Знайсці
11.01.2019 / 10:185РусŁacБел

Судзяць намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага — колішняга калегу Васіля Жарко

Ігар Ласіцкі

У Мінскім гарадскім судзе 11 студзеня пачаўся чарговы працэс з так званай «Справы медыкаў». Цяпер на лаве падсудных намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, якога абвінавачваюць у хабары.

Нагадаем, што ўлетку 2018 года у межах барацьбы з карупцыяй у медыцынскай сферы прайшоў шэраг затрыманняў: бралі і звычайных дактароў, і начальнікаў, і функцыянераў. Агулам завялі 95 крымінальных спраў. Фігурантаў — больш за 60 чалавек.

Адзін іх — 51-гадовы Ігар Ласіцкі. Па версіі следства, ён браў хабар. Разам з Ласіцкім судзяць і былога галоўнага ўрача стаматалагічнай паліклінікі №12 Мінска Уладзіміра Краўчонка. 56-гадовага Краўчонка таксама абвінавачваюць у хабарніцтве.

Абодвум пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Галоўны доктар, якога судзяць за хабар: Я сумленны чалавек

Уладзімір Краўчонак

Ласіцкі з моманту затрымання і па сённяшні дзень знаходзіцца пад вартай. Краўчонак сёння пад хатнім арыштам (нават працуе шараговым стаматолагам у паліклініцы №7), ён падпісаў пагадненне са следствам, і таму, хутчэй за ўсё, можа разлічваць на больш мяккі вырак.

На пачатку пасяджэння пракурор зачытаў абвінавачванне. І Ласіцкі, і Краўчонак бралі грошы ад бізнэсменаў за патрэбныя рашэнні — каб медыцынскае абсталяванне закупалася ў «патрэбных» пастаўшчыкоў.

У жніўні 2015 года Ласіцкі — на той момант ужо намеснік міністра і старшыня камісіі, якая займалася тэндарамі — ў машыне, прыпаркаванай каля рэстарана, атрымаў 1500 даляраў ад прадстаўніка мінскай фірмы. Трэба было, каб камісія Мінздароўя пагадзілася прыняць ад фірмы медыцынскае абсталяванне.

У 2016 годзе ад прадстаўніка эстонскай фірмы намеснік міністра атрымаў 10 000 даляраў. За гэта Ласіцкі мусіў дапусціць фірму да ўдзелу ў пастаўках абсталявання.

Увосень 2016 года грошы Ласіцкаму перадаў другі сённяшні фігурант — Уладзімір Краўчонак. У машыне каля будынка Мінздароўя Краўчонак пазнаёміў Ласіцкага з дырэктаркай кампаніі-пастаўшчыка стаматалагічнага абсталявання. За 2000 даляраў Ласіцкі мусіў вырашыць пытанне аб закупках абсталявання ў гэтай кампаніі.

Сваю віну Ігар Ласіцкі прызнаў цалкам.

Затым агучылі падрабязнасці абвінавачання Уладзіміра Краўчонка. Ён нёс персанальную адказнасць за якасць медыцынскага абсталявання, якое закупала паліклініка нумар 12, падкрэсліў пракурор, але здзейсніў шраг злачынстваў супраць інтарэсаў службы.

У 2013 годзе Краўчонак дамовіўся з прадстаўніком кампаніі «Геол М» аб набыцці тамографа для паліклінікі. Пасля выстаівў заяўку на тэндар, які выйграла менавіта патрэбная яму кампанія. За гэта Краўчонак атрымаў ад дырэктара кампаніі-пастаўшчыка 10 тысяч даляраў «узнагароды».

Цікава, што той жа «Геол М» фігуруе і ў іншых справах медыкаў. У Гродне ідзе працэс над Андрэем Стрыжаком, былым кіраўніком упраўлення аховы здароўя мясцовага аблвыканкама. Там тая ж гісторыя — калі Стрыжак узначальваў бальніцу, то заказаў апарат МРТ у кампаніі «Геол М», за што, як і Краўчонак, атрымаў 10 тысяч даляраў.

Таксама Уладзімір Краўчонак атрымліваў хабар за патрэбныя дамовы і ў 2016 годзе. Сумы не заўсёды былі вялікімі. Напрыклад, аднойчы галоўны ўрач за «правільнае» рашэнне ўзяў 300 даляраў ад прадстаўніка кампаніі-пастаўшчыка. Пазней, у іншы раз — 200 даляраў.

Так і працягвалася. У 2017 годзе паліклініка закупала стаматалагічныя крэслы. Перамаглі ў тэндары «старыя знаёмыя» — кампанія «Геол М». Краўчонка аддзячылі за гэта сумай у 15 тысяч еўра. Грошы перадалі ў машыне, прыпаркаванай побач з паліклінікай.

Пад Новы год у снежні 2017 года Краўчонак атрымаў 3оо беларускіх рублёў. Так яго аддзячыў прадстаўнік адной з кампаній, за заключаныя цягам году дамовы.

Уладзімір Краўчонак цалкам прызнаў віну.

Ігар Ласіцкі родам з Брэста, з сям’і медыкаў. Маці была акушэрам, бацька ваенным дэрматавенеролагам. Ласіцкі вучыўся ў Мінску, але працаваць педыятрам паехаў у Брэст.

Пасля стаў галоўным урачом. Дарэчы, калі Ласіцкі ўзначальваў Брэсцкую дзіцячую бальніцу, то яго намеснікам быў Васіль Жарко — пазней міністр аховы здароўя.

Затым Ласіцкі 5 гадоў правёў на пасадзе кіраўніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама. А ў 2013 годзе свайго былога начальніка запрасіў у сталіцу Васіль Жарко, які на той момант ужо стаў міністрам аховы здароўя. Ігар Ласіцкі заняў пасаду намесніка Жарко, адказваў за матэрыяльна-тэхнічную базу і будаўніцтва, экспарт медыцынскіх паслуг.

Улад Швядовіч, фота Волі Афіцэравай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930