Даслаць навіну
Знайсці
03.01.2019 / 22:02

«Нешта штурханула ў сэрца, калі ўбачыў загаловак «Тытанік» на Дзвіне»

Нешта штурханула ў сэрца, калі ўбачыў загаловак «Тытанік» на Дзвіне. Як на поўначы Беларусі ўзімку працуюць паромы».

Пракруціў колца мышкі. Вось ён, вось — той самы паром, на якім разам з матуляй я ўпершыню плыў з Луначарскага да Дзісны. 1958 год, мне 17, матулі 50. У Дзісну мы плывём, каб замовіць помнік на магілы матуліных бацькоў, маіх бабулі і дзеда. 

Павялічыць выяву

Увесь мінулы дзень мы шукалі на могілках у Луначарскім іх магілы.

Мне ўжо здаралася бачыць вясковыя могілкі, але такія прыгожыя і таямнічыя, як на радзіме маці, упершыню. «Бачыш, на якім яны ўзвышшы? — пытаецца матуля. — Ведаеш, чаму? Ад паводак тут ратаваліся. Ты не ўяўляеш, якія страшэнныя на Дзвіне паводкі… Калі сакратаркай у сельсавеце працавала, дык на лодцы праз вакно ўплывала, каб выратаваць паперы і пашпарты, плавалі па ўсім пакойчыку… Памятаеш, Юлька?»

Шукаць магілы маіх продкаў дапамагала Юлька, сяброўка матулінага дзяцінства, адзіная нітачка, якая яшчэ звязвала яе з радзімай. «А ё… тваю матухну! — сустрэла «нітачка» сяброўку, кінуўшы плуг, лейцы і задаволенага выпадковым спачынкам каня. — Дзе ж ты згубілася?!»

Яны не бачыліся амаль 30 гадоў, з таго часу, як маці кінула свайго першага мужа, былога памежніка, вярнулася з дачушкай Маяй у Луначарскае і хутка з’ехала адтуль у Мінск, вучыцца ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, больш вядомага як КІЖ…

«Здаецца, тут…», — Юлька адхінае зараснік бэзу, што ўжо буяе паміж векавых соснаў. Але нічога, што нагадвала б магілы, не бачна, аніякіх узвышшаў… «Што ж, — адгукаецца маці, — хай будуць тут…»

Замаўляць помнік мы накіроўваемся ў Дзісну, якраз насупраць Луначарскага, на левы бераг Дзвіны. Паром цяжка пераадольвае быстрак. «Бачыш унь тыя прысады ўздоўж берага? Яшчэ дзецьмі мы глядзелі, як шпацыравалі па іх польскія афіцэры з дамамі…»

Маці сумна ўсміхаецца, а я амаль фізічна адчуваю, як упершыню маё жыццё пераадольвае нейкую хвалюючую загадкавую мяжу.

…Мая маці — Маня, Марыя, Маруся, Марыя Міхайлаўна, Манюня —, малодшая пасля двух братоў і дзвюх сясцёр, выйшла замуж у 1924 годзе. У пятнаццаць з паловай. У Луначарскім стаяла застава, і памежнік з савецка-польскай мяжы павёз яе ў глыб Калужскай губерніі, у вёску Чэрцень. 

Павялічыць выяву

Павялічыць выяву

Падобна, што бацькі, мае дзед Міхайла і бабуля Софія, не пярэчылі. Гэта дзіўна, бо ва ўсім, што тычылася хрысціянскай маралі, дзед Міхайла, царкоўны вартаўнік, быў вельмі крутога нораву. Але ў мястэчку ўжо панавала рэвалюцыйная мараль. Нават назва змянілася — з Мікалаёва на Луначарскае. Хаця, думаю, лёгкасць, з якой бацькі пагадзіліся на ранняе замужжа маёй маці, была хутчэй прагматычнага кшталту — пазбавіцца лішняга рота. Ды і насуперак маці, якую ўжо зведаў я, пайсці было амаль немагчыма. Думаю, што з тых самых часоў…

Праз год, у 1925-м, дзед Міхайла і бабуля Софія памёрлі.

Не тое, каб я нічога не ведаў пра першае замужжа маці. Але пра хуткі пасля таго сыход дзеда Міхайлы і бабулі Софіі даведаўся упершыню.

І вось мы плывем на пароме цераз Дзвіну, у Дзісну, замаўляць помнік. Усё цікава — і паром, і руіны нейкіх збудаванняў з чырвонай цэглы, і прысады, якія павольна набліжаюцца да цябе… Намагаюся ўявіць, якім было жыццё на савецка-польскай мяжы. Матуля ўсміхаецца, згадаўшы, як сярэдні брат Кірыла згубіўся недзе ажно на тры месяцы, а калі вярнуўся, ціха, нібыта пад сакрэтам, распавёў, што выконваў заданне забіць Пілсудскага. Забіць, маўляў, не атрымалася, бо трапіў у лапы дэфензівы, сядзеў у пастарунку, адкуль уцёк. Сапраўдная ж прычына ягонага знікнення выявілася даволі хутка, калі ў старэйшых сясцёр з'віліся фільдэперсавыя панчохі — кантрабанда з-за мяжы…

Павялічыць выяву

«А чаму такая назва — Луначарскае?» — пытаюся ў матулі. «Да рэвалюцыі Мікалаёва», — неяк стрымана адказвае яна, і я адчуваю, што мая цікавасць не вельмі ёй даспадобы.

Нашмат пазней, калі шчыльней зацікавіўся гэтым пытаннем, дазнаўся, што на ўсёй тэрыторыі былой Расійскай імперыі больш за паўтысячы такіх назваў, і ніякіх важкіх прычын для змены Мікалаёва на Луначарскае не было. Акрамя Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Чытаю пра «Тытанік» на Дзвіне, і літаральна фізічна адчуваю, як пасля гістарычнай катастрофы ён усплывае са дна Часу і, набіраючы моц, напружана пераадольвае плынь.

…Праз колькі дзён мы вязём на пароме замоўлены ў Дзісне помнік, на якім, акрамя прозвішчаў бабулі і дзеда, прозвішча Аляксандра, мужа старэйшай матулінай сястры Вольгі, які працаваў на млыне, дзе і загінуў у 1932 годзе. Мы з матуляй хадзілі да рэштак таго млына, углядаліся з масточка ў вірлівы ручай…

Уладкоўвалі помнік разам з Юлькай, яе дачкой Верай, якая працавала ў Доме састарэлых, што месціўся недалёка, і Верыным мужам Фёдарам, расейцам, вольнаслужылым на ракетнай базе, што хавалася ў бліжэйшых лясах. 

Павялічыць выяву

Ад таго 1958 года матуля ліставалася з Юлькай, а, калі тая памёрла, з Верай, пакуль не памёрла і яна. Але першым памёр Фёдар, захварэўшы на пухліну ў галаве.

Апошнім разам мы з матуляй былі ў Луначарскім у сярэдзіне 80-х. Яшчэ з шашы я з жахам убачыў, што некуды падзеліся могілкі. Аказалася, што мясцовы старшыня калгаса загадаў насыпаць вакол могілак дарогу, і узвышша, на каторым людзі калісьці ратаваліся ад паводкаў, нібыта правалілася ў прорву.

А ў 1994 годзе, на 96-м годзе жыцця, сышла ў іншы свет і матуля. 

Павялічыць выяву

Абарвалася апошняя нітачка, што звязвала мяне з яе радзімай. Засталася толькі ў памяці, у здымках, у пароме, пра які напісала «Наша Ніва», і які нібыта працягнуў яе ўпоперак плыні Часу, нарадзіўшы верш

ПАРОМ

Мы с мамой плыли поперек реки.
Течение сносило нас на запад..
Она смотрела вдаль из-под руки.
Туда, откуда доносился запах
Покинутого много лет назад,
Казалось, навсегда, родного дома… 
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома.

Мы с мамой плыли поперек реки.
Река играла клочьями тумана.
О, как те годы были далеки,
Где память с неизбежностью тарана,
Рождала звук, похожий на раскат
С крутых небес низвергнутого грома…
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома.

Мы с мамой плыли поперек реки.
Едва доплыв до века середины,
Мы обернулись. Наши старики
Стояли, будто слеплены из глины.
Дед поднял руку, будто звал назад.
Старуха тронула седых волос солому…
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома.

Мы с мамой плыли поперек реки.
Я их не знал — ни бабушку, ни деда…
Ни горсточки их пепельной муки.
Ни косточки, ни камешка, ни следа…
Лишь только войн и революций ад.
Лишь только гарь Гоморры и Содома.
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома.

Мы с мамой плыли поперек реки
До берега, где режут камни пилы.
О, как те камни будут велики
На месте от затерянной могилы
Среди чужих незнаемых утрат,
Взывающих к печали невесомо…
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома.

Мы с мамой плыли поперек реки.
Волна в паром неутомимо билась.
Но, всем речным законам вопреки,
Река, казалось, вдруг остановилась.
Остановился материнский взгляд
На грани исторического взлома…
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома.

Мы с мамой плыли поперек реки.
Пересекали памяти границу.
Смотрели в спину красные штыки.
И польские сверкали в наши лица.
Скрипел струной натянутый канат
Под тяжестью ползущего парома…
А где-то в небесах лупил в набат
Двадцатый век с улыбкой костолома…

Сяргей Ваганаў

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2018 2019 2020
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31