Знайсці
09.01.2019 / 16:0110РусŁacБел

На мінскім Епархіяльным сходзе частка святароў была супраць заявы з крытыкай патрыярха Канстанцінопаля?

У гатэлі «Беларусь» 20 снежня 2018 года адбыўся агульны епархіяльны сход Мінскай епархіі. 

Прэзідыум узначаліў мітрапаліт Павел, апроч таго, у прэзідыуме былі архіепіскап Гурый, епіскап Бараўлянскі Ігнацій, архімандрыты Сергій Брыч і Сергій Акімаў, пратаіерэй Андрэй Волкаў.

Мітрапаліт Павел.

Як інфармуе сайт епархіі, на сходзе прысутнічаў 281 чалавек, асноўнымі тэмамі было абранне новай епархіяльнай рады і епархіяльнага суда. 

Як паведамілі прысутныя на сходзе, па гэтых пытаннях рознагалоссяў не ўзнікла. 

Але, як расказалі «Нашай Ніве», дзіўная сітуацыя склалася вакол «Заявы агульнага сходу мінскай епархіі». 

Тэкст гэтай заявы апублікаваны ў інтэрнэце, у ёй у пяці асобных пунктах праводзіцца крытыка Канстанцінопальскага патрыярха і Праваслаўнай царквы Украіны.

«Адзінагалосна падтрымаць рашэнні Сінода РПЦ […] аб прызнанні немагчымым падтрымання еўхарыстычных адносін з Канстанцінопальскім патрыяхратам», «Выказаць шчырую сыноўнюю ўдзячнасць Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму […]», «Выказаць братэрскую падтрымку мітрапаліту Кіеўскаму [Маскоўскага патрыярхата]», «Прызнаць раскольніцкім таварыствам гэтак званую […]», — такімі фармулёўкамі напоўненая гэтая заява

Як кажуць суразмоўцы «Нашай Нівы», якія прысутнічалі на гэтым сходзе, словы на сайце Епархіі пра «адзінагалосную падтрымку» — перабольшаныя. 

«Частка святароў была не гатовая падтрымаць такі тэкст. З гэтай заявай адбылася незразумелая сітуацыя: чаму мітрапаліт Павел вырашыў вынесці яе на парадак дня? Хто ўвогуле прасіў нас выказвацца па такіх пытаннях? Традыцыйна нейкія важныя заявы ўзгадняюцца з кожным — тэксты дасылаюцца папярэдне, каб кожны пачытаў і ў момант абмеркавання выказаў свае заўвагі. Тут жа нічога такога не было, Павел загадаў проста там, на сходзе, распрацаваць тэкст, вельмі хутка яго стварылі. Калі яго зачыталі, павісла непаразуменне.

Увогуле, як адбываецца такое галасаванне? Патрыяршы экзарх пытаецца «Хто «за»?», падымае рукі нейкая колькасць людзей, робіцца выгляд, што іх адразу падлічылі, і тут жа ён хутка кажа: «утрымаліся-супраць? Няма, прынята адзінагалосна». Гэта займае менш за секунду, такая моўная эквілібрыстыка, каб частка з тых, хто рэальна ўстрымаўся, не паспелі падняць руку, а тыя, хто супраць, але паднялі руку, выглядалі нібыта яны «ўстрымаліся».

І тут Павел заявіў, што рашэнне прынятае адзінагалосна, супраць нікога няма. Пачуліся галасы пары незадаволеных, Павел жа сказаў, што «ніякіх выступленняў з месца». Такім чынам, гэтаму тэксту быў нададзены выгляд усеагульнага меркавання, хаця гэта не адпавядае стану рэчаў», — расказаў нам мінскі святар. 

Як кажа праваслаўны бацюшка, у такім тэксце на гэты момант няма патрэбы, ён распальвае варажнечу.

Мы спыталіся яшчэ ў некалькіх святароў, якія там прысутнічалі. Варта адзначыць, што двое з іх не гатовыя пацвердзіць, што сапраўды меў месца нейкі дэмарш. 

«Я сядзеў з краю. Здаецца, я не бачыў рук, паднятых «супраць» або якія «ўстрымаліся». Але я і не магу сказаць, што бачыў, як усе паднялі руку «за», — сказаў нам святар з Малінаўкі. 

Іншы святар, з Каменнай Горкі, сведчыць, што рашэнне аб гэтым тэксце было адзінагалосным. Ён сцвярджае, што бачыў, як усе —281 чалавек — прагаласавалі «за».

У той жа момант адхілены са скандалам мінскі святар Аляксандр Шрамко ў сваім фэйсбуку паведамляе, што прынамсі адзін ягоны знаёмы сказаў яму, што публічна галасаваў «супраць», яшчэ некаторыя — устрымаліся. 

Што знаёмы Шрамка, што нашы крыніцы просяць не называць іхніх імёнаў, «каб не пераносіць унутраныя пікіроўкі ў медыйную прастору».

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930