Знайсці
04.01.2019 / 10:0123РусŁacБел

«Доўгія валасы — гэта не пра жаноцкасць». Беларускі пра тое, як змянілася іх жыццё, калі яны пастрыгліся дагала

Хоць мы і не жывём у савецкія часы, калі стыляг маглі пабіць і даць вымову па камсамольскай лініі за іх яркі знешні выгляд, усё яшчэ тыя, хто выглядае «нестандартна», прыцягваюць да сябе празмерную ўвагу.

«Наша Ніна» паразмаўляла з беларускамі, якія аднойчы пастрыгліся дагала, і распыталі, як гэта паўплывала на іх жыццё.

Даратэя-Галіна Шымко, літаратурная рэдактарка

— Упершыню я пагалілася вясной і зусім нядаўна зноў. Мне проста захацелася — гэта галоўная прычына. Проста мне так камфортна: калі валасы адрастаюць нават крыху ніжэй вуха, я пачынаю адчуваць сябе так, быццам у мяне на галаве памерла нейкая жывёла.

Мне заўсёды падабаецца, як я выглядаю. Муж нават жартуе на гэтую тэму: спявае песню Мэры Попінс: «Ах, какое блаженство — знать, что я совершенство». 80% майго гардэроба — гэта сукенкі і спадніцы, і для мяне няма ніякай праблемы ў тым, каб спалучаць іх з лысай галавой.

Вакол мяне выхаваныя людзі, якія паважаюць права чалавека на асабістую прастору, таму ніякіх пытанняў да майго вобраза не было. Толькі вельмі далёкія знаёмыя спыталі: «А што скажа Вадзім?» (у сэнсе мой муж). Гэта для мяне дзіўнае пытанне: быццам у 21-м стагоддзі жанчына не мае права свабодна распараджацца сваімі валасамі.

Нават маці, хоць ёй і было 63 гады, сказала, што ў мяне ідэальная форма галавы і мне пасуе такая стрыжка. А сын, дарэчы, абодва разы вельмі пацешна рэагаваў на новую стрыжку. Падыходзіў да мяне, гладзіў па галаве і прамаўляў: «Такая прыгожая! Такая прыгожая!».

Даратэя-Галіна з сынам.

Што тычыцца рэакцый на вуліцы, то я іх не адсочваю. Памятаю толькі, калі гуляла з сынам, жанчыны ва ўзросце падышлі да мяне выказаць спачуванні: маўляў, цяжка даваць рады і дзіцяці, і з хваробай. Яны, напэўна, падумалі, што ў мяне рак. Калі я патлумачыла, што цалкам здаровая, то адразу парадаваліся за мяне.

Я — радыкальная феміністка, і погляд на жаноцкасць у мяне адпаведны. Па-першае, ёсць пытанне да самога слова. Калі звяртацца да яго семантычнага кола, там будуць чуллівасць, ахвярнасць, спачувальнасць — то бок, выключна сацыяльныя, а не біялагічныя элементы. І чакаць гэтых характарыстык ад жанчыны толькі таму, што яна жанчына — гэта сацыяльнае навязванне.

Тое самае, як і спроба пераканаць, што такія рысы, як смеласць, незалежнасць, рацыянальнасць і ўпэўненасць у сабе ўласцівыя выключна маскуліннаму тыпу.

Даўгія валасы і абцасы — усяго толькі візуальнае выяўленне стэрэатыпу пра тое, як павінна выглядаць жанчына. Жанчына вольная выглядаць так, як прыгожа і камфортна ёй самой. Пытанне толькі ў тым, наколькі лёгка адрозніць, дзе сапраўды тваё жаданне, а дзе — навязанае даўным-даўно.

Карына Хацкалёва, крэатарка ў рэкламным агенцтве:

— З маімі валасамі ўсё выйшла суперспантанна. Неяк я сутыкнулася на вуліцы з сябрам, з якім мы не бачыліся некалькі год, і той сказаў мне: «Слухай, я цябе ведаю зусім іншым чалавекам. Цяпер гэта не ты». У мяне былі даўгія валасы і крыху паголеная скронь, і сябар прапанаваў мяне пастрыгчы. У працэсе я проста закрыла вочы, а калі адкрыла іх — ужо не было паловы валасоў. Я зразумела: мяне голяць.

Насамрэч мне хацелася гэтага раней, я адчуваю сябе больш дзёрзкай, чым дзяўчынка з локанамі. Але рашыцца на гэты крок было суперстрашна.

Першая мая рэакцыя на сябе лысую ў люстэрку — смех. Я падумала, што няслаба падобная да манахіні. А потым разгледзела, што ў мяне роўны чэрап і расслабілася.

Памятаю, патэлефанавала тату і спытала: «Як думаеш, якая ў мяне новая стрыжка?» Ён разгубіўся. І тады я падказала, што такая самая, як у яго. Цяпер я жартую, што з гадамі станаўлюся ўсё больш падобнай да бацькі.

Першы час пасля стрыжкі я адчувала сябе нібыта без адзення, вучылася прымаць сябе «аголенай». І праз гэтую стадыю прымання я паступова прыходзіла да асэнсавання, што жаноцкасць — гэта не толькі доўгія валасы, вейкі і пазногці. Сёння я адчуваю сябе вельмі гарманічна.

Праўда, на жаль, у нашым грамадстве існуюць стэрэатыпы: калі ў цябе няма даўгіх валасоў, то ты адразу не дзяўчынка. І калі я прыйшла ў цырульню, каб проста пагаліць скронь, мне адмовілі, аргументаваўшы гэта тым, што ў мяне шыкоўныя валасы, і я раблю памылку.

Чамусьці кажуць, што беларусы — вельмі талерантныя, але я на сваім прыкладзе ўпэўнілася, што гэта не так. Талерантныя — толькі тыя з нас, у каго ёсць мазгі.

Я пачула ў свой адрас мільярды смяшкоў і каментарыяў, пачынаючы ад вызначэння маёй арыентацыі, заканчваючы прыналежнасцю да секты.

Мяне запісвалі ў скінхэды, нейкія субкультуры, называлі «маладым хлопцам», пыталіся, калі я гуляла з сяброўкай, ці не пара мы… Ва ўніверсітэце мне не адразу дазволілі выступаць на студэнцкім форуме: бо як найлепшай студэнткай можа быць лысая? А перад выпускным запыталіся: ці не сорамна мне ісці на свята «так»? І няхай я сама зрабіла такі выбар, але ёсць жа людзі, якія хварэюць на рак, не ўяўляю, як ім складана ў такіх сітуацыях.

Карына (у цэнтры) на выпускным.

Дарэчы, неяк я ехала ў грамадскім транспарце, і на мяне звярнула ўвагу дзіця: «Мама, я хачу сабе такую самую стрыжку». На што маці яму адказала: «Табе нельга, ты ж дзяўчынка!». Карацей, людзі ў нас вельмі дзіўныя і любяць лезці з парадамі ў чужое жыццё.

Ва ўсіх вышэйзгаданых сітуацыях разрадзіць абстаноўку дапамагаў гумар. Я аджартоўвалася фразамі накшталт: «Ага, вось пайду служыць». На мой погляд, увогуле нельга маўчаць, калі вам «тыкаюць». Варта ўмець абазначыць свае межы.

Выдатная суперздольнасць, якую якраз выпрацоўвае такая кароткая стрыжка, — уменне не прымаць блізка да сэрца каментары ідыётаў.

Таму я спадзяюся, што ўсе дзяўчаты, якія захочуць пагаліцца, не будуць баяцца крывых поглядаў: памятайце, што справа не ў вас, і нічога не бойцеся.

Кацярына Прус-Анісковіч, дызайнерка брэнда ўпрыгожванняў Vedovka

— Шчыра кажучы, жаданне абрэзаць доўгія валасы прысутнічала ўва мне ўсё свядомае жыццё. Але я адмаўляла сабе ў гэтым. Асабліва востра яно адчувалася ў пераломныя перыяды.

Апошняй моцнай прычынай была сур’ёзная пасляродавая стомленасць цела і душы: хацелася ачысціцца, скінуць з сябе горы думак. Калі я ўзяла ў рукі машынку і пагаліла частку галавы, усё адразу стала на месца. Мне стала куды лягчэй дыхаць і думаць.

Я адразу пачала адчуваць сябе выдатна — раней так не было ніколі. Прыйшло адчуванне лёгкасці, сэксуальнасці, прыгажосці, прастаты, яснасці. І яно да гэтага часу са мной.

Поглядаў у мой бок стала не больш і не менш, чым калі ў мяне былі даўгія валасы. Магчыма, гэта звязана з выбарам творчай прафесіі і манерай апранацца, абіраць упрыгожванні. Людзі і раней маглі рэагаваць эмацыйна на мой вобраз, але і тады, і цяпер я спыняюся і заўважаю толькі пазітыўныя рэакцыі, дзякую і іду з усмешкай далей. Толькі вось бабуля да гэтага часу пытаецца, калі я ўжо адрашчу валасы, хоць і прайшло ўжо некалькі год.

З такой прычоскай я — гэта я. Мінус у яе толькі адзін (які мне падаецца велізарным плюсам): абнаўляць яе трэба кожныя два тыдні. Часам, калі ў мяне асабліва цяжкія дні, я магу напрасіцца на стрыжку і раней. Для мяне гэта — як пачысціць пярынкі і скінуць з сябе негатыўную інфармацыю.

Часам мне сняцца сны, у якіх у мяне даўгія валасы — на дадзеным этапе жыцця гэтага больш, чым дастаткова.

Жаноцкасць і прыгажосць — у першую чаргу ў душы і асаблівым бляску вачэй. У жэстах, дэталях, манеры гаварыць, водары духоў, усмешцы, начытанасці, стаўленні да сабе і людзей. Даўжыня валасоў не мае ніякага значэння ў гэтым пытанні.

Проста трэба глядзець шырэй і бачыць сілу жанчын глыбей. Я, напрыклад, люблю падкрэсліць жаноцкасць ўпрыгожваннямі, якія раблю сама, і дапамагаю ў гэтым многім прыгажуням. Але і гэта — усяго толькі дэталі, якія, як і прычоску, мы выбіраем у залежнасці ад настрою.

Гутарыла Кацярына Карпіцкая, фота з архіваў гераінь

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930