Знайсці
10.01.2019 / 12:5114РусŁacБел

Сем спраў, якія варта зрабіць, калі ты баішся расійскай агрэсіі

Хвароба сезону — «крамлёўская ліхаманка». Як з ёй змагацца?

Здаецца, і зіма вярнулася прыгожая, і ліхтарыкі на вуліцах па-святочнаму свецяць, а на душы неяк трывожна. Што там задумалі ў Маскве? А нашыя — ці ўтрымаюцца? Ці будзем мы жыць у сваёй дзяржаве, ці тут усім пачнуць запраўляць маскоўскія «браты»? Ці выкруцімся? Ажно рукі апускаюцца. Калі ты адчуваеш тое самае, то дыягназ такі: у цябе крамлёўская ліхаманка. Што рабіць? Вось сем парадаў, якія могуць дапамагчы:

1. Дарабі справу

Выберы сёлета адну справу, якая табе ляжыць да сэрца, але якую ты ўвесь час адкладаеш. Вазьміся за яе. Зрабі яе добра. Вельмі добра. Якасна. Сканцэнтруйся. Не кідай справу недаробленай, а давядзі яе да выніку. Хай гэта будзе цалкам дасяжная рэч. Здаць на правы, пафарбаваць дзедаву хату, навучыцца плаваць, нарэшце. Ключ не ў тым, каб зрабіць гэта лепей за іншых, а ў тым, каб зрабіць справу лепей за сябе самога.

2. Памірыся з ворагам

Хутчэй за ўсё, летась ты з кімсьці пасварыўся ці меў непаразуменне, якое, нібы бруд на ботах, прыцягнуў з сабой у новы год. А можа быць, вораг — гэта нехта блізкі, той, каго ты, насамрэч, любіш? Падумай: ці тое, за што вы пасварыліся, сапраўды такое важнае, непапраўнае? Мо ёсць у сварцы і твая віна? Збярыся з духам, павіншуй таго, з кім пасвараны, са святамі. Папрасі прабачэння. А што, калі раптам непрыяцель ператворыцца ў сябра?

3. Узгадай сябра

Памятаеш, як вы таварышавалі? Але прайшоў час, жыццё закруцілася, вы згубілі сувязь. Не размаўлялі ўжо сто гадоў — нават і тэлефанаваць ужо неяк няёмка, праўда? А вось і дарма. Не трэба бянтэжыцца. Шмат часу на тое, каб набраць нумар, не трэба. Калі ты ўзгадаеш, што за канапу заваліліся сто рублёў, ты ж не пакінеш іх там у пыле, праўда? А новага сябра знайсці нашмат складаней, чым грошы.

4. Падтрымай сваё

Часам мы здаёмся сабе бездапаможнымі. Жыццё — бясконцы кругабег паміж хатай ды працай. Хіба ж магчыма тут напісаць і выдаць кнігу, стварыць аўдыёальбом, зладзіць свята пад бел-чырвона-белымі сцягамі? Але ты можаш і гэта! Зайдзі на Талаку ці Вулей ды пагартай спіс беларускіх праектаў. Выбяры той, які больш за ўсё падабаецца, і падтрымай яго хоць бы самай маленькай сумай. Ці далучыся да клуба чытачоў Нашай Нівы , падтрымай сёлетні Дзень Волі. Выбар багаты. Галоўнае тут — адносіны. Ты не проста ахвяруеш грошы, а робіш гэты праект сваім. Без цябе ён не здзейсніцца, гэта праўда! Сачы за праектам, звяжыся з аўтарамі, атрымай асалоду, калі ён будзе рэалізаваны. Дапамагаць — гэта вельмі прыемна, нескладана і дзейсна.

5. Падсілкуй думкі

Вызнач сабе час без інтэрнэту і сацсетак. Напрыклад, праводзь выходныя без смартфона. Ці вазьмі за правіла не размаўляць з дзецьмі і роднымі, гартаючы навіны на экране. Разлагінься з фэйсбуку на камп’ютары ці выдалі дадатак на тэлефоне. Бясконца спажываючы інфармацыю, ты трымаеш сябе ў псіхалагічным напружанні і ў той жа час не даеш сабе часу падумаць. Сум — гэта найлепшы стымулятар для творчасці. Пасумуй пятнаццаць хвілінаў. Першыя пяць ты будзеш лезці на сцяну, пад час другіх пяці ты задумаешся пра галоўнае ў жыцці, а на апошніх пяці ты ўжо будзеш ведаць, што рабіць.

6. Пабач новае

Прыдумай сабе час і месца для вандроўкі. Вось, напрыклад, любы з Магдэбургскіх гарадоў, якія так прыгожа паказвае Сяргей Гудзілін. У нас пакуль што адносна недарагія квіткі на поезд ці аўтобус, ды і візаў ніякіх для паездак па ўласнай краіне, на шчасце, не трэба. Ну а калі зусім няма магчымасці ці часу для падарожжаў, то проста, калі ідзеш на працу, зрабі кола і прайдзіся незнаёмым, новым шляхам.

7. Не партызань

Усё часцей і часцей на вуліцах сустракаюцца людзі, якія гутараць па-беларуску. Ты чуеш гэта, радуешся цішком, усміхаешся, і крочыш далей. Інакш кажучы, па старой беларускай звычцы партызаніш, хаваешся ад сваіх. Можа, хопіць ужо саромецца? Калі пачуеш беларускую мову — павітайся з чалавекам. Перакіньцеся слоўцам. Падзякуйце адзін адному, што вы ёсць. Пацісніце адзін адному рукі на развітанне.

P.S. Не палянуйся, раздрукуй гэтыя парады на аркушыку і прачытай праз год. Цалкам верагодна, што РФ нас так і не захопіць. Затое ўяві, наколькі больш моцным і багатым будзеш ты сам. Памятай: хуліган выбірае сабе ў ахвяры спужаных адзіночак, а на сяброўскую кампанію не лезе. Скарыстай гэты год, каб умацавацца самому — краіне гэта пойдзе на карысць.

Юрась Кажан; фота Wikimedia commons

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930