Знайсці
02.01.2019 / 22:189РусŁacБел

Памёр выдатны гісторык Юры Туронак

2 студзеня ўранку на 90-м годзе жыцця памёр выдатны беларускі гісторык Юры Туронак.

Юры Туронак нарадзіўся ў 1929 г. у Дукштах (сёння гэта Літоўская Рэспубліка). У Дукштах працаваў ягоны бацька, вядомы дзеяч заходнебеларускага руху лекар Браніслаў Туронак. Пры канцы Другой сусветнай вайны маці Ю. Туронка — муж заўчасна памёр у 1938 г. — вырашыла вярнуцца на радзіму бацькоў, на Беласточчыну. А ў 1945 г. потым, як вядома, Сталін аддаў Беласточчыну ПНР. Так Юры Туронак і апынуўся ў Польшчы.

У Варшаве ён скончыў Галоўную школу планавання і статыстыкі.

Працаваў у Польскай замежнагандлёвай палаце, даследаваў кан’юнктуру міжнароднага хімічнага рынку, нават працаваў у Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе. Паралельна браў актыўны ўдзел у беларускім руху ў Польшчы, узначальваў грамадска-культурнае таварыства. Ад пачатку 1960-х Юры Туронак захапіўся гістарычнымі даследаваннямі.

Ён вывучаў нацыянальны рух пачатку ХХ ст., беларуска-польскія дачыненні ў ХХ ст., гісторыю рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі.

У 1986 г. у Варшаве абараніў доктарскую дысертацыю «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». У 1993 г. кніга выйшла па-беларуску ды зрабілася бестселерам.

У 2007 г. яна вытрымала другое выданне, з праўкамі ды ўдакладненнямі аўтара.

Юры Туронак таксама аўтар такіх кніг, як «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне» (1976), «Беларуская кніга ў Другой Рэчы Паспалітай» (2000), «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» (2002), «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі» (1992, 2007). Дарэчы Іваноўскі таксама быў выдатным хімікам.

У 2006 г. ягоныя ранейшыя працы былі перадрукаваныя ў зборніку пад агульнай назвай «Мадэрная гісторыя Беларусі».

На пенсіі зімы ён праводзіў у Варшаве, у сваёй кватэры каля вуліцы Новы Свет, а лета — на малой радзіме, на Падляшшы. Да апошняга сачыў за ўсім беларускім жыццём, з унукамі размаўляў толькі па-беларуску. Гэта быў адзін з Вялікіх Беларускіх Інтэлігентаў, класікаў. 

Чытайце таксама:

Юры Туронак: І «Пагоня» вернецца, і мова таксама…

nn.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930