта — скарачэнне працоўных месцаў. Гэта значыць, трэба думаць, куды вызваленых людзей уладкаваць, працуючае насельніцтва. Бо новых прадпрыемстваў ствараецца не так шмат. А тут кажуць тым, хто ўжо павінен ісці на пенсію: «Вы яшчэ 5 гадоў папрацуйце, мы і вас уладкуем». Куды?

Такога кшталту рэформы могуць праводзіцца на стадыі інтэнсіўнага развіцця эканомікі. Тады чалавек, якому адкладаюць пенсію, разумее, што потым у яго гэтая пенсійная выплата будзе высокай. Ён сам і грамадства ў цэлым добра зарабляюць, чалавек можа нават нешта адкладаць. А калі ён чакае 13 тысяч і плюс тысячу, у яго, вядома, суцэльны негатыў.

Узнікае напружанне. А яно заўсёды выплюхваецца ў негатыўнае стаўленне да навакольнага жыцця. А яго заўсёды звязваюць з уладай, хоць ты забіся.

«Вы, што, нас бачыце ў паганскім Кітаі? Не»: аб супольных мэтах Расіі і Беларусі

— Расея мела дамову аб стратэгічным партнёрстве з Еўропай да 2008 года. Але потым здарыліся падзеі ў Грузіі. Пачалі зноў над ёй працаваць, але перашкодзілі падзеі ва Украіне. Але Расея выступае за тое, каб аднавіць гэты стратэгічны дакумент. Бо мы бліжэй да еўрапейскай супольнасці з пункту гледжання паходжання і ладу жыцця. І Беларусь гэтак жа. Наша галоўная задача — аднавіць адносіны з Еўрасаюзам, як і ў Беларусі. Пытанне ў часе. Вы, што, нас бачыце ў паганскім Кітаі, ці што? Не.

«Няма раўназначнай фігуры»: пра будучыню Лукашэнкі

— Я ўпэўнены, што ў 2020 годзе Аляксандр Рыгоравіч пойдзе на выбары і практычна ўпэўнены, што ён на іх пераможа. Няма цяпер раўназначнай фігуры. Вядома, пытаннем змены прэзідэнта прыйдзецца займацца, але за даляглядам 2020 года. Лукашэнка, увогуле ж, нават маладзейшы, чым Уладзімір Уладзіміравіч у нас. Ёсць яшчэ порах.

Сяргей Гезгала

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера