Знайсці
02.01.2019 / 14:572РусŁacБел

Эканамічны суд Мінска вырашыць, ці высяляць з офіса Партыю БНФ 

У Эканамічным судзе Мінска адбылося папярэдняе паседжаньне з нагоды пазову дзяржаўнага прадпрыемства «Домэнэргасэрвіс» супраць Партыі БНФ, піша радыё «Свабода».

Прычына ў запазычанасьцях у аплаце арэнды памяшканьня, у якім ад 2011 году месьціцца штаб-кватэра партыі. Пазоўнік патрабуе скасаваць дамову арэнды ў будынку на вуліцы Чарнышэўскага, 3.

Працэс прызначаны на 16 студзеня.

​Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў перакананы: пагроза пазбаўленьня цэнтральнай сядзібы найстарэйшай апазыцыйнай арганізацыі мае выразны палітычны падтэкст. Пры тым, што партыі няма ў сьпісе нядобрасумленных арандатараў, які публікуе Менгарвыканкам (у той час як там знаходзяцца ляяльныя да дзяржавы Камуністычная партыя Беларусі ды прарасейскае «Братство белорусов и россиян»), атрымана каманда на высяленьне.

Як удакладніў палітык, у судзе прадстаўнікі Партыі БНФ прад'явілі доказы аплаты паводле графіку ліквідацыі запазычанасьцяў. 

«Дзякуючы ахвяраваньням мы сабралі больш за 20 тысяч рублёў на аплату сядзібы, — тлумачыць Рыгор Кастусёў. — Гэта дазволіла нам аплаціць блізу дзьвюх трацінаў ад неабходнай сумы. Я шчыра ўдзячны сотням людзей, якія пералічваюць сродкі — асноўную масу складаюць сумы ад 1 да 50 рублёў. Народная падтрымка дазваляе разьлічваць, што мы зробім усё магчымае, каб захаваць адзіную ў Менску сядзібу пад бел-чырвона-белым сьцягам».

Ахвяраванні для аплаты сядзібы БНФ у Менску можна пералічыць праз сыстэму Разлік (АРІП)/»Расчет» (ЕРИП) у любым банку, праз інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг, інфакіёск, у банкамаце і г.д. Рэквізыты для пералічэньня ахвяраваньняў можна знайсьці на сайце raschet.by (у пошуку паслугаў набіраць БНФ ці код паслугі 4431691).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера