Міністр Раўкоў: Прафесійнае войска не пераможа ў вайне
Міністр абароны Андрэй Раўкоў выступіў з артыкулам у часопісе «Беларуская думка» аб выніках для беларускіх Узброеных сілаў.
Андрэй Раўкоў. Фота zviazda.by.
У артыкуле Раўкова было шмат цытат Аляксандра Лукашэнкі, а таксама апасенні ў сувязі з размяшчэннем сілаў НАТО ў памежных з Беларуссю дзяржавамі. Зрэшты, Раўкоў мяркуе, што «істотнага ўплыву на рэгіянальны баланс сілаў — гэта не нясе». Хаця ў будучыні гэта можа несці пагрозу бяспецы нашай краіны.
Пра магчымую пагрозу Беларусі з іншага боку міністр прадказальна не згадаў. Наадварот у пазітыўным ключы асвятляюцца сумесныя вучэнні «Шчыт Саюза — 2019». Мінабароны за мінулы год заключыла дзевятнаццаць кантрактаў з прадстаўнікамі абаронна-прамысловага комплексу Расіі.
Шмат увагі міністр надаў тэме прафесійнага войска. З тэзісаў чыноўніка вынікае, што служба ў Беларусі застанецца тэрміновай, бо кантрактнае войска не зможа перамагчы ў вайне.
«Варта разумець, што арміі, укамплектаваныя толькі на аснове кантрактнай сістэмы, прызначаныя для выканання так званых экспедыцыйных задач і па вызначэнні не змогуць абараніць уласную дзяржаву, бо войны па абароне Айчыны вядуцца і выйграюцца толькі народамі», — адзначае Раўкоў.
Па яго словах, нават войска ў 80 тысяч чалавек мала, каб перамагчы ў вайне. Раўкоў лічыць, што ўсе праблемы ў войску вырашальныя, бо ёсць самае галоўнае — людзі, «сапраўдныя прафесіяналы і патрыёты».