Знайсці
10.01.2019 / 18:4513РусŁacБел

Расійскі тэлеграм-канал сцвярджае, што мітрапаліт Павел — амерыканскі агент

Ананімны тэлеграм-канал «Крамлёўскі бязбашаннік» распаўсюдзіў чутку, што бліжэйшым часам з Беларусі будзе адкліканы мітрапаліт Павел, які ўзначальвае Беларускую праваслаўную царкву апошнія пяць гадоў.

Мітрапаліт Павел. Фота Сяргея Гудзіліна.

Да гэтага Павел быў мітрапалітам у Разані, беларускага грамадзянства ён не прыняў па сёння.

Прычынамі незадавальнення працай Паўла называецца «правал працы», у прыватнасці, далейшы распаўсюд у Беларусі каталіцкай царквы. Ад новага мітрапаліта будуць чакаць «далейшых інтэграцыйных працэсаў».

Тэлеграм-канал нават называе магчымых зменшчыкаў Паўла. Найперш — гэта мітрапаліт Пскоўскі Ціхан (Шаўкуноў). У адрозненне ад Паўла, Ціхан лічыцца інтэлектуалам. Ён галоўны рэдактар сайта Праваслаўе.ру. Пра Ціхана кажуць, што ён мае цесныя кантакты з Уладзімірам Пуціным, нават лічыцца ягоным неафіцыйным духоўнікам.

Мітрапалітам Ціхан стаў толькі ў маі 2018 года, да гэтага часу ён узначальваў патрыяршую раду па культуры (працягвае займацца гэтай працай і цяпер). Ціхану 60 гадоў. Некаторыя лічаць, што ён можа змяніць Кірыла на пасадзе патрыярха.

А вось мітрапаліт Казанскі Феафан (Ашуркаў) мае ўжо 71 год. Ён пабыў мітрапалітам ва Ульянаўску, Стаўрапалі, Чэлябінску, епіскапам у Магадане. Дыякан Кураеў кажа, што гэта «вельмі разумны чалавек з досведам працы ў мусульманскіх рэгіёнах». Апроч Татарстана, яму даводзілася працаваць у Егіпце і Ізраілі.

І трэцяй кандыдатурай называецца мітрапаліт Краснаярскі Панцейлямон (Кутавы). Напэўна, таму, што ён народжаны ў Беларусі. Нарадзіўся Панцейлямон у вёсцы Грыбаны Магілёўскага раёна, але ад 5 гадоў жыў у Сібіры. Ад 1993 да 2000 з’яўляўся епіскапам Балтыйскім, дзе працаваў з католікамі і пратэстантамі.

Зрэшты, ставіцца сур’ёзна да гэтай «аналітыкі» не выпадае. У гэтай жа самай нататцы напісана, што мітрапаліт Павел быў у 1992 годзе завербаваны спецслужбамі ЗША, калі там працаваў. Не першы раз модныя расійскія тэлеграм-каналы публікуюць пра Беларусь ахінею.

ЗП

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера