Знайсці
09.01.2019 / 02:0891РусŁacБел

Марзалюк у «Настаўніцкай газеце»: Паўстанне 1863 года было польскім, а Каліноўскі быў польскім нацыяналістам

Дэпутат Ігар Марзалюк за апошні час ператварыўся ў самага ўплывовага афіцыйнага гісторыка, стаў членам-карэспандэнтам Акадэміі навук. Таму мы лічым патрэбным цалкам перадрукаваць тут ягоны артыкул у «Настаўніцкай газеце».

«Апошнім часам у некаторых інтэрнэт-выданнях разгарнулася дыскусія наконт таго, ці было паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага не польскім, а беларускім, нацыянальна-вызваленчым. Сваё меркаванне па гэтым пытанні «Настаўніцкая газета» папрасіла выказаць члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара гістарычных навук, прафесара Ігара Аляксандравіча Марзалюка, — такім уступам суправаджаецца артыкул.

— Перш чым выказаць сваю пазіцыю наконт нацыянальнага характару Студзеньскага паўстання 1863 года, мусім заняцца невялічкім гістарычным лікбезам для недасведчаных ды прыгадаць, як выглядала сітуацыя з нацыянальнай свядомасцю і мовай на землях сучаснай Беларусі перад падзеламі Рэчы Паспалітай. Найперш, натуральна, у шляхецкім асяроддзі.

Нагадаю, што ў Рэчы Паспалітай у XVIII ст., у эпоху Асветніцтва, працэсы нацыятварэння ішлі па тым жа шляху, што і ў Францыі, дзе ўпершыню на еўрапейскім кантыненце (пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі) была створана «палітычная» грамадзянская мадэрновая нацыя.

У гэтай асветніцкай канцэпцыі нацыі-дзяржавы ўжо не было месца для існавання дзяржавы некалькіх народаў, дзяржавы шматнацыянальнай. Зыходзячы з асветніцкай канцэпцыі нацыі- дзяржавы, планавалася ўжо не спантанная, а цалкам свядомая моўная асіміляцыя ўсіх няпольскамоўных этнічных супольнасцей Рэчы Паспалітай.

Прыналежнасць эліты ВКЛ да «палітычнай нацыі» грунтавалася на адзінстве мовы, культурнай і прававой традыцыі ўсёй эліты Польшчы. Таму тэрміны «літвін», «паляк-караняж», «мазур» ва ўмовах тагачаснай (канец XVIII — першая палова — сярэдзіна XIX ст) шляхецкай рэальнасці ніколі не выкарыстоўваліся іх носьбітамі дзеля нацыянальнага супрацьпастаўлення; гэта назвы рэгіянальныя, субэтнічныя, бо ўсе яны — палякі і маюць адзіную Айчыну — Польшчу. 

У сувязі з гэтым, мабыць, трэба нагадаць пра добра вядомы ўсім абазнаным спецыялістам па гэтай праблеме факт, што ў XIX ст. назва «Рэч Паспалітая» «практычна не прыгадвалася ні ў грамадстве, ні ў даследаваннях», а замест гэтага пастаянна выкарыстоўвалася азначэнне «Польшча».

У такую зразумелую Польшчу ўваходзілі землі Беларусі і Літвы, якія ў выпадку аднаўлення польскай дзяржаўнасці мусілі стаць складовымі часткамі той Польшчы. 

Шляхта Беларусі на той момант была амаль спрэс спаланізавана, ментальна і моўна, роднай мовай для пераважнай большасці з іх была польская.

Для разумення таго, які сэнс для сучаснікаў хаваўся за дэфініцыяй «літвін», згадаем урывак з «Катэхізісу літвіна», які вывучала шляхецкая каталіцкая моладзь на нашых землях у пачатку ХІХ ст.:

Пытанне: што ёсць адзінства з палякамі? Адказ: складаць з імі адзін і непадзельны народ, так, каб літвін быў палякам, а паляк літвінам, адной і той жа канстытуцыі

У 1840 годзе ў Парыжы эмігрант з Беларусі, родам з Віцебшчыны, удзельнік Лістападаўскага шляхецкага паўстання 1831 года Аляксандр Рыпінскі выдаў на польскай мове працу «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтай нашай польскай правінцыі, пра ягоную музыку, спевы, танцы, еtс.». Вельмі паказальная і сама назва, і прысвячэнне, якое дадаў да свайго тэксту аўтар «Першаму з беларускіх сялян, які перш чытаць, а пасля гаварыць і думаць па-польску навучыцца, гэтую маю нікчэмную працу ў довад высокае любові і павагі прысвячаю і дзеля яго друкую». Тэкст брашуры яшчэ больш красамоўны. А. Рыпінскі піша, што «нарадзіўся далёка ад гнязда роднай мовы Пястаў, ад моцнай пальшчызны Скаргі, Трэмбіцкіх, Нарушэвічаў ці Каханоўскіх». Таму ён адразу просіць прабачэння ў слухачоў, калі ў яго польскай мове праслізне правінцыялізм, які здзівіць вушы патрабавальных слухачоў, але спадзяецца, што яны даруюць яму, калі даведаюцца, што ён размаўляе мовай «глыбокай Беларусі», мовай, якой нас — далёка за Дзвіну, да Вялікіх Лукаў і Пскова, са зброяй у руках, навучыў калісьці Баторый і якую мы да сёння старанна зберагаем, як найкаштоўнейшы наш скарб, на самых вачах ворага ля брамы яго сталіцы, за сто міляў ад Варшавы, нягледзячы на скажальны ўплыў Масквы, які залівае нас навокал. Гэты скарб нам пакінулі ў спадчыну полькі, нашы маці». Чым жа з'яўляецца Беларусь для А. Рыпінскага? «Гэтая Русь, наколькі яна ёсць і будзе польскаю, складае непадзельную частку нашай дарагой айчыны… Жыве тут просты народ славянскага племені, здавён шчыльна параднёны з сям'ёй ляхаў, сумленны, але ўбогі, ды мала вядомы нават уласнай Айчыне яго, Польшчы, хоць ён любіць яе вышэй за ўсё».

Падчас Студзеньскага паўстання 1863 года шляхта Віцебшчыны ў сваім пасланні да паўстанцкага Нацыянальнага ўрада дэманстравала аналагічную пазіцыю, лічыла, што і Літва, і Беларусь, даўно сталі складовымі часткамі Польшчы. Іх мілая Айчына, за якую яны змагаліся ў часы паўстання, безумоўна, Польшча. Яны, як і ўсе жыхары Беларусі і Літвы, паводле іх перакананняў, палякі. У пасланні няма ніякіх ні беларусаў, ні літоўцаў, а ёсць адзіны, непадзельны польскі народ, у які нібыта злілося ўсё былое насельніцтва ВКЛ разам з насельніцтвам уласна Польшчы. Радыкальным беларускім нацыяналістам, недасведчаным і гістарычна непісьменным каментатарам-чытачам некаторых сучасных СМІ прапаную цытату з таго паслання Нацыянальнаму (Польскаму) ураду віцебскай шляхты (натуральна, што на іх роднай, польскай, мове), не скажаючы ніводнага слова з арыгіналу першакрыніцы:

«…jakо z Ojców i przodków naszych Polakami jesteśmy i takimi w dzieciach i potomkach naszych na wieki być chcemy… Jako najświętsze ofiary ostatków mienia, utraty najdroższych osób, krwi przelanej, dla tej miłej Ojczyzny naszej Polski ponosimy i nowe ponieść gotowi jesteśmy. Ruś Biała, jako i inne Rusi, była integralną częścią średniowiecznej i pogańskiej jeszcze Litwy. …uptynęło jeszcze trzy wieki, w ciągu których Litwa, podzialąjąc z Polską swobody, sławę i na koniec ostatnią niedolę, zlała się z nią w jeden naród polski». 

Студзеньскае паўстанне 1863 года, дарэчы, ніхто з сучаснікаў нацыянальна-вызваленчым паўстаннем беларускага народа не называў. Як ніхто не называў Вікенція Канстанціна Каліноўскага беларускім нацыянальным героем. Усе сучаснікі выкарыстоўвалі зусім іншае азначэнне — польскае паўстанне на Літве і Беларусі.

«Беларусізацыя» В.К. Каліноўскага пачалася толькі ў пачатку XX ст. Вацлаў Ластоўскі ў 1916 годзе ў артыкуле «Памяці Справядлівага» перайначыў імя Каліноўскага — пад яго пяром ён стаў «Касцюком Каліноўскім». 

Сучасны гісторык Ю.А. Барысёнак таксама не мае ніякіх ілюзій у дачыненні да Каліноўскага. Ён для яго — носьбіт польскай самасвядомасці, нягледзячы на ўсе свае агітацыйныя творы на беларускай мове, якая была толькі тактычным сродкам дзейнасці польскага пасланца ў Беларусі. Абсалютна слушнае і меркаванне аўтара аб тым, што Каліноўскі стаў Кастусём у рэчышчы савецкага, бальшавіцкага, пераасэнсавання беларускай гісторыі. Гэта, зноў-такі, было абгрунтавана палітычнымі прычынамі — Каліноўскі дзейнічаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая на той момант была акупіравана і ўваходзіла ў склад 2-й Рэчы Паспалітай. Ва ўмовах ідэалагічнага супрацьстаяння з панскай Польшчай быў неабходны менавіта такі герой — рэвалюцыйны беларус, вораг польскіх паноў і каталіцкага духавенства. Інтэрпрэтацыі паўстання як шляхецкага азначалі толькі адно — стаць на пункт гледжання афіцыйнай польскай гістарыяграфіі, а значыць, і варожага савецкай уладзе рэжыму Ю. Пілсудскага. 

Змагаром за нацыянальную незалежнасць Беларусі і Кастусём Каліноўскім «Яська-гаспадар з-пад Вільні» стаў дзякуючы таксама намаганням заходнебеларускага каталіцкага дзеяча ксяндза Адама Станкевіча, які ў 1933 годзе ў Вільні выдаў працу пад красамоўнай назвай «Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі». У гэтай працы — кананічны, добра вядомы ўсім нам Кастусь, беларускі нязломны змагар за лепшую долю нашага народа і яго незалежнасць. Менавіта гэты вобраз, пазбаўлены класавага і сацыяльнага кантэксту, у адрозненне ад савецкага варыянта міфу, культывуецца ў беларускім нацыяналістычным асяроддзі і цяпер.

Адзін з найбольш дасведчаных знаўцаў беларускай палітычнай гісторыі XIX ст., знакаміты палітычны дзеяч Беларусі, заснавальнік «Нашай Нівы», лідар БСГ (Беларускай сацыялістычнай Грамады), Антон Іванавіч Луцкевіч аператыўна адгукнуўся на гэтую гістарыяграфічную навацыю ды рашуча пратэставаў у сваёй працы «Нарадавольцы-беларусы і іх орган «Гомон» (1935 г.) супраць ператварэння В.К. Каліноўскага ў «беларускага незалежніка»: «Некаторыя даследчыкі … абвяшчаюць Каліноўскага беларускім «незалежнікам» Адзінай рэальнай падставай дзеля такога пагляду ёсць словы Каліноўскага, змешчаныя ў іншай адозве, што не «бязмозглая Варшава», але «мы самі будзем будаваць мужыцкую Беларусь». Аднак крытычныя адносіны да Варшавы могуць быць тлумачаны ў сэнсе сепаратызму ад Польшчы толькі тымі, хто зусім не ведае настрояў польскага грамадства ў нашым краю ў даваенныя часы: крытычныя, калі не проста варожыя адносіны да Варшавы і варшавякаў за іх [нечытэльна] і самаўпэўненасць пры духовай пустаце — гэта ж было агульнае з'явішча, дык і ў вуснах Каліноўскага, варожа глядзеўшага на апанаваны «белымі» паўстанчы цэнтр у Варшаве, даюцца вытлумачыць нашмат прасцей, чым думае, да прыкладу, кс. Станкевіч (гл. яго брашуру): «Мужыцкую Беларусь» Каліноўскі будаваў заўсёды пад кіраўніцтвам… ронду Польскага, дык немагчыма тут дагледзіць ідэю запраўднае незалежнасці Белаpycі. І «мужыцкасць» Беларусі проціпастаўляецца тут выразна не Польшчы як дзяржаве, а кіраўнічаму цэнтру паўстання ў Bаршаве, які хварэў на «панскасць». Наагул, канфлікт Каліноўскага з Варшавай грунтаваўся выключна на розніцы падыходу да сацыяльнае праблемы і выявіўся не ў сферы дзяржаўнага сепаратызму бвларускага, а ў сферы арганізацыйнага ўнезалежання паўстанцкага руху на Беларусі ад «белых» варшавякаў. 

Лішне спрошчана тлумачэнне матываў ідэяй дзяржаўнае незалежнасці Беларусі пад той час, як гэтая ідэя яшчэ фактычна не існавала, мусіць быць адкінена як не выдзержываючае аб'ектыўнае крытыкі». 

Сучасны беларускі гісторык В. Яноўская, прааналізаваўшы наяўны крыніцазнаўчы матэрыял па пытанні аб удзеле духавенства ў паўстанні 1863—1864 гг. на тэрыторыі Беларусі, прыйшла да высноў, якія таксама павінны выклікаць шок у публікі, што ў гэтай падзеі бачыць барацьбу беларускага народа за сваю незалежнасць.

«Аналіз уплыву каталіцкага духавенства на выяўленне характару паўстання яшчэ наперадзе. Калі пагадзіцца з расійскімі (а таксама і многімі беларускімі) даследчыкамі аб вялікім уплыве і актыўным удзеле ў паўстанні каталіцкага духавенства (а яны, як мы лічым, у гэтым маюць рацыю), то гэта даказвае яго прапольскі характар. Большасць каталіцкага духавенства ў Беларусі складалі менавіта прадстаўнікі польскай нацыянальнасці. I быць носьбітам беларускай нацыянальнай ідэі яны проста не маглі».

Алег Латышонак, грамадзянін Польшчы, беларус па паходжанні, прафесійны гісторык, таксама ніколі не меў ілюзій наконт «беларускасці» паўстання, як і Вікенція Канстанціна Каліноўскага. Нагадаю і грунтоўныя даследаванні на гэты конт В. Булгакава, які не так даўно быў галоўным рэдактарам часопіса «ARCHE», і ў сваёй манаграфіі, і ў адказе на крытычныя заўвагі рэцэнзентаў гэты даследчык паслядоўна адмаўляе характар паўстання 1863 г. як беларускага, дзейнасць К. Каліноўскага як факт беларускай суб'ектнасці. Мысленне Каліноўскага «адбівала ідэі спелага нацыяналізму з разгорнутай палітычнай традыцыяй». Для В. Булгакава рэч зразумелая, што гэта нацыяналізм польскі, а не які-небудзь іншы. «Хітрыкам беларускай гістарыяграфіі, якая надзяліла беларускай нацыянальнай свядомасцю К. Каліноўскага, які чуўся палякам і змагаўся за польскую незалежнасць, абураўся польскі гісторык Анжэй Валіцкі». 

Калі казаць без «хітрыкаў» і міфаў, то доказаў таго, што паўстанне 1863 года праходзіла пад беларускімі нацыянальнымі лозунгамі, ставіла за мэту стварэнне беларускай дзяржаўнасці. папросту няма. Сучаснікі тых падзей сапраўды называлі яго польскім і мелі на тое ўсе падставы.

Чытайце таксама: 

Гісторык папунктава разабраў артыкул Мінадукацыі пра Каліноўскага: «Старанная фальсіфікацыя, якая разбіваецца «Лістамі з-пад шыбеніцы»

У новых падручніках па літаратуры паўстанне Каліноўскага назвалі «польскім». Сярод рэцэнзентаў — актывісты фонду «Русскій мір»

Мінадукацыі ўступіла ў палеміку з беларускімі гісторыкамі, даказвае, што паўстанне 1863 года было «польскім»

Ігар Марзалюк, «Настаўніцкая газета»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера