Знайсці
10.01.2019 / 11:383РусŁacБел

Вантробы, кроў, голы мужчына — як біблейскі тэкст перарадзіўся ў правакатыўны перформанс на сцэне Ок16

Перформанс пра каханне на сцэне Ок16 паказаў рэжысёр Юрый Дзівакоў. У яго аснову лягла біблейская «Песня песняў». Піша тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў. 

Юра Дзівакоў зрабіў спектакль паводле «Песні песняў». У спектаклі аголены мужчына коўзаецца на залітым крывёю стале. Шок! Скандал! Не, гэта ўсяго толькі тэатр.

«Песня песняў» Саламонавых прынцыпова ў перформансе выконваецца як любоўны тэкст, біблейскі кантэкст яўна адсутнічае. Ёсць момант, калі гераіня паўтарае шмат разоў «Горка!», гэта нагадвае адну з версій сутнасці тэксту: маўляў, гэта набор вясельных песень. Вясельны сюжэт лёгка пабачыць у структуры перформансу: жанчына сядзіць, спявае, прамаўляе, потым з'яўляецца мужчына, і яны застаюцца разам. Але дзея зроблена такім чынам, каб нібыта вызваліць вось гэту энергію сувязі мужчыны і жанчыны, і гэта настолькі моцная энергія, што кантэксты адыходзяць на другі план. «Акт у адной дзеі» — так названы перформанс, і гэтым падкрэсліваецца інтэнсіўнасць таго, што адбывалася на сцэне.

Фота Ганны Шарко

У анатацыі сцвярджаецца, што сутнасцю перформансу з'яўляецца даследаванне цялеснасці. Па сутнасці, цялеснасць прысутнічае на сцэне самім фактам мужчынскага аголенага цела. Яно дэманструецца з экранаў, у канцы спектакля з'яўляецца на сцэне непасрэдна.

Але рытмы перформансу настолькі інтэнсіўныя, што мы ў большай ступені слухаем тэкст, чым разглядаем яго просты візуальны складнік. Больш падобна на тое, што мы даследуем эмацыйны патэнцыял кахання, для якога цела з'яўляецца ўсяго толькі інструментам для выяўленне. Іншае пытанне, што аголенае цела на сцэне з'яўляецца для нашай сціплай культуры вельмі моцным мастацкім сродкам. Аголенае мужчынскае ці жаночае цела не ўспрымаюцца грамадствам як нешта нейтральнае, любая прэзентацыя за межамі выглядае як нешта скандальнае. І фактычна даследуецца ў спектаклі грамадская рэакцыя на такога кшталту сродкі выяўлення. На прэм'еры зала была запоўненая, у Юры Дзівакова шмат прыхільнікаў.

Фота Ганны Шарко

Агулам імпрэза выглядае якраз цалкам прыстойна. Першую палову імпрэзы актрыса і спявачка Марта Голубева ўвогуле проста сядзіць за доўгім сталом. Рухаецца яна няшмат. Яна спявае і дэкламуе «Песню песняў», а на фоне паказаны відэаарт Дзіны Даніловіч з удзелам Эльдара Бякірава. Я добра ведаю Эльдара як тэатральнага менеджара, для мяне гэта ягоны дэбют як прафесійнага перформера. Гэтая першая частка перформансу Юркі Дзівакова мне асабіста здалася самай цікавай. Абмежаваць артыста ў рухах, даць яму ў дапамогу толькі музыку (дарэчы, цудоўную музыку Эрыха Арлова-Шымкуса) і эмацыйны тэкст «Песні песняў» у перакладзе Міжнароднай біблейскай супольнасці.

Фота Ганны Шарко

Хочацца падкрэсліць, наколькі вынаходліва і разнастайна пабудаваны гэты паўгадзінны маналог. У тэксце старанна адшукалі паўторы, рытм, знешнія элементы і на гэты каркас нанізалі існаванне артысткі.

Без адзінай замінкі, строга падпарадкавана рытму Марта Голубева вытрымлівае эмацыйныя амплітуды — ад шэпту да крыку. Гэта цудоўная акцёрская праца, якую варта бачыць. Гэта цудоўны прыклад класнага спектакля для камернай сцэны, але логіка перформансу вымагае, каб гледачы назіралі за артысткай здалёк. Гэта аддаленасць надае і інтэнсіўнасць пасылу для артысткі, і задае логіку фіналу.

У фінале з'яўляецца герой Бякірава. Ён цалкам аголены, але публіка бачыць яго толькі са спіны. Спачатку ён сядзіць, потым устае і страляе ў гераіню, але не забівае. Астатак дзеі сапраўды адбываецца на стале, на які ўвесь час на той момант крапала вадкасць, падобная ды крыві. Артыстка кідае яму нейкія крывавыя вантробы, і спектакль заканчваецца тым, што мужчына і жанчына разам ледзь не абдымаюцца.

Спектакль знешне выглядае стылёвым і модным. Мастачка Таццяна Дзівакова адказвае для перформансаў свайго мужа за візуальны складнік, умее мінімальным сродкамі стварыць агульную прастору, дзе кожная канкрэтная дэталь выглядае цікавай і значнай. Атрымліваецца такая сучасная модная глянцавая прыгажосць, якую выгодна паказваць у instagram. У такіх дэкарацыях эмацыйнасць і экзальтаванасць (асабліва ў фінале) выглядаюць падкрэслена трывожнымі і «непрыгожымі».

Фота Ганны Шарко

Каханне, пра якое ідзе гаворка ў спектаклі, — гэта не ўзнёслае рамантычнае пачуццё, а таксічнае жаданне цалкам валодаць і кантраляваць свайго партнёра. «Каханы мой належыць мне, а я — яму».

Цікавым чынам спектакль нібыта становіцца часткай палемікі наконт таго ж хатняга гвалту. Гвалтоўныя, агрэсіўныя паводзіны, паводле спектакля Дзівакова, — гэта натуральны працяг эмацыйных стасункаў. Каб нейкім чынам вырашыць сітуацыю з гвалтам, трэба з большай асцярогай ставіцца да кахання як такога.

Аляксей Стрэльнікаў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930