Даслаць навіну
Знайсці
09.01.2019 / 17:11

Першае каханне: хто як яго перажыў, расказваюць беларускі

Па просьбе «Нашай Ніны» беларускі расказалі пра сваё першае каханне, часам неўзаемнае, і тое, як яго перажыць.

Кацярына Максімава, стваральніца гульні «Мазгабойня»:

Павялічыць выяву

«Першых «каханняў» было ў маім жыцці некалькі. У тым ліку і неўзаемных. Першай у галаву прыйшла гісторыя з дзіцячага садка. Удвух з хлопчыкам-ціхонем мы цэлымі днямі абмяркоўвалі жыццёва важныя тэмы: шкарпэткі надзяваць на калготы ці пад іх, манка — гэта асноўная страва ці дэсерт, чаму ў садок можна прыносіць свае цацкі, а дадому з садка цацкі браць нельга. Наша сяброўства працягвалася да пятага класа, мы сядзелі за адной партай».

Аднойчы ад настаўніц я пачула такую фразу: «У іх там першае каханне». Так я даведалася, што сяброўства паміж хлопчыкам і дзяўчынкай называецца каханнем.

І з гэтага часу я стала саромецца, калі бачыла сваю другую «палавінку». А закончылася гэтае каханне проста: ён пераехаў у іншы горад.

З другім каханнем расстанне аказалася больш драматычным. Было шмат слёз, лістоў і планаў, як пераадолець адлегласць і быць разам назаўжды.

У 13 гадоў я была ў Вялікабрытаніі, дзе і пазнаёмілася з мясцовым «прынцам». Пачуцці былі ўзаемнымі, наш раман развіваўся вельмі хутка, праз тыдзень мы нават ужо трымаліся за рукі! Усе было прыгожа, але паездка закончылася і я вярнулася ў Беларусь. Расставацца было невыносна. Здавалася, што жыццё на гэтым скончыцца. Я ляжала, глядзела ў столю, плакала і чакала лістоў з сэрцайкамі на палях. А больш за ўсё раздражнялі дарослыя з іх падтрымкай: «Не перажывай, усё пройдзе, будзе ў цябе яшчэ тысяча такіх прынцаў.

Ад гэтых словаў рабілася яшчэ горай. Ну як не перажываць? Якраз такое каханне і трэба перажыць, адчуць, перахварэць на яго, шкадаваць сябе, сумаваць, не пазбягаць гэтых эмоцый.

Таццяна Ткачова, фатографка:

Павялічыць выяву

«Я зараз падумала пра тое, што сапраўднага кахання ў мяне пакуль не было. Былі закаханасці, але заканчвалася адна, пачыналася другая. Гэта як паліва для фатографаў. Што датычыцца сур’ёзных пачуццяў, то яно ў мяне здарылася на апошніх курсах універсітэта. І цяпер я рада, што яно скончылася. Я не пакутавала, не, проста перажывала. А няшчаснае каханне павінна, напэўна, быць у кожнага. Таму што, толькі перажыўшы яго, разумееш, хто табе сапраўды патрэбны, а на ўсялякі зброд ты перастаеш звяртаць сваю ўвагу».

Вольга Бабурына, мастачка:

Павялічыць выяву

«Каханне першае-першае было хіба ў самым дзяцінстве, але тое больш на сімпатыю падобнае. А вось такое ўжо усвядомленае адносіцца да школьных часоў. Вучыліся мы разам у мастацкай школе. Я доўга яго кахала, але без узаемнасці. Нават ліст з прызнаннем напісала яму. За што пасля добра дастала ад сваёй маці, калі яна пра гэта даведалася».

«Пасля ўжо ў больш дарослым узросце мы неяк сустрэліся, але ўжо нічога не ўскалыхнулася».

«А вось сапраўднае Каханне я пакуль так і не сустракала. Веру, што бывае і што ў мяне будзе. Узаемнае і такое, якое не заканчваецца».

Вольга Мацюшонак, візажыстка:

Павялічыць выяву

«Каханне, якое было ў мяне з мужам, напэўна, і не назавеш няшчасным. Усё ж 10 гадоў разам. Спачатку ўсё было добра і прыгожа. А потым пачуцці астылі, чалавек расчараваў, паказаў сябе з не лепшага боку. Самае цяжкае было сысці, звычка засталася за 10 гадоў адносін. Калі цалкам адпускаеш, адразу становіцца лягчэй. Але для гэтага патрэбны час. А першае каханне сёння згадваю з цеплынёй. Я ляжала ў бальніцы. Да дзяўчынкі ў палаце прыйшоў хлопец з сябрам. Мы з тым сябрам і пазнаёміліся. Сустракаліся, напэўна, паўгода, потым разышліся. Неяк так».

Наталля Сцяпанава, настаўніца музыкі:

Павялічыць выяву

«Першае сур’ёзнае, але не ўзаемнае каханне здарылася ў маім жыцці, калі я была ў чацвёртым класе. Я кахала яго ажно да сёмага класа. А ён мяне не. Хаця аднойчы на 8 Сакавіка падарыў дошку, якую выпальваў сам. А я так пакутавала, хаця ў сваіх пачуццях яму так і не прызналася. Я на шафе ў школе выдрапала: «Я кахаю…» і яго імя. А пасля ён мяне расчараваў — і прайшло каханне».

Яўгенія Клімко, маркеталагіня:

Павялічыць выяву

«Я выдатна памятаю сваё першае каханне. Гэта быў самы прыгожы хлопчык з часоў з'яўлення чалавецтва, як мне здавалася тады. Гады ішлі, маё каханне мацнела, разам з тым мацнела і яго не ўзаемнасць. Але цешыла тое, што мы жылі ў адным пад'ездзе і вельмі часта сустракаліся. Потым лёс нас развёў. А пасля я ўзгадвала яго і не магла ўцяміць, за што я яго кахала. Няшчасным жа ні адно са сваіх «каханняў» я назваць не магу».

«Але быў момант, калі практычна адзінай ежай на працягу некалькіх тыдняў былі заспакаяльныя таблеткі».

«Незаўважна для сябе за час перажыванняў я папрыгажэла. Сышла з галавой у працу. І калі «прычына» майго няшчаснага кахання праз нейкі час захацеў вярнуцца да мяне, я зразумела, што перарасла гэта пачуцце. І гэта сітуацыя дапамагла мне знайсці сябе тую, якой я стала падабацца сабе самой. Так што ён хутчэй стаў шчасцем. Гэтакім выпрабаваннем і перараджэннем».

Алена Мірончык, у дэкрэтным адпачынку:

Павялічыць выяву

«Маё першае каханне — гэта мурашкі, сустрэчы, пачуцці. Яны застануцца назаўжды ў памяці. Але гэтае каханне і было самым няшчасным».

«Паміж мной і маім каханым улезла мая мама і забараніла нам бачыцца».

«Вельмі доўга я спрабавала забыць усё, не хацелася нават знаёміцца ​​з іншымі хлопцамі, не тое каб заводзіць адносіны. Пастаянна ўсіх параўноўвала са сваім першым каханнем. Не такі парфюм, не так абдымае, не так глядзіць, не так за руку трымае, не так цалуе. Як я жыла пасля расстання? Занялася вучобай, самаадукацыяй. Забівала галаву чым заўгодна, галоўнае, каб не думаць пра каханага і не думаць аб тым, што «калі б я паводзіла сябе інакш, то, можа, былі б мы цяпер разам». З часам боль сціхае і застаюцца ў памяці толькі добрыя ўспаміны. З таго кахання мінула ўжо сем гадоў. Зараз у мяне сям’я, сын, але я ўдзячная гэтаму чалавеку за тое, што ён быў у маім жыцці».

Ульяна Макавец, танцорка:

Павялічыць выяву

«Пазнаёміліся мы яшчэ дзецьмі. Былі і прызнанні, і расстанні, а цяпер у нас дзве дачкі. Так што першае каханне не абавязкова заканчваецца расчараваннем».

Наталля Тур, фота з архіва гераінь 

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31