Знайсці
05.01.2019 / 10:292РусŁacБел

Якія рэліквіі знайшлі ў сцяне мядзельскага касцёла — першыя ФОТА

«Свабодзе» паказалі ўнікальныя рэліквіі сьвятых, самыя старажытныя зь якіх адносяцца да ІІІ стагодзьдзя нашай эры. Іх знайшлі ў касьцёле Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі. Рэліквіі разам са старымі мэтрычнымі кнігамі былі замураваныя ў касьцельнай сьцяне ў 1940-я гады.

Знойдзеныя рэліквіі з сэртыфікатамі (у далёкім шэрагу) і мэтрычныя кнігі.

«Вядома, гэта цуд, што рэліквія захавалася ў касьцёле», — кажа айцец Юры Кулай, настаяцель кляштара кармэлітаў босых у Мядзелі.

На гэтым тыдні стала вядома, што ў мядзельскім касьцёле знайшлі ўнікальныя рэліквіі і мэтрычныя кнігі. Яны былі замураваныя ў верхняй частцы сьцяны касьцёла.

Касьцёл у Мядзелі. Пабудаваны ў 1754 годзе.

Пра магчымы тайнік стала вядома яшчэ ў 2018 годзе, калі архівіст ордэну кармэлітаў у Кракаве знайшоў запіску манаха зь Мядзела. У ёй было напісана, дзе замураваныя рэліквіі. Мінулай восеньню рабочыя мянялі праводку на верхнім ярусе касьцёла і знайшлі нішу з рэліквіямі сьвятой Цэцыліі, папы Рымскага Грыгорыя І Вялікага і сьвятой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса. Усе яны былі перададзеныя касьцёлу ў 1930-я гады. Сьвятая Цэцылія лічыцца апякункай музыкаў. Яна жыла ў ІІІ стагодзьдзі ў Рыме, навяртала паганцаў у хрысьціянства.

У тайніку аказаліся таксама мэтрычныя кнігі аб нараджэньні і шлюбах першай паловы 19 стагодзьдзя, а таксама з 1931 па 1942 год.

Рэліквіі знайшлі ў сьцяне на верхнім ярусе касьцёла.

Рэліквіі з сэртыфікатамі захоўваліся ў бляшанцы ад гарбаты. Таксама там была запіска ад манаха:

«17 лютага 1940 годe. Дзеля захаваньня ад апаганьваньня і верагоднага зьнішчэньня».

Імя манаха, які схаваў рэліквіі і кнігі, пакуль невядомае. Імаверна, ён заставаўся ў Мядзелі да 1942 году, якім датуюцца апошнія запісы ў мэтрычнай кнізе.

Мошчы знаходзяцца ў такіх маленькіх мэдальёнах.

«Найбольш верагодна, што гэта быў адзін з братоў ордэна кармэлітаў, — кажа айцец Юры. — Сьвятары выехалі яшчэ да прыходу Саветаў. А манахі заставаліся падтрымліваць парафію».

Айцец Юры Кулай кажа, што да канца не было зразумела, ці захаваліся рэліквіі ў касьцёле. За савецкім часам храм зачынілі і зрабілі ў ім склад хімічных угнаеньняў.

Рэліквіі знаходзіліся ў скрынцы ад гарбаты.

«Не было ўпэўненасьці, ці захавалася на самой справе. Бо касьцёл столькі гадоў стаяў бяз вокнаў і дзьвярэй. Тут жах што рабілася. Нават трымалі сьвіней у часы Хрушчова», — кажа ксёндз.

Знойдзеныя ў сьцяне мошчы належаць касьцёлу. Для іх набудуць рэлікварый — адмысловую скрыню для захаваньня — і будуць вымаць у дні сьвятых.

Айцец Юры Кулай

«Яны застануцца тут, і вернікі будуць іх ушаноўваць. Напрыклад, дзень сьвятой Цэцыліі — 22 лістапада», — сказаў айцец Юры.

Мэтрычныя кнігі таксама пакуль застануцца ў касьцёле.

Нататка ад невядомага манаха, які схаваў рэліквіі ў 1940 годзе.

Касьцёл у Мядзеле быў збудаваны ў 1754 годзе. Ад часу заснаваньня і па сёньня ён належыць ордэну кармэлітаў. Храм мае асаблівую архітэктуру, бо быў спраектаваны на ўзор купала базылікі Маці Божай Шкаплернай на гары Кармэль у Хайфе ў Ізраілі — менавіта там зарадзіўся ордэн кармэлітаў у 12 стагодзьдзі.

Касьцёл у Мядзеле быў зачынены пасьля Другой усясьветнай вайны. Першае набажэнства пасьля вяртаньня храма вернікам прайшло на сьвята Божага нараджэньня ў 1989 годзе.

Антон Трафімовіч, Радыё «Свабода»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930